Партыя БНФ » «У сыстэме адукацыі будзе душыцца ўся свабода і ўся беларушчына»
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


«У сыстэме адукацыі будзе душыцца ўся свабода і ўся беларушчына»

Дададзена 19.12.2016 12:02:56 | 538 праглядаў

Што азначае прызначэньне на пасаду міністра адукацыі кіраўніка камуністычнай партыі Ігара Карпенкі? Якія зьмены ў беларускіх школах і ўнівэрсытэтах могуць адбыцца пасьля гэтага? Як грамадзкасьць можа ўплываць на дзяржаўную сыстэму адукацыі?

На гэтыя ды іншыя пытаньні на Радыё Свабода адказваюць лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч.

Цыганкоў: Прызначэньне на пасаду міністра адукацыі кіраўніка камуністычнай партыі Ігара Карпенкі выклікала гарачую рэакцыю ў СМІ і сацыяльных сетках. І рэакцыю гэтую я б ахарактарызаваў пераважна як панічную і алярмісцкую — маўляў, што зараз будзе зь беларускай сыстэмай адукацыі? Які мэсыдж дасылае Аляксандар Лукашэнка беларускаму грамадзтву гэтым прызначэньнем?

Янукевіч: Спадар Карпенка неаднаразова заяўляў, што існуюць лібэральна-нацыяналістычныя пагрозы для Беларусі. І дзейнасьць ягонай партыі і яго асабіста накіраваная на тое, каб гэтыя пагрозы спыняць. Адпаведна гэта азначае, што ў сыстэме адукацыі будзе душыцца ўся свабода і ўся беларушчына. І можа стацца такім фіналам катастрофы, якая разгортваецца ў сыстэме адукацыі мінулыя дзесяцігодзьдзі.

Цыганкоў: Але ж вядома, што ў беларускай сыстэме ўлады канкрэтны міністар мала што вызначае. У цэлым улады нібыта праводзяць апошнія гады «мяккую беларусізацыю». Можа, прызначэньне Карпенкі — гэта проста падача ў Расею? Маўляў, глядзіце, у нас ніякага Майдану і ніякіх бандэраўцаў быць ня можа, бо ў нас камуніст кіруе адукацыяй?

Аляксей Янукевіч

Янукевіч: Я тут не зусім пагаджуся. Сапраўды, калі міністры ці іншыя службовыя асобы хочуць праводзіць рэформы — то іхныя магчымасьці даволі абмежаваныя агульным курсам дзяржавы. Але калі яны жадаюць праводзіць палітыку закручваньня гаек, вынішчэньня беларускасьці — то дзяржава гэтаму ніколі не процістаяла. Пакуль у дзяржавы няма мэханізмаў (і яны ёй не патрэбныя, відавочна) стрымліваць тых, у каго ёсьць надта моцная ініцыятыва «душыць».

Мацкевіч: Я б найменш хацеў казаць пра палітыку і ідэалёгію — усе гэта відавочна і ляжыць на паверхні. Я ў свой час прафэсійна займаўся менавіта адукацыяй — і для гэтага былі палітычныя і ідэалягічныя перашкоды. Так атрымалася, што я быў знаёмы з чатырма міністрамі адукацыі, яшчэ з часоў апошняга савецкаму міністра Дземчука, а потым Гайсёнак, Стражаў і Брыгадзін. Усе яны былі больш-менш прафэсійнымі, разьбіраліся ў сыстэме адукацыі, мелі свае погляды на гэта.

Але потым пайшла поўная дэградацыя. Кожны наступны міністар прызначаўся зь нейкай ідэалягічнай нагоды. І сёньня з прызначэньнем Карпенкі гэта дайшло да поўнай дэградацыі, бо ён проста ня мае ніякага дачыненьня да адукацыі. Што ён раней казаў на тэму адукацыі? Я знайшоў дзьве рэчы — вяртаньне школьнай формы і барацьба супраць дэсаветызацыі, вяртаньне да савецкасьці.

Такім чынам, Карпенка нічога не разумее ў гэтай галіне. А адукацыя сёньня ў нас адкінутая вельмі далёка, мы так адсталі ад разьвітых краінаў, што гэта проста становіцца першапачатковым клопатам для аздараўленьня краіны.

Цыганкоў: Можа, калі міністар мала разьбіраецца ў тым, куды ён прызначаны — гэта і добра? Тады ён мала што можа сапсаваць?

Уладзімер Мацкевіч

Мацкевіч: Сапсаваць ён можа шмат. Бо ён вельмі ідэалагізаваны чалавек. Гэта ў заходніх краінах міністры прызначаюцца палітычныя, але ў нас не такая практыка. У нас заўсёды «крэпкіх хазяйственьнікаў» прызначаюць, і ставяць ім пэўную задачу. Напрыклад, яшчэ больш зрабіць пасіўнай усю сыстэму адукацыі, яшчэ больш пашыхтаваць настаўнікаў, каб забясьпечыць, напрыклад, будучы рэфэрэндум. Гэта разбурэньне адукацыі, гэта разбурэньне нашай будучыні.

