Партыя БНФ » Другая справаздача кампаніі назіраньня за выбарамі “Права выбару-2016″: стварэнне выбарчых камісій
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Другая справаздача кампаніі назіраньня за выбарамі “Права выбару-2016″: стварэнне выбарчых камісій

Дададзена 03.08.2016 9:56:33 | 999 праглядаў

Кампанія назірання “Права выбару-2016” 2 жніўня прадставіла прамежкавую ацэнку фарміравання выбарчых камісій.

 

Кампанія «Права выбару-2016»

па назіранні за выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання

 

Прамежкавая ацэнка фарміравання выбарчых камісій

2 жніўня 2016 г.

Кампанія «Права выбару-2016» ладзіць доўгатэрміновае назіранне за ходам выбарчай кампаніі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі сіламі арганізацыяў, што ўваходзяць у кампанію. Гэтая справаздача з’яўляецца другім дакументам па выніках доўгатэрміновага назірання і ахоплівае этап фарміравання выбарчых камісіяў усіх узроўняў.

 

Агульныя высновы

  1. Этап фарміравання тэрытарыяльных (ТВК), акруговых (АВК) і ўчастковых (УВК) выбарчых камісій прадэманстраваў, што выбарчая кампанія ідзе па звыклым для Беларусі сцэнары, які не прадугледжвае паўнавартаснага ўдзелу апазыцыйных партыяў і аб’яднанняў у працы органаў, што забяспечваюць падрыхтоўку і правядзенне выбараў. Гэта падрывае давер да працэдуры выбараў з боку грамадства і служыць падставай для недаверу вынікам выбараў.
  2. Змены ў Выбарчы кодэкс, прынятыя ў 2013 годзе, не палепшылі доступу апазыцыі да працы ў выбарчых камісіях у параўнанні з мінулымі парламенцкімі выбарамі. Наадварот, адбылося пагаршэнне: цяпер палітычныя партыі, якія вылучылі кандыдатаў у дэпутаты, пазбаўленыя права вылучаць сваіх прадстаўнікоў з правам дарадчага голаса ў склад Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (ЦВК).
  3. Апазыцыйныя партыі і аб’яднанні ў сукупнасці  прадэманстравалі меньшую актыўнасць пры вылучэнні прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій у параўнанні з ранейшымі выбарамі.
  4. Працэдура сумоўя з вылучанымі ў склад камсій асобамі, якая ўжывалася цяпер пры падрыхтоўцы да пасяджэнняў органаў, што фармуюць камісіі, мела фіктыўны характар і рэальна не паўплывала на збалансаванасць складу і прадстаўленасць у камісіях розных палітычных сіл.
  5. Пераважная большасць вылучаных у склад выбарчых камісій прадстаўнікоў праўладных аб’яднаньняў была ўключаная ў склад камісіяў, у той час як абсалютнай большасьці вылучэнцаў апазыцыйных партыяў і незалежных аб’яднанняў было адмоўлена.
  6. Судовае абскарджванне рашэнняў пра ўтварэнне выбарчых камісіяў не з’яўляецца эфектыўным сродкам задавальнення законных інтарэсаў палітычных партыяў, паколькі суды ніколі не прымаюць рашэнні пра перагляд складу камісіяў, нават у выпадку выяўлення падчас судовага разгляду грубых парушэнняў пры стварэнні камісіяў і пры ўключэнні ў іх склад прадстаўнікоў лаяльных уладам суб’ектаў, што былі вылучаныя з грубымі парушэннямі ўстаноўленай Выбарчым кодэксам працэдуры.

