Прыйдзе час – сымбалямі перамогі стане Пагоня і бел-чырвона-белы сьцягДададзена 08.05.2016 12:10:24 | 1,354 праглядаў Бабруйскі гарвыканкам «рэкамэндаваў» арганізатарам аўтапрабегу да Дня перамогі «Спасибо деду за Победу» не выкарыстоўваць георгіеўскіх стужак і расейскай сымболікі. Згадка пра гэта апублікаваная ў сацыяльнай сетцы «В контакте» арганізатарамі аўтапрабегу на старонцы групы «Аўтаканал Бабруйск». Арганізатары заяўляюць, што афіцыйна забароны выкарыстоўваць георгіеўскую стужку і расейскую сымболіку ўдзельнікамі аўтапрабегу няма, але «ёсьць рэкамэндацыя». «Мы чэсна кажучы не ўдакладнялі пытаньня чаму яны гэтага ня хочуць. Мы чулі, што яшчэ летась адміністрацыя адмовілася ад георгіеўскай стужкі, — камэнтуе сытуацыю адзін з арганізатараў аўтапрабегу. — Мы не хацелі канфлікту з уладаю і пагадзіліся зь ёю». Суразмоўца заўважае, што «рэкамэндацыя» чыноўнікаў вымусіла арганізатараў аўтапрабегу зазірнуць у гісторыю георгіеўскай стужкі і яе выкарыстаньня як сымбаля перамогі. «Яшчэ дзесяць год таму сымбалем перамогі быў чырвоны колер і асабліва ніхто не выкарыстоўваў у якасьці сымбаля памяці георгіеўскую стужку. Для сябе мы пастанавілі, што якім будзе сымбаль — для нас неістотна: галоўнае павіншаваць вэтэранаў, наведаць помнікі і данесьці да маладога пакаленьня гісторыю пра перамогу. А георгіеўская стужка, як сымбаль, прыйшла да нас толькі дзесяць год таму». Вэтэран вайны, літаратар, сябра Беларускага Народнага Фронту Фэлікс Шкірманкоў мае ўзнагароды з георгіеўскай (гвардзейскай) стужкай, у тым ліку на мэдалі за «Перамогу над фашысцкай Нямеччынай». Даводзячы сваё цяперашняе стаўленьне да гэтага сымбалю, адзначае: ён стаў сымбалем расейскіх імпэрскіх памкненьняў. «Я разумею ўкраінцаў ці грамадзян краін Балтыі, якія ў штыкі ўспрымаюць ўсё, што сыходзіць з Расеі, — кажа вэтэран. — У іх ёсьць на тое грунтоўныя прычыны. Да Беларусі ж Расея пакуль падыходзіць асьцярожна…». ![]() На пытаньне, якія мусяць быць сымбалі перамогі ў Беларусі, Фэлікс Шкірманкоў адказвае: «Прыйдзе час, калі ў Беларусі сымбалямі перамогі стане бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня. Да сёньняшніх дзяржаўных сымбаляў, я, як законапаслухмяны грамадзянін, стаўлюся з павагаю, але не ўспрымаю іх за сапраўдныя. Яны — прыдумка тых, каму ніякай няма справы да гісторыі нашага народу і яго каштоўнасьцяў. Разам з тым гісторыя сьцьвярджае, што перамога над фашызмам была дасягнутая пад чырвоным сьцягам і на грудзёх салдат былі ордэны славы з гвардзейскай стужкай. Гэта, аднак, ня значыць, што такая сымболіка мусіць застацца, бо Савецкага Саюзу ўжо няма, і разам зь ім зьнікла і ягоная сымболіка». ![]() Старшыня Таварыства Беларускай мовы Алег Трусаў нагадвае, што негалосную забарону выкарыстоўваць георгіеўскую стужку пад час урачыстасьцяў да Дня перамогі ўвялі летась. На ягоную думку, цяпер такой сымболікі значна паменела: «За прамінулы год «Русский мир» зубы паказаў яшчэ больш, і цяпер «нам з «Русским миром» не па дарозе, бо ў Расеі «грошы скончыліся». «Цяпер мы не сябры «Русского мира» і «на «пабягушках бегаць ня будзем», таму зьнікаюць і георгіеўскія стужкі, — выказваецца кіраўнік ТБМ. — Зьвярніце ўвагу, што прадавачкі, супрацоўнікі мэтро і чыгункі пачапілі афіцыйную сымболіку зь яблыневым цьветам — і нічога сабе глядзіцца. Я да прадавачкі падышоў і пацікавіўся, ці бясплатна гэта вам далі, а яна мне адказвае: «Змусілі купіць». На думку суразмоўцы, чыноўнікі, забараняючы георгіеўскую стужку, выконваюць загады «зьверху», пры гэтым не асабліва ўсьведамляючы пагрозаў, якія нясе гэты сымбаль дзяржаўнасьці Беларусі: «Яны выконваюць загады адміністрацыі прэзыдэнта. Загадаюць ім сінюю стужку насіць — і назаўтра ўсе яе будуць насіць. Я ня думаю, што яны такія ўжо змагары за дзяржаўнасьць. А загад „зьверху“ яны разумеюць. Ня выканаеш — і прэміі пазбудзесься, як мінімум. А з другога боку, гэты яблыневы цьвет куды прыгажэй глядзіцца, ды й людзям падабаецца». Паводле Радыё Свабода |
|
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|