Партыя БНФ » Лідэр БНФ узяў удзел ва ўшанаваньні памяці паўстанцаў Каліноўскага
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Лідэр БНФ узяў удзел ва ўшанаваньні памяці паўстанцаў Каліноўскага

Дададзена 31.10.2016 12:13:27 | 665 праглядаў

Кветкі і зьнічы пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ўсклалі ў Сьвіслачы на магілу Віктара Каліноўскага, да помніка Кастусю Каліноўскаму, Рамуальду Траўгуту і наведалі Якушоўку радавы маёнтак Каліноўскіх актывісты з розных гарадоў Беларусі.

Традыцыйна актывісты з розных гарадоў Беларусі сабраліся побач з касьцёлам у Сьвіслачы. Актывісты з Горадні і Менску, Слоніму і Баранавічаў, з Кобрыну, Бярозаўкі, Ваўкавыску арганізавана накіраваліся на могілкі, дзе знаходзіцца магіла Віктара Каліноўскага, старэйшага брата Кастуся Каліноўскага. Так пачынаецца штогод акцыя ўшанаваньня паўстанцаў 1863 году на Дзяды.

f062f539-b7b0-401d-98f6-004b1a10f371_cx2_cy0_cw98_w987_r1_s_r1

Гарадзенскі праваабаронца і публіцыст Уладзімер Хільмановіч, адзін з арганізатараў акцыі, эмацыйна распавёў гісторыю адраджэньня магілы Віктара Каліноўскага, згадаў герояў паўстаньня:

Уладзімер Хільмановіч

Уладзімер Хільмановіч

«Памяць пра гэтых людзей ніколі ня зьнікне. Ушаноўваем мы іх, і іншыя пакаленьні будуць ушаноўваць, паколькі яны аддалі свае жыцьці за тое, каб сёньня у нас была свая краіна».

Сьвіслацкі актывіст Юры Глебік — адзін з тых, хто даглядае ў Сьвіслачы памятныя магілы і помнікі паўстанцам. Ён сьціпла заўважыў, што, аддаючы павагу паўстанцам, варта забывацца на розныя партыйныя, рэлігійныя ды іншыя прыналежнасьці, паколькі гэтыя людзі аддалі жыцьці за ўсіх нас і іх усім папросту варта шанаваць:

Юры Глебік

Юры Глебік

«На жаль, сёньня крыху сумна, бо такія месцы ў любой краіне найперш павінны ўшаноўвацца дзяржавай, тут павінны стаяць мэмарыялы, а не такія сьціплыя помнікі. І тысячы людзей павінны прыяжджаць у гэтыя мясьціны, каб даведвацца пра сваю гісторыю, шанаваць памяць сапраўдных герояў. Так, дарэчы, робіцца ў цывілізаваных краінах. Але ёсьць у мяне сёньня і кропля радасьці, бо, нягледзчы на ўціск дзяржавы на актывістаў, перасьлед і суды, штогод сюды прыяжджаюць людзі з усяе Беларусі на Дзяды і ўшаноўваюць памяць герояў».

Здымак ля магілы Віктара Каліноўскага

Здымак ля магілы Віктара Каліноўскага

На сьвіслацкіх могілках ужо другі год запар усе сабраныя ўшаноўваюць яшчэ адну магілу — Віктара Дзясяціка, мясцовага актывіста, які ўвесь час апекаваўся магіламі герояў паўстаньня. Сёньня на яго магіле прагучалі словы, што ён таксама ўвойдзе ў гісторыю свайго краю і нашчадкі яго не забудуць. Наведваньне яго магілы таксама становіцца традыцыяй.

Каля помніка Кастусю Каліноўскаму

Каля помніка Кастусю Каліноўскаму

Затым калёна зь бел-чырвона-белымі сьцягамі прайшла па цэнтральнай вуліцы Сьвіслачы да помніка Кастусю Каліноўскаму, які, дарэчы, так і застаецца адзіным помнікам Каліноўскаму ў Беларусі. Лідэр «Руху за Свабоду» Юрась Губарэвіч зазначыў Свабодзе, што нягледзячы на нібыта негалосную лібэралізацыю ў краіне, у Сьвіслачы нічога не мяняецца:

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

«Як хадзілі за намі гэтыя апэратары ў цывільным, так і ходзяць і працягваюць здымаць. Натуральна, што гэта робіцца з тым, каб потым пакараць найбольш актыўных удзельнікаў. Надалей нашы нацыянальныя сьвяты і героі застаюцца пад забаронай, улада ня здраджвае сваім паводзінам, лічыць, што ўтрымаць сытуацыю пад кантролем можна толькі тады, калі беларусы будуць пазбаўленыя нацыянальнай памяці, калі ў іх ня будзе гонару за сваё гістарычнае мінулае, а значыцца яны будуць здольныя прыняць любое кіраваньне, любую дыктатуру».

Паэт і бард зь Менску Зьміцер Захарэвіч, які ў Сьвіслачы ня першы раз, лічыць, што тут сакральнае месца для беларусаў, зьвязанае зь сям’ёй Каліноўскіх. Ён дэклямуе свой верш побач з помнікам Рамуальду Траўгуту:

Зьміцер Захарэвіч

Зьміцер Захарэвіч

За саблі, штуцары і косы

Узяцца вымусіла годнасьць,

У бой ісьці сьвяты і жорсткі,

За вашую і нашу годнасьць…

У Якушоўцы, дзе знаходзяцца падмуркі сядзібы Каліноўскіх, лідэр БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што важна, каб памяць пра сапраўдных герояў Беларусі жыла і ўшаноўвалася.

Аляксей Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч

«У Сьвіслачы якраз такое месца, і мне вельмі важна быць тут зь людзьмі, якія ўшаноўваюць памяць нашых сапраўдных герояў. Я таксама імкнуся сюды прыехаць, каб атрымаць дадатковую матывацыю, зарадзіцца той сілай і энергіяй, якая зыходзіць з гэтых мясьцін дзе нарадзіліся, жылі, працавалі і змагаліся за Беларусь нашыя выбітныя героі. Гэта насамрэч сьвятыя месьціны для нас, якія і даюць нам сілы дзеля таго, каб мы ня страцілі веру, рашучасьць, ня страціць упэўненасьць, што наша справа пераможа».

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч прамаўляе ў Якушоўцы

Голасна гучыць: «Жыве Беларусь!» Настрой ва ўсіх прыўзьняты, нягледзячы на восеьнскае дажджлівае надвор’е. Усю акцыю ад самага пачатку і да завяршэньня фільмуюць адразу некалькі апэратараў у цывільным…

Паводле Радыё Свабода

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.