 

Прававое рэгуляваньне і храналогія фармавання выбарчых камісіяў

Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь прадугледжвае, што арганізацыю і правядзенне выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ажыццяўляе сыстэма выбарчых камсіій чатырох узроўняў:

-        Цэнтральная камісія, сфармаваная ў парадку, прадугледжаным Канстытуцыяй (не мае ў сваім складзе прадстаўнікоў апазыцыі);

-        Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі: шэсць абласных і Мінская гарадская;

-        Акруговыя выбарчыя камісіі: 110 камісій (па колькасці аднамандатных акругаў);

-        Участковыя выбарчыя камісіі: 6 018 камісій (уключна з размешчанымі ў замежжы)

Новаўвядзеннем на гэтых выбарах сталася стварэнне тэрытарыяльных камісій, якое было прадугледжанае зменамі ў Выбарчы кодэкс ад 2013 года. Са з’яўленнем гэтага ўзроўню камсіяў значна змянілася працэдура абскарджвання дзеяньняў акруговых камсіій, у тым ліку звязаных з адмовамі ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп, вынясеннем папярэджання ініцыятыўным групам, рэгістрацыяй кандыдатаў і іх зняццём з выбараў.  Калі раней скаргі, напрыклад, на адмову ў рэгістрацыі кандыдата ў  дэпутаты падаваліся ў ЦВК, што аўтаматычна надавала падобным справам агульнанацыянальнае гучанне, то цяпер ўсе скаргі будуць разглядацца выключна на ўзроўні абласных і мінскай гарадской камісіяў, з магчымасьцю наступнага абскарджвання ў суд. Як падаецца, аб’ектыўнай патрэбы ў стварэнні яшчэ аднаго ўзроўня выбарчых камісіяў не было, і гэты крок служыць адно толькі мэтам прыхаваць ад грамадзтва выпадкі парушэння выбарчага заканадаўства і ўмоваў роўнасці кандыдатаў.

ТВК і АВК былі сфармвааныя ў тэрмін да 27 чэрвеня, вылучэнне ў іх склад ажыццяўлялася да 24 чэрвеня. УВК былі сфармаваныя ў час да 27 ліпеня, вылучэнне ў іх склад ажыццяўлялася да 24 ліпеня.

Згодна з артыкулам 34 Выбарчага кодэкса, камісіі фармуюцца з прадстаўнікоў палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, а таксама прадстаўнікоў грамадзянаў, вылучаных у склад камісіі шляхам падачы заявы. Парадак вылучэння прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій рэгулюецца артыкулам 35 Выбарчага кодэкса.  Вылучэнне ў УВК ажыццяўляецца мясцовымі арганізацыйнымі структурамі партый і аб’яднанняў, працоўнымі калектывамі альбо грамадзянамі шляхам збору подпісаў.

Пры гэтым тыя палітычныя партыі, якія не маюць рэгістрацыі, пазбаўленыя магчымасці вылучаць сваіх прадстаўнікоў у якія кольвек камісіі, т тыя арганізацыі, якія маюць рэгістрацыю, але не маюць зарэгістраваных абласных арганізацыйных структур, пазбаўленыя магчымасці вылучаць сваіх прадстаўнікоў у УВК (пры гэтым зарэгістраваныя партыі і аб’яднанні мелі магчымасць вылучаць сваіх прадстаўнікоў у ТВК і АВК рашэннямі сваіх кіруючых органаў).

Выбарчы кодэкс патрабуе абавязковага пазначэння партыйнай прыналежнасці асобы, што вылучаная ў склад выбарчай камісіі любога ўзроўню, незалежна ад таго, вылучаецца ён ад партыі (грамадскага аб’яднання) ці ад працоўнага калектыва ці ад грамадзянаў праз падачу заявы.

Згодна з часткай 2 артыкула 34 Выбарчага кодэкса, не менш за траціну сябраў камісіі павінны складаць прадстаўнікі палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў. У склад камісій не могуць уваходзіць суддзі, пракуроры, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Дзяржаўныя служачыя не павінны складаць больш за 1/3 складу камісіі.

На пасяджэнні органаў, якія фармуюць камісіі, маюць права прысутнічаць прадстаўнікі суб’ектаў, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій.

