Партыя БНФ » Вынікі лютаўскага Сойму Партыі БНФ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вынікі лютаўскага Сойму Партыі БНФ

Дададзена 06.02.2017 1:04:43 | 483 праглядаў

4 лютага ў цэнтральнай сядзібе БНФ адбылося пасяджэньне Сойму Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Кіруючы орган партыі і руху абмеркаваў бягучую палітычную сытуацыю, зацьвердзіў асноўныя накірункі дзейнасьці партыі на бягучы год, абмеркаваў пытаньні падрыхтоўкі да наступных выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, заслухаў даклад аб падрыхтоўцы да 99-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай народнай рэспублікі.

бнф logo

З палітычным дакладам пра бягучую палітычную сытуацыю выступіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Лідэр партыі адзначыў, што з часу апошняга пасяджэньня сойму знайшлі працяг ранейшыя палітычны тэндэнцыі: апошняя сустрэча Лукашэнкі з грамадзкасьцю прадэманстравала няздольнасьць сёньняшняга кіраўніцтва краіны даць адказ на выклікі, якія цяпер стаяць перад краінай, у прыватнасьці, не прагучала адэкватнага адказу на той антыбеларускі наступ, які вядзецца цяпер з боку Расеі. Ва ўмовах пагаршэньня адносінаў з Расейскай Фэдэрацыяй улады не ведаюць, як існаваць без расейскай падтрымкі, не маюць бачаньня развіцьця краіны.

Старшыня партыі спыніўся на негатыўных наступствах Дэкрэту №3 ды іншых актаў заканадаўства, якімі ўлады ўводзяць новыя падаткі і зборы з беларусаў, намагаючыся перакласьці на насельніцтва негатыўныя наступствы сваёй правальнай эканамічнай палітыкі.

Аляксей Янукевіч даў станоўчую ацэнку змякчэньню ўмоваў уезду ў Беларусь грамадзянаў Эўразьвязу, ЗША, ды іншых краінаў. Аднак ён падкрэсліў палавінчаты характар уведзенага пяцідзённага тэрміну бязвізавага знаходжаньня ў Беларусі  грамадзянаў развітых краінаў – лагічным наступным крокам павіннае быць поўнае скасаваньне візаў.

Лідэр БНФ падкрэсліў, што на дадзены момант улады не гатовыя для сыстэмных структурных умоваў у эканоміцы і не гатовыя да крокаў па прыцягненьні ў Беларусь замежных інвестыцыяў. Замест гэтага рэжым імкнецца выдаць за рэформы скарачэньне сацыяльных гарантыяў і павелічэньне падаткаў.

Па словах Аляксея Янукевіча, цяпер эканамічны канфлікт афіцыйнага Менску з Крамлём пераходзіць у палітычнае рэчышча. І на гэтым тле вялікую небясьпеку ўяўляюць вайсковыя вучэньні “Захад-2017″, запланаваныя на восень гэтага году. Правядзеньне ў Беларусі сумесных з Расіяй маштабных ваенных вучэнняў, на думку Янукевіча, можа быць адказам на вучэнні «Анаконда», якія прайшлі ў Польшчы ў 2016 годзе з удзелам 30 тысяч вайскоўцаў НАТА.  Пры гэтым ён лічыць малаверагодным, што Крэмль выкарыстае вучэньні для ціску на Мінск у фармаце зьмены самой цяперашняйулады: «Вядома, гэта ўсё ж магчыма з улікам непрадказальнасьці расейскіх уладаў. Але, хутчэй за ўсё, Пуцін паспрабуе знайсці палітычнае рашэньне, каб прадэманстраваць напярэдадні сваіх прэзідэнцкіх выбараў прывабнасць Расіі для саюзнікаў», – сказаў палітык.  У любым выпадку, падкрэсліў Янукевіч, вучэньні не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам Беларусі, паколькі «абвастраюць сітуацыю ў рэгіёне, паказваюць, што Расея з тэрыторыі Беларусі можа ажыццяўляць агрэсію на тэрыторыю суседніх краінаў». Па словах старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, Расія не збіраецца адмаўляцца ад размяшчэння ў Беларусі ваенных баз з мэтай прымусіць кіраўніцтва краіны «да больш цеснай інтэграцыі ў палітычнай і ваеннай сферах».

Пры такіх умовах у 2017 годзе БНФ павінныя працягнуць дзейнасьць па абароне незалежнасьці і нацыянальных інтарэсаў.

