Партыя БНФ » Круглы стол “Спыніць будаўніцтва АЭС у Беларусі!” прыняў заяву
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Круглы стол “Спыніць будаўніцтва АЭС у Беларусі!” прыняў заяву

Дададзена 01.02.2017 12:02:17 | 1,070 праглядаў

Неадкладна спыніць будоўлю Астравецкай АЭС патрабавалі ўдзельнікі круглага стала, арганізаванага Беларускай хрысьціянскай дэмакратыяй. Лідэры палітычных партыяў, грамадзкія актывісты, эколягі выказалі абурэньне тым, што, нягледзячы на сурʼёзныя аварыі і няшчасныя выпадкі, будоўля АЭС у Астраўцы працягваецца. Чарнобыльскі шлях сёлета пройдзе пад лёзунгам «Стоп АЭС у Беларусі». Першае паседжаньне аргкамітэту пройдзе 15 лютага ў сядзібе Партыі БНФ.

Прафэсар-фізык Георгі Лепін прадставіў цяпер ужо рарытэт — справаздачу Акадэміі навук 1993 году, у якой утрымліваецца навуковы аналіз 30 пляцовак для будоўлі АЭС. Пяць пляцовак з трыццаці прызнаныя непрыдатнымі:

Георгі Лепін

Георгі Лепін

«З гэтых пяці чатыры — пляцоўкі, на якіх ёсьць ня толькі зрухі зямной кары, а і вузел, то бок перасячэньне некалькіх зрухаў зямной кары. Больш за тое, на адной з гэтых чатырох пляцовак — Астравецкай — у мінулым быў землятрус. Такім чынам, самая небясьпечная, самая непрыдатная пляцоўка была абраная пад будаўніцтва АЭС — менавіта Астравецкая. І гэтая справаздача навукоўцаў з Інстытуту праблем энэргетыкі Акадэміі навук сьведчыць пра небясьпеку. Але цяпер навукоўцы разводзяць рукамі. Акадэмікі дрыжаць, як асінавыя лісты. Адзін з такіх дзеячоў мне сказаў: «Вы не патрыёт Беларусі». Я напісаў нават артыкул: «Краіна запалоханых патрыётаў».

Літва спыніла працу Ігналінскай АЭС. У гэтым жа рэгіёне Расея спыніла будоўлю Калінінградзкай АЭС. А Беларусь працягвае будаваць — адпаведна з палітычным рашэньнем.

Прафэсар Лепін прывёў прыклад, як у Крыме ў 1980-х гадах будавалі АЭС, але будоўлю спынілі — там таксама была сэйсьмічная зона, пад будоўляй аказаўся «сьпячы вулькан». На думку навукоўца, дыскусія вакол аварыяў і няшчасных выпадкаў на АЭС — гэта другасная праблема.

«Дыскусія вакол бясьпекі — потым. Цяпер адна задача: нельга будаваць, і кропка. Спыніць — іншага варыянту няма».

«Праблему АЭС проста «забалбаталі»

Мікалай Уласевіч, жыхар Варнянаў Астравецкага раёну, сказаў, што яшчэ ў 2008 годзе мясцовыя актывісты распачалі грамадзкую кампанію «Астравецкая АЭС — гэта злачынства». На іх пачалі ціснуць. Асаблівай падтрымкі мясцовыя не атрымалі, хоць тады была надзея, што да пратэсту падключыцца больш людзей, у тым ліку аўтарытэтныя асобы:

«Мы павінны абʼяднацца і пазбавіцца гэтай бяды, спыніць будаўніцтва. Бо Астравецкая АЭС — гэта знак бяды. Другога Чарнобыля Беларусь не перажыве», — кажа Мікалай Уласевіч.

Другі грамадзкі актывіст з Астраўца Іван Крук кажа, што спачатку быў рух, зьбіралі подпісы супраць будаўніцтва, змагаліся, а цяпер праблему АЭС проста «забалбаталі».

Іван Крук

Іван Крук

Вядоўца круглага стала, сустаршыня БХД Павал Севярынец прапанаваў абмеркаваць шляхі — як дзейнічаць далей.

