Партыя БНФ » У Слоніме пачалі збор подпісаў за роўны статус беларускай мовы ў законатворчасьці
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У Слоніме пачалі збор подпісаў за роўны статус беларускай мовы ў законатворчасьці

Дададзена 09.02.2017 3:17:22 | 259 праглядаў

Сябры Слонімскага згуртаваньня дэмакратычных сілаў распачалі збор подпісаў пад зваротам да старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанкі з патрабаваньнем ураўнаваць на практыцы статус беларускай мовы з расейскай у заканадаўчай сфэры і выдаваць прынятыя парлямэнтам законы па-беларуску.

Паводле кіраўніка Слонімскай арганізацыі БНФ Паўла Севасьцяна, ідэю збору подпісаў за беларускую мову ў заканадаўчай сфэры, якую агучыў лютаўскі сойм Партыі БНФ, падтрымалі ўсе сябры згуртаваньня прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў. У сваім звароце да Ўладзімера Андрэйчанкі слонімцы напісалі, што ў адпаведнасьці з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у нашай краіне дзяржаўнымі мовамі зьяўляюцца беларуская і расейская.

З гэтага вынікае, што яны маюць роўны статус. Аднак на практыцы, і найперш у заканадаўчай сфэры, беларуская мова ігнаруецца, што вядзе да парушэньня моўных правоў грамадзян у гэтай галіне.

Подпісы, паводле Севасьцяна, сябры дэмакратычнага згуртаваньня зьбіраюць паралельна з подпісамі за адмену дэкрэту аб «дармаедах».

Павал Севасьцян (2)— Цікава, што за адмену дэкрэту «аб дармаедах» подпісы ставяць усе і адразу, практычна не ўзьнікае пытаньняў. Што датычыць беларускай мовы ў сфэры заканадаўства, то зь людзьмі даводзіцца шмат гаварыць і тлумачыць сытуацыю. Я, напрыклад, сутыкнуўся з тым, што беларусы, як правіла, хоць доўга і пагаварыўшы, але потым ставяць свае подпісы за беларускую мову, а вось калі сустракаюцца расейцы, то адмаўляюцца, маўляў, мне гэта не патрэбна, я прыехаў з Расеі.

Павал Севасьцян дадае, што многія беларусы зьдзіўляюцца, калі ім пачынаеш расказваць пра тое, што ў сярэднявечнай Эўропе многія юрыдычныя дакумэнты былі напісаныя на старабеларускай мове, а потым перакладаліся на іншыя. Як гэта было, дарэчы са Статутам ВКЛ, які перакладаўся на польскую, расейскую ды іншыя мовы і дзейнічаў на нашых тэрыторыях нават падчас Расейскай імпэрыі да 1840 году.

Паводле Радыё Свабода

Сакавік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Лют    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.