У межах гэтага кірунку партыя, паведаміў яе старшыня Аляксей Янукевіч, мае намер правесці шэраг кампаній: у абарону статусу беларускай мовы як дзяржаўнай, за скасаваньне супольных з Расеяй вайсковых вучэнняў у Беларусі «Захад-2017», супраць віз «саюзнай дзяржавы», за кантроль на мяжы з Расеяй, за поўную аднастароннюю адмову ад віз для грамадзян ЕС, ЗША, Канады, Аўстраліі ды іншых краінаў.

Таксама партыя плянуе патрабаваць увядзення крымінальнай адказнасьці за публічныя выказваьнні, якія адмаўляюць існаваньне беларускай нацыі, беларускай мовы і беларускай дзяржаўнасьці; спрыяць умацаваньню патрыятычнага духу ў беларускім войску; намагацца выхаду Беларусі з ЕАЭС і АДКБ.

Акрамя таго, у 2017 годзе Партыя БНФ плянуе праводзіць дзейнасць для кантролю за дзейнасьцю дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. У выпадку неналежнага выкананьня дзейным дэпутатам сваіх перадвыбарных абяцаньняў і абавязкаў, партыя плянуе арганізацыю кампаній адкліканьня дэпутатаў з мэтай дамагчыся паўторных выбараў у акрузе.

Асобнымі кірункамі дзейнасьці Партыі БНФ стануць арганізацыя і правядзеньне ў Менску ды іншых гарадах масавых акцый.

На прапанову старшыні партыі Сойм Партыі БНФ прыняў рашэньне падтрымаць ініцыятыву дэпутата Алены Анісім аб вядзеньні законапраектнай дзейнасьці на беларускай мове. Кіруючы орган партыі пастанавіў далучыцца да збору подпісаў пад зваротам да кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў з патрабаваньнем, каб праекты законаў пісаліся па-беларуску. Намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў адзначыў, што з прапановай да партыі далучыцца да кампаніі па пашырэньні выкарыстаньня беларускай мовы ў парлямэнце выступіла сама Анісім. Прадстаўнікі рэгіянальных арганізацыяў падтрымалі ініцыятыву кіраўніцтва партыі і ТБМ, і заявілі пар гатоўнасьць распачаць збор подпісаў пад зваротам да старшыні палаты прадстаўнікоў Андрэйчанкі.

У абмеркаваньні палітычнай сытуацыі  і плянаў дзейнасьці партыі на бягучы год ўзялі ўдзел намесьнікі старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і Ігар Лялькоў, сябры Сойму Станіслаў Суднік, Зьміцер Дрыгайла, Вадзім Болбас, Вадзім Саранчукоў, Кастусь Смолікаў, Андрэй Церашкоў, Вітольд Ашурак, Алесь Жучкоў.

Па выніках дыскусіі сойм зацьвердзіў прапанаваны кіраўніцтвам праект асноўных накірункаў дзейнасьці Парыі БНФ у 2017 годзе.

З рэплікай наконт небясьпекі раздзьмуваньня штучнага канфлікту сярод беларусаў з нагоды адраджэньня ліцьвінскай ідэі выступіў сябра Партыі БНФ Вячаслаў Сіўчык. Ягоны выступ быў засяроджаны на той дыскусіі, якая выбухнула ў сацыяльных сетках з нагоды супрацьпастаўленьня ліцьвінскай ідэі і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. Тэма знайшла жвавы водгук у сябраў Сойму, аднак, канстатаваўшы недапушчальнасьць правакацыяў і выкарыстаньня ліцьвінскай ідэі на шкоду беларускім інтарэсам, сябры Сойму вырашылі не ўносіць гэтае пытаньне ў парадк дня (магчыма, што дыскусія па гэтай праблеме будзе працягнутая ў асобным фармаце).

Сойм Партыі БНФ прыняў рашэньне ўзяць удзел у наступных выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў, якія павінныя адбыцца не пазьней за 20 лютага 2018 года (выбарчая кампанія павінная стартаваць ужо сёлета). Папярэднне абавязкі выбарчага штабу вырашана ўскласьці на управу Партыі БНФ з магчымым далучэньнем да яе працы прадстаўнікоў профільных камісіяў Сойму. Штаб зоймецца пытаннямі фармавання спісу кандыдатаў, а таксама падрыхтоўкай сябраў партыі да ўдзелу ў мясцовых выбарах.

