Партыя БНФ » Беларусам патрэбны сапраўдны парлямэнт, а не імітацыйны ‘усенародны сход’
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Беларусам патрэбны сапраўдны парлямэнт, а не імітацыйны ‘усенародны сход’

Дададзена 18.06.2016 9:34:12 | 1,392 праглядаў

Чэрвеньскі Сойм Партыі БНФ прыняў палітычную заяву з нагоды скліканьня гэтак званага Усебеларускага народнага сходу.

Новая растравая выява

Палітычная заява Сойму Партыі БНФ

18 чэрвеня 2016г.

 Беларусам патрэбны сапраўдны парлямэнт, а не імітацыйны “усенародны сход”

Неўзабаве з ініцыятывы Аляксанра Лукашэнкі ў Менску адбудзецца гэтак званы Усебеларускі народны сход. Дваццаць год таму гэтым неканстытуцыйным органам дзеючы прэзідэнт намагаўся легітымізаваць скасаваньне рэальнага парлямэнтарызму ў Беларусі. Пазьней гэты сход яшчэ тройчы зьбіраўся ў якасьці перадвыбарчага шоў, пакліканага зрабіць дэманстрацыю агульнанароднай падтрымкі напярэдадні чарговых выбараў прэзідэнта.

Але ў 2015 годзе у часе чарговых выбараў прэзідэнта гэты “сход” не быў праведзены – яго зьбіраюць цяпер, напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў.

Прычына пераносу сходу відавочная: ня выкананы ніводны з фінансава-гаспадарчых паказчыкаў, якія на сходзе 2010 году былі зацьверджаныя ў якасьці пляну. Банкруцтва арыентаванай на Расею аўтарытарнай эканамічнай мадэлі відавочнае сёньня нават для яе стваральнікаў, якія праз скліканьне так званага Усебеларускага народнага сходу спрабуюць перакласьці адказнасьць за свой правал на беларускі народ.

У сувязі з правядзеньнем пятага Усебеларускага народнага сходу Партыя БНФ заяўляе:

  1. Так званы Усебеларускі народны сход ня можа быць прызнаны легітымным выразьнікам волі беларускага народу. Ён сфармаваны дырэктыўна органамі выканаўчай улады і не зьяўляецца органам народаўладдзя;
  2. З прычыны таго, што на так званым народным сходзе будуць прысутнічаць толькі і выключна прыхільнікі эканамічнага ды палітычнага курсу дзеючай улады, гэты орган ня здольны выканаць задачу нацыянальнай кансалідацыі перад абліччам актуальных геапалітычных выклікаў, зь якімі сутыкаецца нашая краіна;
  3. Адказнасьць за эканамічны крызыс палягае на дзеючым кіраўніцтве краіны, а спробы схавацца за сьпіны дэкаратыўнага “народнага сходу” ёсьць нікчэмныя.
  4. Скліканьне напярэдадні парлямэнцкіх выбараў неканстытуцыйнага органу, які пакліканы без дыскусіяў і абмеркаваньняў ухваляць любыя прапановы ураду і прэзыдэнта, яскрава сьведчыць пра адсутнасьць дэмакратыі і парлямэнтарызму ў Беларусі.
  5. Замест дэкаратыўнага “народнага сходу” беларусам патрэбныя сапраўдныя інстытуты нацыянальнай дзяржавы: сфармаваны на свабодных і дэмакратычных выбарах парлямэнт, у якім прадстаўленыя розныя бачаньні развіцьця краіны і розныя палітычныя плыні, увасобленыя ў палітычных партыях, адказны перад парлямэнтам урад, рэальная прававая дзяржава, якая дзейнічае ва ўмовах падзелу галінаў улады, пры выкананьні прынцыпаў законнасьці і правоў чалавека.
  6. Для Партыі БНФ як для партыі нацыянальна-дэмакратычных каштоўнасьцяў падставовым прынцыпам зьяўляецца адстойваньне нацыянальных інтарэсаў і воля беларускага народу. Адзіным легітымным для ўсяго грамадзтва спосабам выяўленьня волі народу зьяўляюцца выбары: менавіта правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў у адпаведнасьці з беларускім заканадаўствам і пры выкананьні ўмоваў роўнасьці кандыдатаў будзе азначаць вяртаньне ў Беларусь сапраўднага парлямэнтарызму і народаўладдзя.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Студзень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.