«Ёсьць меркаваньне, што пашкоджаны патрубкі, якія могуць трэснуць»

Эколяг, актывістка Беларускай антыядзернай кампаніі Тацяна Новікава па скайп-сувязі са Злучаных Штатаў Амэрыкі зьвярнула ўвагу менавіта на два апошнія сурʼёзныя інцыдэнты, якія здарыліся з корпусам рэактара:

«Сытуацыя экстраная. Пасьля першага пашкоджаньня корпусу яго замянілі. Цяпер новы корпус рэактара пры транспартаваньні сутыкнуўся са слупам на чыгунцы. Я атрымала тры экспэртныя ацэнкі: інжынэра з украінскай АЭС, адмыслоўцаў з Канады і ЗША. Ёсьць меркаваньне, што пашкоджаныя патрубкі, якія могуць трэснуць. Пашкоджаны таксама і кажух, на ім драпіны. Цяпер таксама неабходна дамагчыся экспэртызы, камісія павінна расьсьледаваць інцыдэнт. А да вынікаў расьсьледаваньня трэба патрабаваць прыпыненьня будоўлі. Падставаў для гэтага дастаткова», — лічыць Тацяна Новікава.

«АЭС яшчэ больш прывяжа Беларусь да Крамля»

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч зьвярнуў увагу ўдзельнікаў круглага стала на палітычны бок праблемы:

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Будаўніцтва АЭС не адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі. Гэта ня дасьць Беларусі энэргетычнай незалежнасьці, а яшчэ больш прывяжа да Крамля. Да таго ж Росатом — ня самая перадавая ў сьвеце кампанія, яна выпрабоўвае на Беларусі свае дасьледаваньні».

На думку спадара Янукевіча, неабходна ўзмацняць інфармацыйную кампанію з фактамі, аргумэнтамі, прыцягваць грамадзкую ўвагу да праблемы праз СМІ. Беларускае грамадзтва павінна абудзіцца, таму важна рыхтаваць Чарнобыльскі шлях, звароты да органаў улады, міжнародных арганізацыяў.

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештарт галоўнай задачай лічыць даносіць да людзей, што АЭС проста на гэтай зямлі будаваць нельга:

«Мы не данесьлі да людзей гэтую галоўную рэч. Былі заключэньні, што Астравец — самая небясьпечная пляцоўка, але не данесьлі гэта людзям».

Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч сказаў, што прадпрымальнікі лічаць пытаньне спыненьня будаўніцтва АЭС самым балючым, хоць і разумеюць, што гэта будзе вельмі цяжка:

Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

«Гэта стратэгія Крамля, а не Лукашэнкі. І спыніць будоўлю АЭС будзе вельмі цяжка. Гэта важней нават за закон аб дармаедах. Але ўся праблема ў гэтай уладзе. Трэба засяродзіцца на замене гэтай улады».

Вострая дыскусія разгарэлася вакол зьмены назвы «Чарнобыльскага шляху» на «Астравецкі шлях».

Прапанову імпэтна абмяркоўвалі, але ў выніку не падтрымалі. У прыватнасьці, намесьнік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук запярэчыў:

«Чарнобыльскі шлях праводзіцца ў Беларусі ўжо амаль 30 гадоў, гэта ўжо брэнд, вядомы ва ўсім сьвеце, гэта памяць аб ахвярах і пацярпелых, напамін аб небясьпецы, якую нясе Астравецкая АЭС. І трэба захоўваць пераемнасьць. Таму назву мяняць нельга».

Паседжаньне аргкамітэту «Чарнобыльскага шляху — 2017», які пройдзе пад лёзунгам «Стоп АЭС у Беларусі!», вырашана правесьці 15 лютага а 12-й гадзіне ў сядзібе Партыі БНФ.

У працы круглага стала ўдзельнічала міністр-дарадца пасольства Літвы ў Беларусі Ірэна Ведрыцкайтэ.

