Cтатут Партыі БНФСтатут у новай рэдакцыі прыняты VI З’ездам Партыі БНФ 1 снежня 2002 г. Унесеныя змены і дапаўненні ў Статут ад 8 ліпеня 2006 г., ад 11 чэрвеня 2011 г., 10 верасня 2011 г., 19 лістапада 2011 г. Дапаўненні ў выглядзе дадатка №1 унесеныя XIX З’ездам Партыі БНФ 21 верасня 2019 г. СТАТУТ ПАРТЫІ БНФ Мінск 2012 1. Агульныя палажэнні 1. 1. Партыя БНФ ─ гэта палітычная партыя парламенцкага тыпу, мэтай якой з’яўляецца ажыццяўленне Праграмы Грамадскага аб’яднання “БНФ “Адраджэньне” (“БНФ “Адраджэньне”) шляхам удзелу ў фармаванні органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь. 1.2. Поўная назва палітычнай партыі: Партыя БНФ. Скарочаная назва палітычнай партыі: ПБНФ. 1.3. Партыя БНФ дзейнічае ў межах Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях” ды іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з дадзеным Статутам. 1.4. Дзейнасць Партыі БНФ распаўсюджваецца на ўсю тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. 1.5. Партыя БНФ з’яўляецца юрыдычнай асобай, валодае адасобленай маёмасцю, мае самастойны баланс, разліковы і іншыя рахункі ў банках Рэспублікі Беларусь і іншых краін, пячатку, штампы, сімволіку, зарэгістраваную ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку. 1.6. Суполкі арганізацыі Партыі БНФ, якія надзелены правамі юрыдычнай асобы могуць мець пячаткі са сваёй назвай. Пячаткі зацвярджаюцца Соймам Партыі БНФ. 1.7. Кіраванне Партыяй БНФ ажыццяўляецца на аснове прынцыпаў дэмакратызма, законнасці, галоснасці і самакіравання. 1.8. Юрыдычны адрас Партыі БНФ (месца знаходжання кіруючага органа): 220012, Мінск, вул. Чарнышэўскага, 3, п. 39. 2. Мэта, задача, прадмет і метады дзейнасці Партыі БНФ 2.1.Мэтай Партыі БНФ з’яўляецца ажыццяўленне Праграмы Грамадскага аб’яднання “БНФ “Адраджэньне” (“БНФ “Адраджэньне”) шляхам удзелу ў фармаванні органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь. 2.2. Задачай Партыі БНФ з’яўляецца падрыхтоўка да ўдзелу і ўдзел у выбарчых кампаніях дзеля стварэння дэмакратычнай прававой дзяржавы, якая імкнецца забяспечыць актыўны ўдзел грамадзянаў у палітычным жыцці і ў якой найвышэйшай каштоўнасцю для ўсіх органаў улады быў бы закон. 2.3. Прадметам дзейнасці Партыі БНФ з’ўляецца палітычная дзейнасць, якая садзейнічае выяўленню і выражэнню палітычнай волі грамадзян і ўдзел у выбарах. 2.4. Свае мэты і задачы Партыя БНФ ажыццяўляе наступнымі метадамі і ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь: – вылучае кандыдытаў у дэпутаты, у тым ліку адзіным партыйным спісам, калі гэта адпавядае дзейнаму заканадаўству; – падтрымлівае іншых кандыдатаў, якія стаяць на дэмакратычнай платформе; – вядзе перадвыбарчую агітацыю; – афармляе групы (фракцыі) сваіх прыхільнікаў у органах дзяржаўнай улады; – выпрацоўвае наказы дэпутатам, дапамагае ім у дзейнасці; – бярэ ўдзел у грамадскім кантролі за ходам выбарчых кампаніяў; – распрацоўвае перадвыбарчыя праграмы; – распрацоўвае законапраекты; – праводзіць З’езды, канферэнцыі ды іншыя партыйныя сходы; – прымае палітычныя звароты і заявы; – уздзейнічае ў рамках існуючага заканадаўства іншымі дэмакратычнымі метадамі на стан грамадскай думкі; – садзейнічае актывізацыі ўдзелу грамадзянаў у фарміраванні прадстаўнічых органаў і органаў мясцовага самакіравання; – праводзіць навуковыя, палітычныя, метадычныя канферэнцыі, семінары, нарады з прыцягненнем спецыялістаў і прадстаўнікоў іншых грамадскіх і палітычных арганізацыяў. 