Пры вызначэньні кірункаў нашай дзейнасьці ды ў сваім плянаваньні мы грунтуемся перадусім на рашэньнях, якія былі прынятыя Зьездам Партыі БНФ у 2017 годзе. Яны адлюстроўваюць нашую прыхільнасьць палітычнаму курсу:
- на ўмацаваньне ўласнай палітычнай, каштоўнаснай, ідэйнай ідэнтычнасьці;
- на пазыцыянаваньне Партыі БНФ як галоўнай нацыянальнай, незалежніцкай і кансэрватыўнай сілы ў Беларусі;
- на гуртаваньне вакол сябе арганізацыяў, суполак ды асобаў з блізкімі поглядамі;
- на каштоўнаснае ды інфармацыйнае дыстанцыяваньне ад састарэлых неэфэктыўных мэтадаў, аб’яднаньняў ды асобаў з шэрагаў апазыцыі, якія пазбаўленыя прабеларускага духу.
Найбліжэйшыя гады мы разглядаем як цэласны палітычны цыкль, кульмінацыяй якога будуць прэзыдэнцкія і парляманцкія выбары ў 2020, альбо ў 2019 годзе.
Мы зыходзім з таго, што найбліжэйшыя парляманцкія і прэзыдэнцкія выбары ня будуць свабоднымі ды сумленнымі. Мы бачым надзвычай важнай і рэалістычнай мэтай гэтага працэсу дасягнуць ўзроўню падтрымкі ў грамадзтве для Партыі БНФ і яе лідэраў (старшыні, кандыдата ў прэзыдэнты, мясцовых лідэраў) дастаткова высокай, каб забясьпечыць крытычна важны для краіны палітычны ўплыў, у тым ліку магчымасьці:
- мець ключавыя ролі ва ўнутраным дыялёгу (нават калі такі будзе адбывацца не наўпрост, а завочна);
- эфэктыўней прасоўваць каштоўнасьці нацыянальнай салідарнасьці, незалежнасьці;
- урэшце, большыя магчымасьці дамагацца сумленнага падліку галасоў, ды вольных умоваў агітацыі.
Сёньня Партыя БНФ ёсьць адзінай палітычнай сілай, якая пасьлядоўна выступае ў абарону нацыянальных інтарэсаў беларускага народу, пры гэтым прынцыпова ня хіліцца пад уплывамі ані з боку дзяржавы, ані з боку міжнародных лябісцкіх структураў, і мае значны чалавечы патэнцыял. Мы ўсьведамляем, што пагроза крамлёўскага рэваншызму істотна вырасла. Масква актыўна імкнецца выгадаваць варожыя беларускай дзяржаўнасьці арганізацыі і групоўкі ў нашай краіне, займаецца вярбоўкай і прапагандай. Гэта вельмі сур’ёзны выклік. Таму ў найбліжэйшыя часы, праца на павелічэньне нашага ўплыву ў грамадзтве будзе, фактычна, фундамэнтальнай часткай стратэгіі абароны і ўмацаваньня незалежнасьці. Працай, якая можа перадвызначыць лёсы краіны і нашых нашчадкаў. Ніхто ня можа зрабіць гэтага замест нас.
Мэты на 2018-2020 гг.:
- Сфармаваць вакол БНФ шырокі нацыянальны фронт, у якім будзе месца і праца для кожнага, хто матываваны нацыянальнай ідэяй.
- Павялічыць інтэнсіўнасьць, а галоўнае эфэктыўнасьць кантакту з грамадзтвам, абараняць нацыянальныя, эканамічныя і сацыяльныя інтарэсы беларускага народу як на ўзроўні краіны, так і ў мясцовых супольнасьцяў. Выйсьці на ўзровень грамадзкай падтрымкі нашых пазыцыяў 30%.
- Нацыянальныя кансэрватыўныя сілы на чале з БНФ павінныя мець сталы кантакт і падтрымку з боку нацыянальнага бізнэсу.
- Кіраваныя і аплачаныя Крамлём антыбеларускія прапагандыскія рэсурсы ў Беларусі, вынікам дзейнасьці якіх ёсьць падрыў незалежнасьці нашай краіны, павінныя быць выкрытыя і маргіналізаваныя.
- Дамагчыся зьмяншэньня вагі і уплываў на Беларусь кіраваных Крамлём структураў, якія дзейнічаюць супраць нацыянальных інтарэсаў нашае краіны.
- Дамагчыся больш актыўнага далучэньня Беларусі да супрацы з эўраатлянтычнай супольнасьцю.
Кірункі працы з грамадзтвам:
I. Абарона ды ўмацаваньне незалежнасьці,
- падрыхтоўка ды арганізацыя мерапрыемстваў дзеля адзначэньня 100 угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР цягам 2018 году, а таксама ўгодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР у 2019 і 2020 гг.;
- кампанія супраць працягу дамовы на разьмяшчэньне ў Беларусі расейскіх вайсковых аб’ектаў.
II. Умацаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці,
- кампанія за пашырэньне рэальнага патрыятычнага выхаваньня ў беларускім войску, за перавод выхаваўчай працы ў войску на беларускую мову ў якасьці першага этапу да поўнага пераводу на беларускую мову ўсёй жыцьцядзейнасьці беларускага войска (служба, баявая работа, тэхнічнае абслугоўваньне і г.д.);
- кампанія за зьмены ў Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі ў адпаведнасьці з Праграмай Партыі БНФ;
- кампанія за беларусізацыю сістэмы адукацыі ўсіх узроўняў і формаў;
- кампанія па дэкамунізацыі і дэсаветызацыі Беларусі.
III. Пашырэньне нацыянальных, незалежніцкіх і кансэрватыўных перакананьняў у грамадзтве,
- кампанія ў падтрымку сям’і;
- кампанія за ўмацаваньне самаўсьведамленьня беларусаў як адказных грамадзянаў — гаспадароў свайго краю;
- кампанія ў абарону і за пашырэньне ўжываньня гістарычных нацыянальных сымбаляў.
IV. Фармаваньне ініцыятыўнай групы партыйнага кандыдата на прэзыдэнта Аляксея Янукевіча, якая мусіць уключаць у сябе кола шырэйшае за палітычных актывістаў, ды актыўная падрыхтоўка да збору 120 тысячаў подпісаў,
- фармаваньне нацыянальнага ды рэгіянальных штабоў;
- падрыхтоўка выбарчай плятформы Партыі БНФ на прэзыдэнцкія і парляманцкія выбары 2019-2020 гг.
V. Фармаваньне партыйнага сьпісу кандыдатаў на выбарах у Палату Прадстаўнікоў на 101 акругу.
VI. Спрыяньне нацыянальнаму абуджэньню беларускае моладзі, актывізацыя ды заахвочваньне моладзі да грамадзка-палітычнай дзейнасьці пад лідэрствам Моладзі БНФ.
VII. Распрацоўка на базе партыйнай праграмы ды папулярызацыя ў грамадзтве канцэпцыяў разьвіцьця найбольш важных сфэраў жыцьця краіны і грамадзтва (рост ВУП і заробкаў, адукацыя, мэдыцына, падтрымка сем’яў, нацыянальная бясьпека, ІСТ сэктар, ЖКГ ды інш.); падрыхтоўка і прасоўваньне асобных законапраектаў, альбо прапановаў зьменаў у заканадаўстве.
VIII. Абарона інтарэсаў малога ды сярэдняга бізнэсу.
IX. Распрацоўка ды пашырэньне ў грамадзтве канцэпцыяў рэгіянальнага (Міжмор’е) ды эўраатлянтычнага супрацоўніцтва як міжнародных падставовых умоваў бясьпекі ды дабрабыту нашага народу.
X. Пашырэньне кантактаў ды супрацоўніцтва з асобнымі агульнанацыянальнымі ды лякальнымі групамі ў грамадзтве (СМІ, экспэрты, цэрквы, НДА, заўзятары спорту, актывісты аховы жывёлаў ды інш.)
XI. Лякальныя сацыяльна-эканамічныя кампаніі.
Кірункі ўнутрыпартыйнай працы:
I. Партыйнае навучаньне:
- ідэалёгія і праграма Партыі БНФ;
- партыйнае будаўніцтва;
- нашыя адказы на выклікі сучаснасьці;
- інфармацыйная праца;
- правядзеньне кампаніяў.
II. Умацаваньне дзеючых ды стварэньне новых рэгіянальных структураў:
- сустрэчы нацыянальнага кіраўніцтва ў структурах;
- мясцовыя кампаніі.
III. Прыцягненьне новых сябраў у партыю.
IV. Удасканаленьне вонкавай інфармацыйнай працы:
- сацыяльныя сеткі;
- рэпрэзэнтацыйныя партыйныя матэрыялы (у тым ліку і традыцыйныя улёткі, буклеты, так і новыя мэдыі, ды нестандартныя формы);
- артыкулы;
- відэа.
V. Удасканаленьне ўнутранай інфармацыйнай працы ды партыйнай камунікацыі:
- абнаўленьне электронных базаў;
- электронныя рассылкі.
VI. Удасканаленьне сыстэмы фандрэйзынгу.
VII. Разьвіцьцё Моладзі БНФ, больш шчыльная інтэграцыя нацыянальных ды рэгіянальных лідэраў Моладзі БНФ у дзейнасьць структураў партыі.
Кірункі міжнароднай дзейнасьці:
I. Умацаваньне супрацоўніцтва ды павелічэньне ролі партыі БНФ у Альянсе кансэрватараў ды рэфармістаў (ACRE), ды Міжнародным Дэмакратычным Зьвязе (IDU).
II. Пашырэньне двухбаковага супрацоўніцтва з партнэрскімі ды сястрынскімі партыямі (польская PiS, брытанская Conservative Party, чэская ODS, латвійская TB/LNNK, Рэспубліканская партыя ЗША).
III. Удасканаленьне працы з міжнароднымі арганізацыямі, міністэрствамі замежных справаў ды парлямэнтамі краінаў Эўропы, ЗША, Канады ды інш;Удасканаленьне інфармацыйнай працы партыі ў міжнародным полі (уключна з працай з журналістамі замежных СМІ).
IV. Пашырэньне і ўмацаваньне працы з беларускай дыяспарай у замежжы.