Партыя БНФ » Лідэр БНФ у Слуцку Віталь Амяльковіч: “Будзем змагацца!”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Лідэр БНФ у Слуцку Віталь Амяльковіч: “Будзем змагацца!”

Дададзена 25.01.2017 2:00:42 | 1,178 праглядаў

Віталь Амяльковіч дастаткова вядомы ў Слуцку чалавек. У юнацтве актыўна ўдзельнічаў у акцыях «Маладога фронту», цяпер узначальвае раённую арганізацыю Партыі БНФ, ён сябра праваабарончай арганізацыі БХК і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Карэспандэнт газэты “Свабодныя навіны” паразмаўляў з актывістам пра актуальныя грамадзка-палітычныя праблемы Случчыны.

- Віталь, у мінулым годзе ты змагаўся супраць расейскага трыкалора ў грамадскім транспарце горада, зьбіраў подпісы за вуліцу Слуцкіх паўстанцаў, зараз дамагаешся, каб канферэнц-заля раённай бібліятэкі стала даступнай для «непажаданых» беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў. Як адгукаюцца землякі на гэтыя акцыі?

Амяльковіч- У Слуцку досыць шмат людзей розных нацыянальнасьцяў – вакол горада ў савецкі час дыслацыравалася нямала ваенных гарадкоў. Вось многія з пакінутых да гэтага часу і не вызначыліся, да каго сябе адносіць. Ім цалкам пасуе вызначэньне Сьвятланы Алексіевіч: «чырвоны чалавек». Нядзіўна, што калі правесьці анкетаваньне пра падзеі ва Украіне, то можа скласьціся меркаваньне: апытаньне рабіўся ў Расіі. Гэта ненармальна. Пры тым, што ў нашай краіне няма імпэрскіх амбіцыяў, як у нашага суседа. Аднак наслухаўшыся прамоваў з розных расейскіх ток-шоу, некаторыя таксама пачалі прасякацца імпэрскай настальгіяй – вазьміце хоць бы выпадак з вывешваньнем трыкалораў ў гарадскім транспарце.

- Раскажы падрабязней пра тую гісторыю …

- Улетку ў горадзе зьявіўся аўтобус з вялікім расейскім сьцягам на лабавым шкле. Аднойчы дачакаўся яго адмыслова, сфатаграфаваў і доказы прадставіў кіраўніцтву парка № 2. Рэакцыя, на здзіўленьне, была адэкватнай: кіроўцу пазбавілі прэміі, зь ім правялі тлумачальную размову. Аднак 3 ліпеня, на афіцыйны Дзень Незалежнасьці, гісторыя паўтарылася: я заўважыў іншы аўтобус з такім жа трыкалёрам. Зноў зьвярнуўся ў аўтапарк і «Мінскаблаўтатранс» – сытуацыю выправілі.

- Зараз часам складаецца меркаваньне, што цэнтральная ўлада зацікаўлена ў курсах беларускай мовы, заахвочвае майкі-вышыванкі … А як у Слуцку?

- На мясцовым узроўні я не бачу якіх-небудзь рухаў у бок беларускасьці. Тут чакаюць, наколькі сур’ёзная гэтая палітыка «мяккай беларусізацыі»: ня вераць у доўгатэрміновасьць працэсу … А самі не гатовыя праяўляць ініцыятыву. Фактычна, па сваёй сьвядомасьці гэтыя чыноўнікі ўсё яшчэ жывуць у БССР, старанна захоўваючы яе атрыбуты. Прыкладам можа паслужыць і сытуацыя з перайменаваньнем вуліцы, і цяжкасьці ў арганізацыі сустрэч з вядомымі пісьменьнікамі і гісторыкамі Беларусі, якія даказалі сваімі творамі адданасьць ідэі незалежнасьці нашай краіны.

Адсутнічае і падтрымка для пошукавай дзейнасьці мясцовых краязнаўцаў, якія займаюцца стварэньнем летапісу сталінскіх расстрэлаў і пошукам месцаў гібелі людзей. Таму не ўдалося арганізаваць прэзентацыю ў бібліятэцы новай кнігі краязнаўцы Анатоля Жука «1920 год на Случчыне», сустрэчу з гісторыкам Нінай Стужынскай.

Затое стымулююць вучняў школ і гімназій горада ўдзельнічаць у розных конкурсах тыпу «Мая Радзіма – СНД» … І гэта адбываецца ў той час, калі першакласнікі атрымліваюць у першы школьны дзень падручнік «Мая Радзіма – Беларусь».

- Апошнім часам ты дапамагаеш жыхарам змагацца супраць стварэння вытворчасьці па ачыстцы забруджаных нафтай грунтоў на тэрыторыі лясгаса ў раёне Варанецкіх балот. Чаму зацікавіўся гэтай праблемай?

- Людзі звярнуліся за дапамогай … Сутнасць праблемы ў тым, што ўлада і прадстаўнікі бізнесу абсалютна не цікавяцца меркаваньнем простых грамадзян, ладзяць сумнеўныя вытворчасьці, якія пагражаюць экалёгіі рэгіёну ў будучыні. Такога роду вытворчасьці лепш ствараць каля нафтасховішчаў, нафтаперапрацоўчых заводаў. Аднак чамусьці выбралі раён, дзе знаходзяцца вытокі ракі Случ, а таксама водападзел паміж Пціччу і Случчу. Дарэчы, там да гэтага часу поўна артылерыйскіх снарадаў, якія выбухаюць і будуць выбухаць яшчэ доўгі час.

У жыхароў прылеглых вёсак склалася меркаваньне, што райвыканкам цалкам самаўхіліўся, і яны спрабуюць знайсьці падтрымку ў грамадскіх актывістаў.

Будзем змагацца, трэба падключаць таксама жыхароў горада, бо гэта патэнцыйная пагроза для экалёгіі ўсяго рэгіёну.

Паводле газэты “Свабодныя навіны

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.