2.5. Праграмай Партыі БНФ з’яўляецца Праграма Грамадскага аб’яднання “БНФ “Адраджэньне” (“БНФ “Адраджэньне”), зацверджаная З’ездам Партыі БНФ. 3. Удзел у Партыі БНФ 3.1. Сябрамі Партыі БНФ могуць быць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, падзяляюць яе Статут і падтрымліваюць Праграму Грамадскага аб’яднання БНФ Адраджэньне”, незалежна ад нацыянальнасці, веравызнання і сацыяльнага становішча. Прыём у Партыю БНФ ажыццяўляецца паводле пісьмовай заявы на агульным сходзе суполкі ці вышэйстаячым органам, Управай Сойму Партыі БНФ простай большасцю галасоў ад прысутных членаў гэтых органаў. Выключэнне з ліку сябраў Партыі БНФ адбываецца рашэннем органа, які ажыццяўляў прыём у сябры Партыі БНФ, альбо Соймам Партыі БНФ. Сябра Партыі БНФ можа быць выключаны з Партыі, калі ён груба парушае Статут Партыі БНФ ці ганьбіць годнасць сябра Партыі БНФ. Гэтае рашэнне можа быць абскарджана ў вышэйшым выбарным органе Партыі БНФ. 3.2. Сябры Партыі БНФ карыстаюцца правамі: – браць удзел ва ўсіх мерапрыемствах Партыі БНФ; – арганізоўваць мерапрыемствы Партыі БНФ у адпаведнасці з яе Статутам і Праграмай Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”; – абмяркоўваць усе пытанні дзейнасці Партыі БНФ, уносіць прапановы; 3.3. Сябры Партыі БНФ нясуць абавязкі: – быць на ўліку ў суполцы Партыі БНФ, а пры адсутнасці суполкі – у адпаведным вышэйстаячым органе Партыі БНФ; – дамагацца ажыццяўлення мэтаў Партыі БНФ, у тым ліку праз дэпутацкую дзейнасць у органах дзяржаўнай улады. 3.4. Партыя БНФ мае фіксаванае сяброўства. Улік сябраў Партыі БНФ ажыццяўляецца органам, які ажыццяўляў прыём у сябры Партыі БНФ альбо Управай Сойма Партыі БНФ. Улік сяброў ажыцяўляецца на падставе заяваў аб уступленіі ў Партыю БНФ за кошт вядзення адпаведнага спіса членаў Партыі БНФ. Спіс членаў Партыі БНФ падлягае карэкціроўцы на працягу месяца пасля прыняцця ў склад Партыі БНФ новага члена, выключэння з Партыі БНФ, а таксама выхаду з Партыі БНФ. 3.5. Сябрам Партыі БНФ выдаецца пасведчанне сябра Партыі БНФ. Парадак выдачы пасведчанняў вызначаецца Соймам Партыі БНФ. Выдачу пасведчанняў ажыццяўляе Управа Сойму Партыі БНФ. 4. Арганізацыйныя структуры Партыі БНФ 4.1. Партыя БНФ мае наступную арганізацыйную структуру: Тэрытарыяльныя арганізацыі: – раённая (гарадская) арганізацыя Партыі БНФ; – абласная арганізацыя Партыі БНФ. 4.2. Суполка Партыі БНФ можа стварацца пры наяўнасці не менш 3-х сяброў Партыі БНФ. Суполка рэгіструецца ва Управе Сойму Партыі БНФ і падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі альбо пастаноўцы на ўлік у адпаведным дзяржаўным органе па месцы знаходжання арганізацыйнай структуры ў парадку, вызначаным заканадаўствам. Суполка Партыі БНФ дзейнічае на тэрыторыі адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі Рэспублікі Беларусь, дзе яна была зарэгістрвавана альбо пастаўлена на ўлік. 4.3. Вышэйшым органам суполкі з’яўляецца Сход сябраў суполкі. У перыяд паміж сходамі кіраўніцтва суполкай ажыццяўляе Старшыня суполкі, абраны Сходам сябраў суполкі большасцю галасоў членаў Партыі БНФ, якія прысутнічалі на сходзе. Тэрмін паўнамоцтваў Старшыні суполкі – тры гады. 4.4. Суполка Партыі БНФ: – прымае новых сяброў у Партыю БНФ; – выключае з Партыі