Па выніках круглага стала прыняты зварот «Спыніць будоўлю АЭС у Беларусі». Актывісты заклікалі міжнародную супольнасьць, экспэртаў, кіраўнікоў дэмакратычных сіл падрыхтаваць і правесьці ў Менску прадстаўнічую канфэрэнцыю, прысьвечаную абмеркаваньню і распрацоўцы шляхоў спыненьня будоўлі Беларускай АЭС.

Поўны тэкст заявы Круглага стала:


СПЫНІЦЬ БУДАЎНІЦТВА АЭС У БЕЛАРУСІ!

Пад Астраўцом у Беларусі працягваецца будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Рашэнне пра пабудову АЭС у краіне, якая ў 1986 годзе перажыла Чарнобыльскую катастрофу, было прынятае афіцыйнымі ўладамі насуперак меркаванню грамадскасці, незалежных і міжнародных экспертаў.

АЭС на Астравецкай пляцоўцы будаваць катэгарычна нельга: навукоўцы ўжо даказалі небяспеку гэтага месца для размяшчэння атамнай электрастанцыі.

За апошнія некалькі месяцаў на будоўлі адбыўся шэраг аварыяў і няшчасных выпадкаў. Выканаўца вымушаны быў замяніць рэактар, які абрынуўся з вышыні на зямлю – але пры перавозцы рэактара да Астраўца новы рэактар зноў быў пашкоджаны.

Мы, удзельнікі круглага стала “Спыніць будаўніцтва АЭС у Беларусі!”, выказваем абурэнне тым, што, нягледзячы на небяспеку выбранай пляцоўкі, сур’ёзныя аварыі і няшчасныя выпадкі, у Астравецкім раёне Беларусі працягваецца будаўніцтва атамнай электрастанцыі паводле расейскага праекту.

Пастаянныя інцыдэнты ў працэсе будаўніцтва і ўсталявання рэактару пацвярджаюць самыя змрочныя прагнозы і трывогі экспертаў, назіральнікаў, эколагаў і жыхароў Беларусі: запуск АЭС у Астраўцы можа выліцца ў катастрофу і для нашай краіны, і для еўрапейскіх краінаў.

Мы патрабуем ад афіцыйных уладаў неадкладна спыніць будаўніцтва АЭС.

Мы заклікаем міжнародную супольнасць, экспертаў, кіраўнікоў дэмакратычных сілаў падрыхтаваць і правесці ў Менску прадстаўнічую канферэнцыю, прысвечаную абмеркаванню і распрацоўцы шляхоў спынення будаўніцтва АЭС пад Астраўцом.

Мы заклікаем прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў і экалагічных рухаў арганізаваць Чарнобыльскі шлях-2017 пад лозунгам “Стоп АЭС у Беларусі!” – і правесці заключны мітынг Шляху непасрэдна каля Адміністрацыі прэзідэнта ці будынку Савета міністраў.

Лепін Георгій Фёдаравіч, фізік, доктар тэхнічных навук, прафесар
Дубавой Мікалай Іванавіч, акадэмік МАІТ
Севярынец Павел Канстанцінавіч, сустаршыня партыі БХД
Янукевіч Аляксей Антонавіч, старшыня Партыі БНФ
Вештард Ірына Зянонаўна, старшыня партыі БСДП (Грамада)
Кучук Дзмітрый, прадстаўнік Беларускай Партыі Зялёных
Уласевіч Мікалай Міхайлавіч, каардынатар кампаніі “Стоп АЭС у Беларусі!”
Крук Іван Фёдаравіч, прадстаўнік Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, Астравец
Аўтуховіч Мікалай, кіраўнік прафсаюза прадпрымальнікаў “Салідарнасць”
Талстая Алена Ўладзіміраўна, сустаршыня руху “Разам!”
Багінская Аўгіння Ніна, Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя БНФ
Туровіч Аляксей, рэжысёр
Астапенка Анатоль, пісьменнік,
Пракаповіч Павел, кіраўнік Мінскай абласной арганізацыі БХД
І іншыя – агулам 23 удзельнікі.

Менск, 31 студзеня 2017 года.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Кастрычнік 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.