Партыя БНФ » Рэформы “па-шорацкі”, або расповяд аб тым, як былы міністр ЖКГ навучыўся рэфармаваць камунальную гаспадарку
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Рэформы “па-шорацкі”, або расповяд аб тым, як былы міністр ЖКГ навучыўся рэфармаваць камунальную гаспадарку

Дададзена 02.02.2017 12:03:35 | 161 праглядаў

2-га студзеня 2017 года ў інтэрв’ю праграме “Вялікі горад” тэлеканала “Сталічнае тэлебачанне” (СТБ) з вуснаў старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Шораца прагучала вельмі важкая інфармацыя. Аказваецца – у горадзе Мінску ўжо праведзена рэформа жыллёва-камунальнай гаспадаркі, і менавіта гэта Шорац назваў сваім галоўным дасягненнем. Па яго словах, дзеля гэтага з пасады міністра ЖКГ Беларусі сюды накіраваў яго кіраўнік краіны.

ЖКГ ЖКХУказ аб прызначэнні былога міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэя Шораца  на пасаду старшыні Мінгарвыканкама быў падпісаны А. Лукашэнкам 6 лістапада 2014 года. А 10 лістапада гэтага ж года дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў зацвердзілі яго на гэтай пасадзе.

Да гэтага каля 14 год ён працаваў на розных пасадах у сферы ЖКГ. З 2005 па 2010 – начальнікам упраўлення ЖКГ Віцебскага аблвыканкама, 2010-2011 – намеснікам міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а з чэрвеня 2011 па лістапад 2014 – міністрам ЖКГ Беларусі.

Прадстаўляючы Андрэя Шораца ў Мінгарвыканкаме 6 лістапада, тагачасны кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кабякоў адзначыў яго “кампетэнтнасць, ініцыятыўнасць, прынцыповасць і патрабавальнасць”.

“За час працы Андрэя Шораца ў міністэрстве ЖКГ прынятыя меры па павышэнні эфектыўнасці працы і зніжэнні затрат у арганізацыях жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны, забяспечвалася эфектыўнае ўзаемадзеянне Мінжылкамгасу з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам”, — заявіў Кабякоў.

zhirovka_1

 ПРАЦА ПА ПРЫНЦЫПУ – НОВАЯ МЯТЛА МЯЦЕ ПА-НОВАМУ                          

На новай пасадзе новы старшыня Мінгарвыканкама адразу “ўзяўся”, як тады пісалі многія СМІ, за сістэму ЖКГ горада.

На пасяджанні тэхніка-эканамічнай рады дзяржаўнага аб’яднання “Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка” 24 лістапада 2014 года ён заявіў аб новай эфектыўнай мадэлі працы па тэхнічнаму абслугоўванню, бягучаму рамонту жыллёвага фонду, уборцы прыдамавых тэрыторый, вывазу другасных матэрыяльных рэсурсаў і іншых накірунках дзейнасці.

“Начинаем с чистого листа…”,-  падвёў вынікі таго паседжання новы старшыня Мінгарвыканкама, як быццам бы за яго плячыма не было шматгадовай працы ў гэтай галіне, забыўшыся, відаць, аб шматлікіх абяцаннях, дадзеных ім жыхарам Мінска, у рангу міністра ЖКГ краіны.

А ўспомніць ёсць аб чым…

Як, напрыклад, аб тым, што абяцаў мінчукам сп. Шорац 15 чэрвеня 2012 года ў час правядзення прамой лініі ў “Народнай газеце».

15 чэрвеня 2012 года міністр ЖКГ Беларусі Шорац абяцаў, што ў 2013 годзе горад Мінск цалкам пяройдзе на падземныя крыніцы водазабяспячэння за кошт будаўніцтва новага водазабора “Вязынка” і рэканструкцыі дзеючых. Але ў тым жа годзе будаўнічыя работы былі спынены.

Фактамі “неэфектыўнага” выкарыстання фінансавых сродкаў пры закупцы неабходнага абсталявання для новага і дзеючых водазабораў у той час зацікавіўся КДК, аб чым была праінфармавана і Генеральная пракуратура Беларусі. Але на гэтым справа і закончылася.

Не выканаўшы гэтае абяцанне на пасадзе міністра, ужо ў рангу старшыні Мінгарвыканкама планы па зняцці існуючых праблем з вадой у Малінаўцы і ў шэрагу мікрараёнаў Фрунзенскага раёна сталіцы перанесены ажно на 2030 год.

І вось, па прашэсці больш чым пяці год, Генеральная пракуратура ўнесла прадстаўленне дырэктару КУП “УКБ Мінгарвыканкама” аб барацьбе з карупцыяй. Як паведамляе БЕЛТА, са спасылкай на Генпракуратуру, на прадпрыемстве Мінгарвыканкама з боку кіраўніцтва адсутнічае належная каардынацыя дзейнасці па супрацьдзеянні карупцыі.

Нарэшце, пракуратура выявіла факты “безгаспадарчасці, адсутнасці належнага кантролю за захаваннем і рацыянальным выкарыстанні матэрыяльных рэсурсаў, грашовых сродкаў”…

На прадпрыемстве выдаваліся грашовыя займы на будаўніцтва жылля для асоб не маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, дапускаліся парушэнні пры выкананні дагавароў далявога будаўніцтва жылля, іншыя сістэмныя парушэнні пры выдачы займаў пры будаўніцтве жылля.

Па выніках праверкі Генеральнай пракуратурай дырэктару КУП “УКБ Мінгарвыканкама” вынесена прадстаўленне, у якім запатрабавана прыняць вычарпальныя меры па ліквідацыі выяўленых парушэнняў заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй і недапушчэнні іх у далейшым…

…Патрабуецца  разгледзець пытанне аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці службовых асоб “УКБ Мінгарвыканкама”, вінаватых у неналежнай арганізацыі працы па супрацьдзеянні карупцыі, выдачы займаў, а таксама здзяйсненні правапарушэнняў , ствараючых умовы для карупцыі.

ДОСВЕД МІНГАРВЫКАНКАМА – У МАСЫ

Прыглядаючыся ўважліва да інфармацыі дзяржаўных СМІ аб “поспехах” Мінгарвыканкама ў “рэфармаванні” жыллёва-камунальнай гаспадаркі сталіцы, складваецца ўражанне, што ў хуткім часе старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і яго памочнікі разам з камунальнікамі па ўказанні кіраўніка краіны распачнуць кампанію па перадачы свайго досведу ў рэфармаванні ЖКГ і барацьбе з карупцыяй праз дысцыплінарную адказнасць усім рэгіёнам краіны.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў

Сакавік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Лют    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.