БНФ; – праводзіць у жыццё палажэнні Праграмы Грамадскага аб’яднання “БНФ “Адраджэньне” (“БНФ “Адраджэньне”), бярэ ўдзел у агульных мерапрыемствах і акцыях, развівае ўласную ініцыятыву; – бярэ удзел ў выбарчай кампаніі, вылучае кандыдатаў у мясцовыя прадстаўнічыя органы і органы мясцовага самакіравання, а таксама ў адпаведныя выбарчыя камісіі, ажыццяўляе назіранне за ходам і вынікамі выбараў, вядзе перадвыбарчую агітацыю; – абірае рэвізора суполкі тэрмінам на тры гады. 4.5. Пры наяўнасці ў раёне 5 альбо болей сябраў Партыі БНФ можа быць створана раённая (гарадская) арганізацыя Партыі БНФ. 4.6. Вышэйшым органам раённай (гарадской) арганізацыі з’яўляецца Агульны сход. У выпадку, калі раённая (гарадская) арганізацыя налічвае больш за 50 сяброў, замест Агульнага схода можа быць праведзена Канферэнцыя. 4.7. Пры наяўнасці ў вобласці (г.Мінску) болей 50-ці сябраў Партыі БНФ можа быць створана абласная (Мінская гарадская) арганізацыя Партыі БНФ. 4.8. Вышэйшым органам абласной (Мінскай гарадской) арганізацыі Партыі БНФ з’яўляецца Канферэнцыя альбо Агульны сход сябраў абласной (Мінскай гарадской) арганізацыі Партыі БНФ. 4.9. Вышэйшы орган тэрытарыяльнай арганізацыі абірае рэвізора (рэвізійную камісію) тэрытарыяльнай арганізацыі. 4.10. Тэрытарыяльная (раённая, гарадская, абласная) арганізацыя рэгіструецца ва Управе Сойму Партыі БНФ, а таксама падлягае адпаведнай рэгістрацыі (пастаноўцы на ўлік) у дзяржаўных органах. 4.11. Тэрытарыяльная арганізацыя Партыі БНФ дзейнічае на адпаведнай тэрыторыі дзеля каардынацыі працы сябраў Партыі БНФ і адпаведных аргструктураў Партыі БНФ. Яе кіроўным органам з’яўляецца Рада тэрытарыяльнай арганізацыі, якая абіраецца вышэйшым органам тэрытарыяльнай арганізацыі тэрмінам на 3 гады. 4.12. Рада тэрытарыяльнай арганізацыі: – прымае новых сяброў у Партыю БНФ; – выключае з Партыі БНФ; – праводзіць у жыццё палажэнні Праграмы Грамадскага аб’яднання “БНФ “Адраджэньне” (“БНФ “Адраджэньне”), бярэ ўдзел у агульных мерапрыемствах і акцыях, развівае ўласную ініцыятыву; – бярэ удзел ў выбарчай кампаніі, вылучае кандыдатаў у мясцовыя прадстаўнічыя органы і органы мясцовага самакіравання, адпаведныя выбарчыя камісіі, ажыццяўляе назіранне за ходам і вынікамі выбараў, вядзе перадвыбарчую агітацыю; – абірае рэвізійны орган (рэвізора альбо рэвізійную камісію) тэрытарыяльнай арганізацыі тэрмінам на тры гады. Рада тэрытарыяльнай арганізацыі абірае Старшыню Рады тэрытарыяльнай арганізацыі на тэрмін дзейнасці Рады тэрытарыяльнай арганізацыі. Старшыня тэрытарыяльнай арганізацыі: – прадстаўляе арганізацыю ў дзяржаўных органах; – падпісвае ад яе імя звароты і заявы; – ажыцяўляе аператыўнае кіраванне арганізацыяй; – склікае нечарговае паседжанне Рады тэрытарыяльнай арганізацыі. 4.13. Сходы і канферэнцыі ўсіх узроўняў склікаюцца з ініцыятывы Старшыні суполкі або адпаведнай Рады тэрытарыяльнай арганізацыі, па рашэнні вышэйстаячага органа ці на патрабаванне адной трэцяй усіх сябраў суполкі альбо тэрытарыяльнай арганізацыі. Скліканне вышэйшых органаў арганізацыйных структураў Партыі БНФ адбываецца па меры неабходнасці, але не радзей чым 1 раз на год. Сходы і канферэнцыі ўсіх узроўняў, а таксама тэрытарыяльныя Рады прымаюць рашэнні простай большасцю галасоў. Рашэнні могуць быць абскарджаны ў вышэйстаячым выбарным органе. 