Партыя БНФ » Замест павышэньня пэнсійнага ўзросту – сапраўдную рэформу
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Замест павышэньня пэнсійнага ўзросту – сапраўдную рэформу

Дададзена 04.05.2016 4:55:59 | 1,062 праглядаў

Палітычная камісія Партыі БНФ прыняла заяву з нагоды рашэньня ўладаў пра павышэньне пэнсійнага ўзросту. У заяве агучанае патрабаваньне скасавньня ўказаў № 534 ад 31.12.2015 і № 137 ад 11.04.2016 і стварэньня ўрадавай працоўнай групы па распрацоўцы агульнай рэформы пэнсійнай сыстэмы ў краіне.

Заява палітычнай камісіі Партыі БНФ

11 красавіка 2016 г. кіраўнік дзяржавы падпісаў указ № 137 з прэтэнцыёзнай назвай “Аб удасканаленьні пэнсійнага забеспячэньня”. Насамрэч, згодна з гэтым дакумэнтам, усё “ўдасканаленьне” зводзіцца да падвышэньня пэнсійнага ўзросту для грамадзянаў Рэспублікі Беларусь.

З улікам таго, што нядаўнім указам № 534 ад 31.12.2015 мінімальны стаж працы для прызначэньня пэнсіі быў павялічаны з 5 да фактычна 20 гадоў, а таксама выключаныя са стажу для вызначэньня права на працоўную пэнсію па ўзросьце тэрміновая служба ў войску, дэкрэтны адпачынак і вучоба ў ВНУ, Партыя БНФ канстатуе, што ўлада чарговы раз імкнецца перакласьці вырашэньне сваіх фінансавых праблемаў, выкліканых правядзеньнем шматгадовай неэфектыўнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі, на плечы грамадзянаў нашай краіны.

Замест даўно насьпелай комплекснай рэформы пэнсійнага забесьпячэньня, галоўным кірункам якой меўся бы быць пераход ад так званай “салідарнай” сыстэмы да накапляльнай, цяперашняе кіраўніцтва дзяржавы хоча істотна зьменшыць і расьцягнуць у часе свае абавязкі перад грамадзянамі па выплатах з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Такім чынам яно хоча і надалей бескантрольна карыстацца тымі назапашанымі ў ФСАН грашыма, якія штомесяц у вялікім аб’ёме спаганяюцца з працоўных.

Пры гэтым такія сур’ёзныя рашэньні, якія датычацца ўсяго насельніцтва краіны і вядуць да істотнага пагаршэньня якасьці жыцьця, традыцыйна прынятыя без шырокага грамадзкага абмеркаваньня і ў поўным супярэчаньні з тымі дэклярацыямі, якія сыходзілі ад уладаў яшчэ некалькі месяцаў таму.

У сувязі з гэтым, Партыя БНФ выказвае сваю рашучую нязгоду з уведзенымі вышэйзгаданымі ўказамі зьменамі ў пэнсійнае заканадаўства і патрабуе:

-        адмяніць дзеяньні ўказаў № 534 ад 31.12.2015 і № 137 ад 11.04.2016;

-        стварыць працоўную групу пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь па распрацоўцы агульнай рэформы пэнсійнай сыстэмы ў краіне з удзелам спецыялістаў у гэтай галіне з урадавых арганізацыяў, навуковых установаў, а таксама зацікаўленых палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў;

-        падрыхтаваныя працоўнай групай прапановы вынесьці на шырокае грамадзкае абмеркаваньне;

-        асноўныя палажэньні прапанаванай і абмеркаванай такім чынам пэнсійнай рэформы вынесьці на агульнанацыянальны рэфэрэндум.

Партыя БНФ выказвае гатоўнасьць прыняць актыўны ўдзел у працы названай працоўнай групы, а таксама будзе заклікаць грамадзянаў Рэспублікі Беларусь падтрымаць тыя прапановы па рэфармаваньні пэнсійнай сыстэмы, якія будуць выкладзеныя ў Выбарчай плятформе Партыі БНФ да парляменцкіх выбараў 2016 году.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.