Партыя БНФ » БНФ правёў мітынг з нагоды Дня беларускай вайсковай славы
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


БНФ правёў мітынг з нагоды Дня беларускай вайсковай славы

Дададзена 09.09.2016 2:38:14 | 1,268 праглядаў

На пляцоўцы каля Вялікага тэатру опэры і балету некалькі дзясяткаў актывістаў БНФ адсвяткавалі гадавіну перамогі ў бітве пад Оршай. Апазіцыйныя палітыкі адзначылі, што небяспека страты незалежнасці актуальна і сёння.

Фота: Аляксандр Васюковіч, TUT.BY.

Лідар БНФ Аляксей Янукевіч сказаў, што Беларусь зараз перажывае няпростыя часы і ёсць верагоднасць страціць незалежнасць.

— Мы бачым, што імперскі рэваншызм, які запанаваў у Крамлі, прыцэльваецца на Беларусь, — ўдакладніў палітык. — Актывізавалася расійская пятая калона.

Янукевіч узгадаў выпадак з нацыянальнай паралімпійскай зборнай, калі прадстаўнік дэлегацыі Андрэй Фомачкін пранёс на адкрыцці Гульняў расійскі сцяг.

Палітык дадаў, што як толькі Расія захоча далучыць Беларусь, «запануе здрада і шмат хто пяройдзе на чужы бок».

— Прыклад Бітвы пад Оршай сведчыць, што нават не маючы большасці, сутыкаючыся з абліччам моцнага войска, мы здольныя перамагаць, — падсумаваў ён.

Фота: Аляксандр Васюковіч, TUT.BY.

Аляксей Янукевіч, БНФ

Старшыня Руха Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык узгадаў, што на пачатку 1990-х, «калі беларусы жылі заможней палякаў і было больш свабоды», на пляцоўку перад Вялікім тэатрам збіраліся тысячы чалавек, каб адсвяткаваць гадавіну перамогі над Маскоўскім княствам.

Палітык таксама звярнуўся да супрацоўнікаў сілавых структураў:

— Вы нашчадкі тых, хто перамог пад Оршай ці тых маскоўскіх халуёў, якія танулі ў Дняпры?

Ён выказаў упэўненасць, што ў свой час гэты дзень будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні.

Напрыканцы свайго выступа Сіўчык нагадаў пра затрыманне лідара незарэгістраванага Маладога Фронту і акцыю, якая паралельна адбывалася каля амбасады РФ.

Фота: Аляксандр Васюковіч, TUT.BY.

Вячаслаў Сіўчык

Таксама з прыступак каля Вялікага тэатра выступілі бард Зміцер Захарэвіч (ён прачытаў тры вершы і нагадаў, што ў гэты дзень у 1708 годзе па загаду рускага цара Пятра I быў спалены Магілёў) і айцец аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід (Акаловіч).

— Мы павінны памятаць Геркулеса нашага, Канстанціна Астрожскага. Ён сваёй мудрасцю і таленавітасцю здолеў разам з братамі палякамі і іншымі перамагчы ворагаў нашых, княства Маскоўскае, — сказаў святар.

Фота: Аляксандр Васюковіч, TUT.BY.

Сярод слухачоў прысутнічаў экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч. Прамовы палітык не рабіў.

Парталу TUT.BY ён узгадаў, што ўпершыню гэтая гадавіна пачала масава адзначацца ў 1992 годзе. Першыя акцыі арганізоўваў сам Статкевіч. Яны часцей праходзілі каля Вялікага тэатру (часам спалучалі мітынг і канцэрт), але збіралі некалькі тысяч чалавек.

— Мы не ведалі колькі пратрымаецца незалежнасць і хацелі як мага больш фактаў з гісторыі распавесці, — дадаў палітык.

Фота: Аляксандр Васюковіч, TUT.BY.

8 верасня 1514 года 30-тысячнае войска Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага здолела перамагчы амаль утрая большае войска Маскоўскага Княства. Масавае святкаванне гадавіны перамогі пачалося ў 1992 годзе: тады ў цэнтры Мінска сабралося больш за тры тысячы чалавек.

Паводле парталу TUT.BY

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Кастрычнік 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.