Рашэнне  органаў, якія ўтварылі камісіі, можа быць абскарджана ў трохдзённы тэрмін з дня прыняцця ў суд суб’ектамі, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій. Суд разглядае скаргу ў трохдзённы тэрмін, яго рашэнне з’яўлецца канчатковым і не падлягае абскарджанню.

 

Вылучэнне ў выбарчыя камісіі

Паводле паведамленняў апазыцыйных палітычных партыяў і ЦВК, у параўнанні з мінулымі парламенцкімі выбарамі 2012 года імі ў цэлым была вылучана меньшая колькасць прадстаўнікоў у ТВК, АВК і УВК. Але ў параўнанні з выбарчымі кампаніямі 2015 года (выбары дэпутатаў мясцовых саветаў) колькасць вылучаных у УВК стала большая.

Апроч палітычных партыяў, сваіх прэтэндэнтаў у АВК і ТВК вылучаў Рух “За свабоду” (як грамадзкае аб’яднаньне), Грамадзкае аб’яднаньне БНФ “Адраджэньне” ды іншыя. Актывісты кампаніі «Гавары праўду» шляхам збору подпісаў грамадзян вылучалі ў склад ТВК і АВК 8 прадстаўнікоў (У Гродзенскай вобласці: 1 — у абласную камісію, 1 — у акруговую камісію Гродзенскай-Кастрычніцкай акругі № 50, 1 — у акруговую камісію Гродзенскай-Ленінскай акругі №52, у Гомельскай вобласці: 1 — у акруговую камісію Рагачоўскай акругі №45, у Мінску: 2 — у акруговую камісію Коласаўскай акругі №106, 1 — у акруговую камісію Васняцоўскай акругі №93, 1 — у акруговую камісію Кастрычніцкай акругі № 97).

Пры падачы дакументаў на вылучэнне некаторыя арганізацыі сутыкнуліся з цяжкасцямі: дасланыя поштай дакументы ад АГП і Руха “За свабоду” хоць і былі дастаўленыя ў выканкамы ў час да сканчэння вылучэння ў склад камісій, не былі зарэгістраваныя ў час і не разглядаліся. У гомельскай вобласці прадстаўнікі партыі левых “Справядлівы свет” таксама даслалі дакументы поштай, і яны прыйшлі ў орган, які фармуе камісію, пазней за вызначаны законам тэрмін.

 

Працэдура фармавання выбарчых камісій

Адсутнасць выразных крытэраў пры адборы прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў з’яўляецца даўняй хібай выбарчага працэсу, на якую звярталі ўвагу як айчынныя, так і міжнародныя назіральнікі. У прыватнасці, кампанія “Права выбару” прапаноўвала заканадаўча змацаваць прынцып, каб выбарчыя камісіі фармаваліся ў першую чаргу з ліку прадстаўнікоў палітычных партыяў (а не шматлікіх лаяльных уладам ці адкрыта прадзяржаўных грамадзкіх аб’яднаньняў), а ў выпадку, калі колькасьць прэтэндэнтаў на ўдзел у камісіі большая за колькасьць месцаў – на падставе лёсаваньня. Таксама адной з хібаў працэдуры называлася яе закрытасць ад назіральнікаў, хоць на пасяджэннях па фармаванні камісіяў і мелі права прысутнічаць прадстаўнікі суб’екаў, якія накіравалі сваіх прадстаўнікоў у камісіі.

Крытыка дала плён і на гэтых выбарах улады паспрабавалі зрабіць працэдуру больш канкурэнтнай з выгляду. Перад прыняццем рашэння аб фарміраванні камісій абмяркоўваліся дзелавыя і палітычныя якасці асоб, вылучаных у іх склад, а ў выпадках, калі лік прэтэндэнтаў перавышаў колькасць прадугледжаных членаў камісіі, — праводзілася персанальнае галасаванне. Аднак на практыцы гэты новы парадак, прадугледжаны пастановай ЦВК №18 ад 8 чэрвеня 2016 года, не прывёў да якаснага зьмяненьня сытуацыі: выбарчыя камісіі па-ранейшаму фармуюцца паводле спісу, заранне падрыхтаванаму яшчэ да пасяджэння органа, які фармуе камісію. Абмеркаванне і рэйтынгавае галасаванне практычна заўжды было фікцыяй і ўяўляла сабой зацвярджэнне загадзя падрыхтаванага рашэння.

