Партыя БНФ » Канфэрэнцыя будучых кандыдатаў у дэпутаты ад БНФ адбылася ў Менску
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Канфэрэнцыя будучых кандыдатаў у дэпутаты ад БНФ адбылася ў Менску

Дададзена 28.02.2016 3:48:49 | 1,424 праглядаў

27 лютага ў сядзібе БНФ адбылася канфэрэнцыя з удзелам сябраў Партыі БНФ, якія плянуюць вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты на маючых адбыцца ў гэтым годзе выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня.

Разам з кіраўніцтвам партыі і партыйнага выбарчага штабу будучыя кандыдаты абмеркавалі тактыку партыі на выбарах, праект партыйнай перадвыбарчай плятформы, юрыдычныя і тэхнічныя аспэкты выбараў, а таксама азнаёміліся з пазытыўным досьведам правядзеньня пасьпяховых фронтаўскіх кампаніяў у часе мінулых выбараў.

Напачатку сустрэчы старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што ва ўмовах нарастаньня сацыяльнай незадаволенасьці грамадзтва правальнай эканамічнай палітыкай уладаў нацыянальна-дэмакратычным сілам вельмі важна дэманстраваць выразную альтэрнатыву існуючай мадэлі развіцьця Беларусі. Лідэр БНФ заявіў пра небясьпеку таго, што прарасейскія сілы спрабуюць цяпер скарыстацца ростам пратэстных настрояў у грамадзтве дзеля ўзмацненьня прарасейскага вектара ў беларускай палітыцы.

Аляксей Янукевіч заявіў, што нягледзячы на наладжваньне стасункаў Лукашэнкі з Захадам умовы правядзеньня выбарчай кампаніі застануцца нязьменныя, і выніковы склад парлямэнту будзе сфармаваны адміністратыўным чынам, незалежна ад вынікаў галасаваньня. Ён назваў спекуляцыямі спадзевы асобных палітыкаў на тое, што “кагосьці з апазыцыі ў палатку прапусцяць, каб спадабацца Захаду”:

“Улады ні ў якім разе не дапусцяць у парлямэнт палітычную апазыцыю, якая будзе альтэрнатывай сёньняшняму аўтарытарнаму рэжыму. Можна чакаць што ў Палаце прадстаўнікоў з ласкі ўладаў могуць апынуцца хтосьці з адэкватных эканамістаў са здаровымі думкамі наконт рэфармаваньня народнай гаспадаркі – але туды ўлады дакладна не прапусьцяць тых, што будзе казаць пра палітыку. Мы, Партыя БНФ, менавіта пра палітыку на гэтых выбарах і будзем казаць, мы будзем прэзэнтаваць сабе як палітычную альтэрнатыву гэтаму рэжыму” – сказаў Аляксей Янукевіч.

Асноўнымі мэсаджамі Партыі БНФ у агітацыйнай кампаніі лідэр БНФ абвесьціў лёзунгі нацыянальнага адраджэньня, абароны незалежнасьці ў эканамічным, палітычным, вайсковым, гуманітарным вымярэньні, супрацьдзеяньне эўразійскай інтэграцыі і садзейнічаньне эканамічным рэформам.

“На гэтых выбарах мы працуем на пэрспэктыву – і гэтая праца важная стратэгічна, таму што набліжае перамены, няўхільна набліжае той момант, калі адбудуцца сапраўдныя выбары. І ва ўмовах будучых свабодных выбараў нам давядзецца змагацца з тымі прарасейскімі сіламі, што падымаюць галаву цяпер у Беларусі, а таксама з рэжымнай наменклатурай, якая за часы дыктатуры назапасіла эканамічны патэнцыял праз карупцыю. І ў гэтым змаганьні нашым галоўным козырам павінная быць цьвёрдасьць перакананьняў, наяўнасьць партыйных структураў і рэпутацыя ідэйнай альтэрнатывы аўтарытарнаму рэжыму.

