Партыя БНФ » БНФ будзе абскарджваць неўключэньне сваіх сябраў у выбарчыя камісіі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


БНФ будзе абскарджваць неўключэньне сваіх сябраў у выбарчыя камісіі

Дададзена 28.06.2016 12:07:17 | 1,161 праглядаў

27 чэрвеня ў Беларусі завяршылася фармаваньне абласных і акруговых выбарчых камісіяў. У абласныя камісіі былі ўключаныя толькі 2 сябры Партыі БНФ з 6 вылучаных партыйцаў. У акруговыя выбарчыя камісіі патрапілі толькі 6 фронтаўцаў з 45 асобаў, што былі вылучаныя ад Партыі БНФ і ад Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”.

У Менску ў склад абласной камісіі ўключаны кіраўнік Менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Касьпяровіч, у склад Уручскай акруговай выбарчай камісіі №109 уключаны Андрэй Розум, вылучаны ад ГА БНФ “Адраджэньне”. Ніводзін з шасьці вылучэнцаў ад Партыі БНФ не быў уключаны ў склад астатніх акруговых выбарчых камісіяў.

У Менскай вобласьці ўлады адмовіліся ўключыць у склад абласной выбарчай камісіі вылучанага ад Партыі БНФ Аляксандра Жучкова, таксама не былі ўключаныя ў акруговыя камісіі чатыры прадстаўнікі Партыі БНФ.

У Гарадзенскай вобласьці з трох вылучаных Партыяй БНФ прадстаўнікоў толькі адзін быў уключаны ў склад акруговай выбарчай камісіі – гэта Яўген Чыгір  па Гарадзенскай-Ленінскай выбарчай акрузе №52.

У Віцебскай вобласьці ў абласныя і акруговыя камісіі было вылучана 18 сябраў Партыі БНФ (як шляхам партыйнага вылучэньня, так і ад грамадзкага аб’яднаньня). У выніку рашэньня ўладаў толькі Галіна Магучая патрапіла ў склад акруговай выбарчай камсіі Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акругі №17.

Па Берасьцейскай вобласьці Партыя БНФ вылучала сваіх прадстаўнікоў ў абласную і ў восем акруговых камісіяў. Па выніках разгляду дакументаў прадстаўнікі партыі ўключаныя ў абласную і ў тры акруговыя выбарчыя камісіі.

У Гомельскай і Магілёўскай абласьцях тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі сфармаваныя без удзелу фронтаўцаў.

Вынікі этапу фармаваньня тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісіяў камэнтуе старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

“Выбарчыя камісіі сфармаваныя з рэкордна малым прадстаўніцтвам Партыі БНФ: цяпер мы маем толькі двух прадстаўнікоў у тэрытарыяльных камісіях (яны ўпершыню ствараюцца на гэтых парлямэнцкіх выбарах) і шасьцёра фронтаўцаў будуць працаваць у акруговых камісіях. На мінулых выбарах 2012 года Партыя БНФ мела ў акруговых камісіях 12 прадстаўнікоў – такім чынам, нашае прадстаўніцтва ў акруговых камісіях скарацілася ў два разы.

Я расцэньваю гэта як сьведчаньне намераў уладаў правесьці выбары па звыклым адміністратыўным сцэнары: выбарчыя камісіі сфармаваныя практычна без удзелу апазыцыі ў такім складзе, які будзе гатовы выканаць любы загад уладаў. Такім чынам, даверу да гэтага складу акруговых і тэрытарыяльных выбарчых камісіяў у нас няма – адпаведна, не будзе даверу і да тых вынікаў, якія гэтыя камісіі агучаць пасьля 11 верасьня” – сказаў Аляксей Янукевіч.

Выбарчым кодэксам прадугледжаная магчымасьць судовага аспрэчваньня рашэньняў пра фармаваньне выбарчых камісіяў. Як паведаміў Аляксей Янукевіч, Партыя БНФ рыхтуе скаргі ў Менскі гарадзкі суд і ў Менскі абласны суд з патрабаваньнем уключэньня ў склад выбарчых камісіяў на гэтых тэрыторыяз вылучэнцаў ад Партыі БНФ. Гэтыя скаргі будуць накіраваныя ў суды ў сераду 29 чэрвеня.

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.