Сумоўі з вылучанымі ў выбарчыя камісіі прэтэндэнтамі адбываліся па розных сцэнарах ў залежнасці ад жаданьня органа, які фармуе камісіяў. У большасьці выпадкаў на сумоўі былі выкліканыя вылучэнцы ад апазыцыйных партыяў і рухаў – і немагчымасць прыбыць на гэткае сумоўе часцяком называлася ў скасці падставы для неўключэння ў камісію (пры тым што выклікалі людзей часам у дзень сумоўя за некалькі гадзін да сустрэчы). Разам з тым яўкі на сумоўе і пацверджання на ім жадання і магчымасці працаваць у камісіі ў абсалютнай большасці выпадкаў было недастаткова для таго, каб быць уключаным у склад камісіі.

Найбольш яскрава зняпраўдзіла ўяўныя перавагі новай працэдуры старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, якая ўжо пасля фармавання камісій заявіла, што маргіналам ад апазыцыі ў выбарчых камісіях не месца. Такім чынам было пацьверджана, што ранейшы дыскрымінацыйны падыход да фармавання выбарчых камсіій захаваўся ў поўным аб’ёме.

Вылучэнцам у склад участковых камісій прапаноўвалі адмовіцца ад свайго – пра гэта паведаміў прэтэндэнт у дэпутаты ад Партыі БНФ Ілля Дабратвор.  Са словаў Дабратвора 21 чалавеку, якія былі накіраваны ў склад участковых выбарчых камісій па Сенецкай выбарчай акрузе №71 ад прафсаюза РЭП тэлефанавалі супрацоўнікі райвыканкама і прапаноўвалі напісаць заявы, каб людзі адмовіцца ад падобнага вылучэння, у тым ліку гэткае тэлефанаванне было і да жонкі будучага кандыдата.

 

Склад выбарчых камісій

Ніжэй прыводзяцца табліцы, якія дазваляюць параўнасць уключэнне ў склад АВК і УВК прадстаўнікоў арганізацыяў рознай палітычнай скіраванасці ў параўнанні з мінулымі парламенцкімі выбарамі (складзена паводле афіцыйных дадзеных ЦВК).

Па ўсёй краіне толькі 5 прадстаўнікоў апазіцыйных партый (з 16-ці вылучаных) увайшлі ў склад ТВК і 26 (са 134 вылучаных) – у склад АВК. Агульны працэнт іх прадстаўнікоў у складзе ТВК і АВК застаўся мізэрны (5,4%у ТВК  і 1,8% у АВК). Падчас парламенцкіх выбараў 2012 г. доля прадстаўнікоў апазіцыйных партый у складзе АВК складала 3%, на выбарах 2008 г. – 2,2%;

З 48 прадстаўнікоў Руху “За Свабоду”, вылучаных у АВК і ТВК, у выбарчыя камісіі былі ўключаныя толькі двое.

Ад апазыцыйных партыяў у склад УВК уключаўся ў сярэднім адзін з дваццаці вылучаных прадстаўнікоў. Пры гэтым ад лаяльных уладам грамадзкіх аб’яднанняў і палітычных партыяў гэтая прапорцыя мае адваротны характар – у УВК уключаліся больш за 90% ад вылучаных прадстаўнікоў гэткага кшталту арганізацыяў. Паказальны ў гэтым сэнсе выпадак Сацыяльна-спартовай партыі, якая традыцыйна амаль не вылучае кандыдатаў, але вылучае вельмі шмат прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі і назіральнікаў: усе 17 яе вылучэнцаў у склад АВК былі уключаыя, а з 660 вылучэнцаў у УВК у склад камісій былі залічнаныя 639 асобаў, што складае недасяжныя для апазыцыі 96,81% ад колькасці вылучаных.