4.14. Вышэйшы орган арганізацыйнай структуры прымае рашэнні, абавязковыя для органаў арганізацыйнай структуры і яе сябраў. 4.15. Рэвізійны орган тэрытарыяльнай арганізацыі альбо суполкі кантралюе фінансавую дзейнасць адпаведнай арганізацыйнай структуры, ажыццяўляе ўнутраны кантроль за адпаведнасцю яе дзейнасці заканадаўству і Статуту. 4.16. Тэрытарыяльныя арганізацыі і суполкі могуць мець правы юрыдычнай асобы, права на выдавецкую дзейнасць у адпаведнасці з заканадаўствам. 4.17. Ліквідацыя арганізацыйнай структуры Партыі БНФ адбываецца па рашэньні Сойма Партыі БНФ у выпадках: – калі колькасць членаў Партыі БНФ, якія стаяць на ўліку ў канкрэтнай аргструктуры, стала меншай за тую, што ўказана ў п.п.4.2, 4.5 і 4.7 дадзенага Статута; – калі канкрэтная аргструктура дапусціла грубае ці неаднаразовае парушэнні патрабаванняў заканадаўства ці Статута. 4.18. Пасяджэнні вышэйшых і кіруючых органаў тэрытарыяльных арганізацый Партыі БНФ могуць праводзіцца ў рэжыме анлайн з выкананнем правілаў справаводства і палажэнняў дадзенага Статута. 5. Органы Партыі БНФ 5.1. Усе кіруючыя органы Партыі БНФ і яе аргструктураў з’яўляюцца выбарнымі, дзейнічаюць на прынцыпах поўнай публічнасці і калегіяльнасці. Кіруючым органам Партыі БНФ з’яўляецца Сойм. Выканаўчым органам Сойму Партыі БНФ з’яўляецца Управа Сойму Партыі БНФ. 5.2. Вышэйшым органам Партыі БНФ з’яўляецца З’езд, які збіраецца не радзей чым адзін раз на тры гады. Пры неабходнасці можа быць скліканы нечарговы З’езд на патрабаванне Сойму ці двух трэцяў усіх тэрытарыяльных Радаў не пазней, чым у месячны тэрмін. Дэлегаты З’езду абіраюцца вышэйшымі органамі арганізацыйных структураў Партыі БНФ, згодна з нормай прадстаўніцтва, якую вызначае Сойм Партыі БНФ. У адміністратыўна – тэрытарыяльных адзінках Рэспублікі Беларусь, дзе няма зарэгістраваных аргструктураў Партыі БНФ, могуць праводзіцца агульныя сходы сябраў партыі, якія вылучаюць дэлегатаў З’езда згодна з нормай прадстаўніцтва, вызначанай Соймам Партыі БНФ. 5.3. З’езд Партыі БНФ: – прымае рашэнне пра стварэнне Партыі БНФ, яе рэарганізацыю альбо ліквідацыю; – абмяркоўвае ды прымае рашэнні па прынцыповых пытаннях дзейнасці Партыі БНФ, зацвярджае асноўныя накірункі яе дзейнасці; – абірае таемным галасаваннем на тры гады з ліку членаў Партыі БНФ Сойм, Старшыню Партыі БНФ ды яго намеснікаў, Рэвізійную камісію, заслухоўвае іх справаздачы; – вылучае кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Партыі БНФ. З’езд можа прыняць да разгляду любое іншае пытанне статутнай дзейнасці Партыі БНФ. Рашэнні З’езду прымаюцца галасаваннем большасцю галасоў прысутных дэлегатаў пры наяўнасці не менш чым 2/3 дэлегатаў. 5.4. Сойм Партыі БНФ з’яўляецца кіруючым органам Партыі БНФ паміж З’ездамі Партыі БНФ. Склад Сойму абіраецца З’ездам у колькасьці не менш за дванаццаць чалавек. Колькасны склад Сойму вызначаецца З’ездам. Сойм Партыі БНФ склікаецца з ініцыятывы Старшыні Партыі БНФ не радзей чым раз на два месяцы. 5.5.