Другая тактычная задача на выбарах – пацьвердзіць рэпутацыю Партыі БНФ як сілы абароны нацыянальных інтарэсаў. Мы кажам народу праўду – і ўлада вымушаная рэагаваць на нашую крытыку, карэктаваць сваю палітыку. Цяпер улада фальсіфікуе выбары. Але пад ціскам жыцьця, пад нашым ціскам, пад ціскам беларускага грамадзтва яна будзе вымушаная рухаць краіну ў той бок, у які мы хочам” – заявіў лідэр Партыі БНФ.

Аляксей Янукевіч заклікаў быдучых кандыдатаў вылучацца не толькі шляхам партыйнага вылучэньня, але і праз збор подпісаў, які дае дадатковую магчымасьць для правядзеньня пікетаў на карысьць фронтаўскіх каштоўнасьцяў, нават большую ў параўнаньні з пэрыядам афіцыйнай агітацыйнай кампаніі.

Старшыня Партыі БНФ заклікаў будучых кандыдатаў не зважаць на галасы, якія абвінавачваюць удзельнікаў выбарчай кампаніі ў легітымізацыі рэжыму і ў гульні па правілах Лукашэнкі: “Вынікі яўкі на выбарах кантраляваныя ўладамі касмісіі малююць гэтах жа лёгка і безсаромна, як і галасы на карысьць сваіх кандыдатаў. Але гульня па правілах Лукашэнкі – гэта заставацца пасіўным і самаўхіляцца ад барацьбы за розумы людзей” – сказаў Аляксей Янукевіч.

Праект перадвыбарчай плятформы будучым фронтаўскім кандыдатам прэзэнтавалі намесьнікі старшыні Партыі БНФ: Рыгор Кастусёў выклаў палажэньні, датычныя палітычных пераўтварэньняў і абароны незалежнасьці, а Аляксандр Стральцоў распавёў пра прапанаваныя партыяй зьмены ў эканамічнай палітыцы, праграму прыватызацыі, абарону нацыянальнага прадпрымальніцтва і захады па дасягненьні балянсу ў паліўна-энэргетычным сэктары. Кіраўніцтва партыі адказала на пытаньні будучых кандыдатаў што да надзённых выклікаў, зьвязаных з павелічэньнем падаткаў, коштаў ЖКГ, зьбядненьнем насельніцтва. Абмеркаваньне праекту працягваецца ў партыйных структурах партыі, і ў фінальнай вэрсіі перадвыбарчая плятформа БНФ мусіць быць зацьверджаная на сакавіцкім Сойме.

Ад імя партыйнага выбарчага штаба  выступіў сябра Ўправы Партыі БНФ Юрый Чавусаў, які азнаёміў прысутных з графікам кампаніі і тымі задачамі, якія стаяць перад цэнтральным выбарчым штабам і камандамі кандыдатаў. Выступоўца акцэнтаваў увагу на тым, што будучыя выбары будуць першымі выбарамі парлямэнту, якія адбудуцца па абноўленай рэдакцыі выбарчага кодэкса, у які ў 2013 годзе былі ўнесеныя значныя зьмены: агітацыйная кампанія будзе адбывацца зусім без дзяржаўнага фінансаваньня і толькі за кошт сабраных кандыдатамі выбарчых фондаў, у кандыдатаў ад партыі з’явіцца магчымасьць мець сваіх прадстаўнікоў у акруговых выбарчых камісіях з правам дарадчага голасу (але ў ЦВК сваяго прадстаўніка партыя накіраваць больш не мае права), уводзіцца ўзровень абласных камісіяў.

Удзельнікі канфэрэнцыі абмяняліся досьведам пасьпяховага выкарысаньня фронтаўскімі кандыдатамі мінулых выбарчых кампаніяў. Патэнцыйным кандыдатам былі раздадзеныя падрыхтаваныя выбарчым штабам партыі мэтадычныя матэрыялы, Выбарчыя кодэксы ды дапаможнікі па палітычных і прававых аспэктах выбарчай кампаніі.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня павінныя адбыцца не пазьней за верасень 2015 году, найбольш верагоднай датай правядзеньня выбараў з’яўляецца 11 весрасьня. Партыя БНФ плянуе вылучыць звыш за 50 кандыдатаў ва ўсіх абласьцях краіны і ў Менску.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Кастрычнік 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.