3

Ніводзін з 8 прадстаўнікоў кампаніі “Гавары праўду”, якія былі вылучаныя шляхам збору подпісаў, у ТВК альбо АВК не патрапіў.

Сябры БХД вылучылі праз подпісы 21 чалавека (10 у Менску, 3 у Слоніме, 7 у Бабруйску, 1 у Гродна)  і ніводнага з іх не ўключылі.

У склад участковых выбарчых камісій па Слонімскай выбарчай акрузе № 58 ад ГА БНФ “Адражэнне” уключылі толькі аднаго чалавека — Алу Грыцэвіч (Кастрычніцкі ўчастак для галасавання № 16 г. Слоніма). Вылучана было 25 чалавек.  На пытанне, чаму з 25 чалавек у склад камісій уключылі толькі аднаго, удзельнікі пасяджэння Слонімскага раённага выканаўчага камітэту па фарміраванні ўчастковых камісій патлумачылі, што ў многіх з прэтэндэнтаў няма вопыту.

ТВК, АВК і УВК сфармаваныя з рэкордна малым удзелам апазыцыі, у той час як прадстаўнікі праўладных партыяў былі ўключаныя ў іх склад амаль паўсюль.

Кампанія “Права выбару-2016″ асобна падкрэслівае, што па тых акругах, дзе вылучаюцца моцныя кандыдаты ад арганізацыяў-удзельніц кампаніі, неўключэньне прадстаўнікоў апазыцыі мела дэманстратыўны характар: нягледзячы на вылучэньне там вялікай колькасьці прадстаўнікоў у УВК ад партыяў, грамадскіх аб’яднанняў і шляхам збору подпісаў, у склад УВК патрапілі адзінкі.

 

Табліца 4: Вылучэнне і уключэнне прадстаўнікоў розных суб’ектаў у склад УВК па асобных акругах

Назва і нумар выбарчай акругі Колькасць участкаў (у тым ліку закрытыя) Вылучана ў УВК ад арганізацый-удзельніц кампаніі “Права выбару-2016″ Уключана ў УВК
Брэсцкая-Усходняя акруга №3 36 (5)

19

3

Віцебская –Чкалаўская акруга №18 33(3)

31

0

Магілеўская –Цэнтральная акруга № 85 39 (1)

39

1

Сеніцкая акруга  №76 49 (6)

21

3

Гомельская –Цэнтральная акруга  №33 43 (2)

25

3

Гродненская – Цэнтральная акруга  № 51 42 (6)

30

0

Аўтазаводзкая акруга №92 37(1)

26

1

Чкалаўская акруга  № 96 30(1)

13

1

Дамброўская акруга № 103 33(-)

20

1

Старавіленская акруга  № 105 42(3)

40

2

Каліноўская акруга № 108 38(2)

21

2

 

Абскарджванне рашэнняў пра фармаванне выбарчых камісій

Апазыцыйныя партыі і грамадзкіія аб’яднанні абскарджвалі неўключэнне сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Так, скаргі на фармаванне ТВК і АВК былі пададзеныя Партыяй БНФ у Гарадзенскі, Віцебскі і Менскі абласныя суды, а таксама ў суд горада Менску. Рух “За “Свабоду” абскарджваў неўключэньне сваіх прадстаўнікоў у акруговыя камісіі ў Менску і Берасці.