Сойм Партыі БНФ: – склікае З’езд Партыі БНФ і вызначае норму прадстаўніцтва на ім, а таксама парадак абрання дэлегатаў; – арганізуе перадвыбарчую агітацыю за кандыдатаў сябраў Партыі БНФ ў адпаведнасці з патрабаваннем выбарчага заканадаўства; – вылучае прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі; – арганізуе назіранне за ходам і вынікамі выбараў; – прымае рашэнні аб зваротах у дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь, робіць заявы па найважнейшых пытаннях грамадскага жыцця, – фармуе Управу Сойму Партыі БНФ і вызначае рэгламент яе працы, – зацвярджае кіраўнікоў і склад секцыяў, камісіяў і групаў па пытаннях статутнай дзейнасці; – прымае ў лік сябраў Партыі БНФ і выключае з ліку сябраў Партыі БНФ; – распараджаецца маёмасцю Партыі БНФ; – прымае іншыя рашэнні ў межах сваіх паўнамоцтваў. Рашэнні Сойму прымаюцца адкрытым галасаваннем большасцю галасоў пры наяўнасці не меньш паловы сябраў Сойму. Пасяджэнні Сойму могуць праводзіцца ў рэжыме анлайн з выкананнем правілаў справаводства і палажэнняў дадзенага Статута. 5.6. Управа Сойму Партыі БНФ – выканаўчы орган Партыі БНФ. 5.7. Управа Сойму – выканаўчы орган Партыі БНФ: – забяспечвае практычнае выкананне рашэнняў З’езду і Сойму Партыі БНФ; – каардынуе дзейнасць суполак, тэрытарыяльных арганізацыяў, Радаў, камісіяў ды іншых органаў Партыі БНФ; – ладзіць сувязь з грамадскімі арганізацыямі і дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь; – рэгіструе суполкі і тэрытарыяльныя арганізацыі, надае ім статус юрыдычнай асобы; – вырашае іншыя пытанні дзейнасці партыі у прамежках паміж пасяджэннямі Сойму. Управа Сойму Партыі БНФ знаходзіцца ў Мінску. 5.8. Па рашэнні Сойму Партыі БНФ могуць фармавацца секцыі і камісіі Сойму Партыі БНФ па напрамках статутнай дзейнасці Партыі БНФ у складзе, вызначаным Соймам. Секцыі і камісіі Сойму Партыі БНФ абагульняюць і распрацоўваюць для пасяджэнняў Сойму і З’езду прапановы, праекты рашэнняў. Секцыі і камісіі Сойму Партыі БНФ рэгіструюцца ва Управе. Тэрмін паўнамоцтваў секцыяў і камісіяў – 2 гады. Пасяджэнні камісіяў і секцыяў адбываюцца па меры неабходнасці з ініцыятывы кіраўнікоў секцыяў і камісіяў, але не радзей чым раз на год. 5.9. Рэвізійная камісія Партыі БНФ абіраецца З’ездам у складзе не меньш чым трох сяброў Партыі БНФ на тэрмін 3 гады і падсправаздачная толькі З’езду. Рэвізійная камісія кантралюе фінансавую дзейнасць Партыі БНФ, ажыццяўляе ўнутраны кантроль за адпаведнасцю дзейнасці Партыі БНФ заканадаўству і Статуту. Старшыня Рэвізійнай камісіі абіраецца сябрамі камісіі простай большасцю галасоў прысутных членаў Рэвізійнай камісіі. Пасяджэнні Рэвізійнай камісіі Партыі БНФ адбываюцца з ініцыятывы старшыні Рэвізійнай камісіі альбо Старшыні Партыі БНФ па меры неабходнасці, але не радзей чым раз на год. Пасяджэнні Рэвізійнай камісіі правамоцныя, калі ў іх працы прымае ўдзел больш паловы членаў Рэвізійнай камісіі. У выпадку, калі па таму ці іншаму пытанню колькасць галасоў “за” і “супраць” аказалась аднолькавай, прымаецца тое рашэнне, за якое прагаласаваў Старшыня Рэвізійнай камісіі. 5.10. У складзе арганізацыйных структур могуць знаходзіцца толькі сябры Партыі БНФ. Не дазваляецца адначасовае заняццё сябрам Партыі БНФ пасадаў у кіруючым і кантрольна-рэвізійным органе партыі, яе арганізацыйных структур. 5.11. Усе пасяджэнні калегіяльных органаў афармляюцца пратаколамі. Рашэнні калегіяльных органаў могуць быць абскарджаныя вышэйшаму органу Партыі БНФ. Рашэнне З’езда з’яўляецца канчатковым. 