Як паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, гэта пытаньне ўжо абмяркоўвалася палітычнай камісій партыі, якая прапануе пачаць фармаваць свой сьпіс партыйных прэтэндэнтаў на вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты. Пры гэтым ён адзначыў, што прапануецца як партыйнае вылучэньне, так і збор подпісаў.  Таксама Янукевіч падкрэсліў, што на дадзены момант партыя не плануе прымаць удзел у фарміраванні агульнага спісу кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў з іншымі арганізацыямі. У той жа час ён адзначыў, што пакідаецца магчымасьць на рэгіянальным узроўні «пры наяўнасьці мэтазгоднасьці» прымаць удзел у фарміраванні рэгіянальных сьпісаў кандыдатаў з удзелам іншых апазіцыйных структур.

У абмеркавньні падрыхтоўкі да мясцовых выбараў узялі ўдзел сябры Сойму, а таксама экс-кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад партыі БНФ Васіль Астроўскі, Ільля Дабратвор, Мікалай Юшчук.

Кіраўніцтва партыі даклала сябрам сойму стан падрыхтоўкі да адзначэньня 99-х угодкаў абвяшчэньня трэцяй устаўной граматы Беларускай народнай рэспублікі: з ініцыятывы БНФ створаны шырокі аргкамітэт сьвяткаваньня, які адкрыты да далучэньня ўсіх нацыянальна-дэмакратычных сілаў. Пададзеная заяўка на правядзеньне акцыі ў Менску 25 сакавіка: плянуецца дэманстрацыя, адным з заяўнікаў якой выступіў старшыня Мінскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Касьпяровіч, а таксама прадстаўнікі БХД, АГП і Руху “За Свабоду”. Першае пасяджэньне аргкамітэту вылучыла асноўныя лёзунгі акцыі, наступная сустрэча павінная адбыцца 7 лютага пры ўдзеле грамадзкага камітэту адзначэньня стагоддзя БНР. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў наяўнасьць некаторых супярэчаньняў з групай Міколы Статкевіча адносна бачаньня будучай акцыі, аднак выказаў спадзяваньне, што ў межах шырокага аргкамітэту гэтыя супярэчаньні будуць вырашаныя (на наступнае пасяджэньне аргкамітэту Дня волі-2017 запрошаныя і Мікола Статкевіч, і Уладзімер Някляеў). Аляксей Янукевіч асобна падкрэсліў, што ва ўмовах узрастаньня пагрозаў беларускай незалежнасьці вельмі важна, каб сёлетняя акцыя да Дня Волі адбылася годна і была па-сапраўднаму масавай.

Кіраўніцтва партыі заклікала рэгіянальныя структуры падаваць заяўкі на правядзеньне масавых акцыяў да Дня Волі і ў іншых гарадах Беларусі.

Напярэдадні Дня Волі 9 сакавіка адбудзецца канферэнцыя з нагоды стагоддзя першага Усебеларускага з’езду, які стаўся пачаткам адраджэньня беларускай дзяржаўнасьці. Плянуюцца таксама акцыі па раздачы беларускіх нацыянальных стужачак і выраб друкаванай прадукцыі да Дня волі.

У пункту парадку дня “Рознае” сябрамі Сойму былі папярэдне абмеркаваныя магчымыя даты правядзеньня чарговага справаздачна-выбарчага  XVIІI З’езду Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”, які павінны адбыцца не пазьней за 11 кастрычніка, а таксама магчымыя пэрыяды правядзеньня рэгіянальных сходаў па вылучэньні дэлегатаў з’езду. Перад сябрамі Сойму выступіў і адказаў на пытаньні  кіраўнік мінскай раённай арганізацыі Партыі БНФ, экс-кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Ільля Дабратвор, які ўжо заявіў аб сваіх амбіцыях вылучацца на наступным з’ездзе на пасаду старшыні Партыі БНФ.

Сябры сойму паведамілі пра падрыхтоўку бліжэйшых з’ездаў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Сябры Сойму абмеркавалі сытуцыю з апошнімі выпадкамі звальненьня з працы сябраў Фронту і акрэслілі магчымыя кірункі дапамогі тым фронтаўцам, якія страцілі працу, у тым ліку магчымасьці садзейнічаньня ў працаўладкаваньні.

З боку прысутных на пасяджэньні Сойму сябраў Партыі БНФ была выказаная прапанова да выканаўчых органаў партыі абмеркаваць стварэньне камісіі па працы з прадпрымальнікамі.

Люты 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.