Скаргі на фармаванне УВК былі пададзеныя Партыяй БНФ у Слуцкі раённы суд, у суд Заводзкага раёна горада Мінску, у Бярозаўскі раённы суд, у суд Ленінскага раёна Магілёву (у гэтыж суд паступіла аналагічная скарга ад БСДП). Таксама рашэньні пра адмову ва ўключэнні у УВК Мінская гарадская арганізацыя БНФ “Адраджэньне” абскардзіла ў судах Першамайскага і Фрунзенскага раёнаў Менску. АГП абскарджвала фармаванне УВК у Гомелі і Гародні. Партыя левых “Справядлівы свет” абскардзіла неключэнне ў камісіі ў суды Аршанскага раена,  Кастрычніцкага раена Оршы, ў суд Першамайскага раёна г.Віцебска. У Гомельскай вобласці гэтая партыя абскардзіла тое, што дакументы іх прадстаўнікоў не былі разгледжаныя выканкамам на пасяджэнні (падобную скаргу ў Берасцейскай вобласці падаваў Рух “За Свабоду”).

Як і ў часе ранейшых выбарчых кампаніяў, суды ніколі не задавальнялі скаргі на фармаванне выбарчых камсіяў, нават у тых выпадках, калі незаконнасць рашэння пра фармаванне камісіяў была відавочная.

У прыватнасці, у шматлікіх судовых працэсах было зафіксавана, што уключаныя ў склад камісій прадстаўнікі прадзяржаўных арганізацыяў не былі вылучаныя належным чынам, альбо ўвогуле не прадстаўлялі пратаколы аб вылучэнні. Напрыклад, Беларускі Саюз Жанчын і Беларускае аб’яднаньне вэтээранаў не вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых камсіяў належным чынам. Замест пратаколаў пра вылучэньне сваіх прадстаўнікоў у камісіі яны накіравалі ў органы, што фармуюць камісіі, копіі пратаколаў, што парушае патрабаваньні Выбарчага кодэкса. Апроч таго, гэтыя дакументы (а таксама дакументы пра вылучэнне прадстаўнікоў у камісіі ад працоўных калектываў дзяржаўных прадпрыемстваў) не ўтрымліваюць тых абавязковых зьвестак, якія патрабуе частка 7 артыкула 35 Выбарчага кодэкса: не пазначаны месцы знаходжаньня гэтых арганізацыяў, у шматлікіх выпадках не пазначаная партыйнасьць накіраваных у камісіі асобаў. Дарэчы, па словах кіраўнічкі ЦВК Ярмошынай, менавіта адсутнасьць неабходных рэквізітаў сталася падставай для неўключэньня ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў Руху “За Свабоду” – дык прадстаўнікоў праўладных арганізацый ўвогуле уключалі сьпісам без аніякіх дакументаў пра вылучэньне і без аніякіх прававых падставаў.

Такім чынам, судовае абскарджванне адмоваў ва ўключэнні прадстаўнікоў арганізацыяў-удзельніц кампаніі “Права выбару-2016″ не дазволіла аднавіць законныя інтарэсы палітычных партыяў і дамагчыся ўключэння іх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў. Разам з тым, даследаваныя ў судовых працэсах доказы пераканаўча прадэманстравалі сыстэмную незаконнасць і неабгрунтаванасць рашэньняў пра стварэньне выбарчых камісіяў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага склікання.

———————————————–

[1] Пра кампанію “Права выбару-2016”: «Права выбару-2016» – гэта кампанія па назіранні за выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, скіраваная на прадухіленне парушэнняў заканадаўства падчас усіх стадый выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне. Кампанія назірання «Права Выбару-2016» аб’ядноўвае восем палітычных і грамадзянскіх структур: Партыю БНФ, Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю, Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада), Праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Рух «За свабоду», Аб’яднаную грамадзянскую партыю, Беларускую партыю «Зялёныя», аргкамітэт Партыі Свабоды і Прагрэсу, прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці. Асноўнай адметнай рысай дадзенай кампаніі ад кампаній назірання, якія праводзяць праваабарончыя арганізацыі або міжнародныя назіральнікі, з’яўляецца скіраванасць на «актыўнае назіранне», якое ўключае ў сябе мабілізацыю валанцёраў не толькі для фіксацыі, але і для актыўнага процідзеяння парушэнням.

Comments are closed.

Верасень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.