5.12. Старшыня Партыі БНФ з’яўляецца кіраўніком юрыдычнай асобы, без даверанасці дзейнічае ад яе імя ў межах, вызначаных гэтым Статутам, рашэннямі З’езда, Сойма Партыі БНФ. Старшыня Партыі БНФ: – склікае Сойм Партыі БНФ, ініцыюе пасяджэнні Рэвізійнай камісіі Партыі БНФ; – адчыняе рахункі Партыі БНФ у банках; – заключае дамовы і пагадненні ад імя Партыі БНФ; – размяркоўвае абавязкі паміж намеснікамі Старшыні Партыі БНФ; – прымае рашэнні па іншых пытанннях аператыўнага кіравання бягучай працай Партыі БНФ, што не належаць да кампетэнцыі іншых органаў Партыі БНФ і яе арганізацыйных структур. Старшыня Партыі БНФ можа датэрмінова спыніць свае паўнамоцтвы па ўласным жаданні. У гэтым выпадку ім падаецца матываваная пісьмовая заява на адрас Сойму, якая павінна быць разгледжана на пасяджэнні Сойму Партыі БНФ на працягу не больш чым аднаго месяца з дня падачы адпаведнай заявы, пасля чаго Сойм прымае рашэнне аб наданні аднаму з намеснікаў Старшыні Партыі БНФ паўнамоцтваў часова выконваць абавязкі Старшыні Партыі БНФ і склікае З’езд Партыі БНФ. Адна асоба не можа займаць пасаду Старшыні Партыі БНФ больш чым два тэрміны запар. 6. Маёмасць Партыі БНФ 6.1. Партыя БНФ можа мець ва ўласнасці любую маёмасць, неабходную для матэрыяльнага забеспячэння яе статутнай дзейнасці,за выключэннем аб’ектаў, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам могуць знаходзіцца толькі ва ўласнасці дзяржавы. 6.2. Грашовыя сродкі (у тым ліку ў замежнай валюце) Партыі БНФ захоўваюцца на разліковых і бягучых банкаўскіх рахунках. 6.3. Грашовыя сродкі Партыі БНФ могуць складацца з: – уступных і сяброўскіх унёскаў; – з паступленняў ад мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў статутных мэтах; – з даходаў ад выкарыстання маёмасці, выдавецкай дзейнасці, распаўсюду друкаваных выданняў і публікацыяў; – з ахвяраванняў і дарэнняў; – з іншых крыніцаў, не забароненых заканадаўствам. 6.4. Маёмасць Партыі БНФ выкарыстоўваецца ў адпаведнасці са статутнымі мэтамі і заканадаўствам: – на выданне і распаўсюджванне літаратуры, якая стасуецца з Праграмай Грамадскага аб’яднання “БНФ “Адраджэньне”; – на арэнду памяшканняў, набыццё неабходнай маёмасці; – на камандзіровачныя выдаткі; – на ўтрыманне штатнага персаналу; – на арганізацыю мітынгаў і дэманстрацыяў, іншых масавых мерапрыемстваў; – на іншыя не забароненыя задканадаўствам мэты. 6.5. Маёмасцю Партыі БНФ распараджаецца Сойм Партыі БНФ. Маёмасць, якой карыстаюцца аргструктуры Партыі БНФ, знаходзіцца ва ўласнасці Партыі БНФ. Кіруючыя органы аргструктураў самастойна не могуць распараджацца гэтай маёмасцю. 7. Спыненне дзейнасці Партыі БНФ 7.1. Рашэнне пра спыненне дзейнасці Партыі БНФ прымае яе З’езд, калі за гэтае рашэнне прагаласуюць 9/10 яго дэлегатаў, якія прысутнічаюць на З’ездзе. Рашэнне аб ліквідацыі Партыі БНФ можа таксама прыняць Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь. Пры спыненні дзейнасці Партыі БНФ яе грашовыя сродкі і іншая маёмасць выкарыстоўваюцца ліквідацыйнай камсіяй для пагашэння даўгоў згодна з заканадаўствам. Маёмасць, якая засталася пасля разлікаў з крэдыторамі, накіроўваецца на статутныя мэты. Дакументы Партыі БНФ ва ўстаноўленым парадку, ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, здаюцца ва ўстановы Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь па месцы знаходжання юрыдычнага адраса Партыі БНФ. Прыняты 1-ым З’ездам Партыі Беларускага Народнага Фронту 30 мая 1993 г. Статут у новай рэдакцыі прыняты VI З’ездам Партыі БНФ 1 снежня 2002 г. |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|