Цыганкоў: Пішуць, што папярэдні міністар Жураўкоў даволі актыўна рыхтаваў Беларусь да адпаведнасьці нормам Балёнскага працэсу. Беларусь, як вядома, уступіла туды — але авансам, фармальна.

Мацкевіч: Ня чуў ад Карпенкі ніводнага выказваньня на гэты конт, думаю, ён увогуле нічога не трымае пра гэта ў галаве. Калі яму нейкая задача пастаўлена — то хутчэй, наадварот: не рабіць тое, што неабходна паводле абавязкаў Беларусі ў Балёнскім працэсе.

Цыганкоў: Партыя БНФ ужо зьвярнулася ў Вярхоўны суд і Савет Міністраў Беларусі з заявай, што прызначэньне Карпенкі парушае Канстытуцыю Беларусі. Як прызначэньне нейкага чалавека можа парушаць Канстытуцыю? Вы хочаце проста прыцягнуць увагу і што думаеце рабіць далей у гэтым пытаньні?

Янукевіч: Не. Гэта ня проста інфармацыйная нагода. Тут вядзецца пра тое, што сыстэма адукацыі можа проста сканаць. Бо прызначылі міністрам чалавека, які цягам усёй сваёй дзейнасьці на дзяржаўных пасадах займаўся прасоўваньнем ідэалягічнай лініі сваёй палітычнай партыі. Апошні прыклад — гэта ўстаноўка помніка Леніну, што ў 21-м стагодзьдзі зьяўляецца папросту вар’яцтвам. Гэты чалавек разважае катэгорыямі мінулага стагодзьдзя, ня можа быць зь ім ніякай будучыні.

Таму мы вельмі заклапочаныя, што на пасадзе міністра спадар Карпенка будзе займацца прасоўваньнем сваёй ідэйнай камуністычнай лініі. Гэта, на нашу думку, супярэчыць 4 артыкулу Канстытуцыі, які гаворыць, што «Ідэалёгія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, сацыяльных груп ня можа ўстанаўлівацца ў якасьці абавязковай для грамадзян».

Цыганкоў: Вам было б дастаткова, калі б Карпенка на момант выкананьня сваіх абавязкаў міністра фармальна спыніў бы сваё сяброўства ў Камуністычнай партыі?

Янукевіч: Нам было б дастаткова для пачатку, калі б Камуністычная партыя спыніла сваё існаваньне. Але ёсьць неадкладная праблема разьвіваць сыстэму адукацыі, іначай ў Беларусі ня будзе будучыні. І на сёньня выглядае, што прызначэньне Карпенкі якраз накіраванае на тое, каб у Беларусі не было будучыні.

Цыганкоў: Што можа зрабіць пэдагагічная грамадзкасьць, усе людзі, якія заклапочаныя станам адукацыі? Можа, Карпенка сам сваімі першымі заявамі разьвее усе «падазрэньні»?

Мацкевіч: Я ад яго нічога такога не чакаю. Прызначэньне Карпенкі — вяршыня айсбэргу. У галіне адукацыі адбываюцца павольныя і вельмі небясьпечныя працэсы. Ідзе ціск на рэктараў навучальных установаў, заціскаюцца ідэалягічныя гайкі. Сацыяльны і эканамічны крызіс толькі разгортваецца. Таму зьвяртаецца асаблівая ўвага на моладзь, якая можа стаць актыўнымі ўдзельнікам пратэстаў.

Выкладчыкі больш менш лібэральных, беларускіх поглядаў адчуваюць на сябе моцны ціск. Рэктары ВНУ атрымалі папярэджаньне, што яны недастаткова адсочваюць небясьпечныя тэндэнцыі ў сваіх установах.

Цыганкоў: Але ўсё гэта рабілася ўжо да прызначэньне Карпенкі?

Мацкевіч: Так, гэта тэндэнцыя. І спадзявацца на тое, што Карпенка можа нешта зварухнуць у добры бок — не даводзіцца. Ён прызначана для таго, каб замацаваць усе тыя дзеяньні, якія сёньня там робяцца.

Янукевіч: Ідэйная камуністычная, савецкая плынь запатрабаваная цяперашняй уладай. Дзеля гэтага Карпенку і аддалі Міністэрства адукацыі. Для тых, хто хоча вяртаньня Беларусі ў савок, гэта можа быць важным кірункам для дзейнасьці. Нічога добрага такая дзейнасьць Беларусі не прынясе.

Паводле Радыё Свабода

Кастрычнік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.