Партыя БНФ » Янукевіч: “Барацьба вядзецца за тое, якой будзе Беларусь пасля Лукашэнкі”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Янукевіч: “Барацьба вядзецца за тое, якой будзе Беларусь пасля Лукашэнкі”

Дададзена 10.02.2017 12:09:21 | 250 праглядаў

Старшыня Партыі БНФ і Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне” сёлета збіраецца пакінуць сваю пасаду. Чым Аляксею Янукевічу запомніліся амаль восем гадоў кіравання і якія яго прагнозы наконт будучыні партыі і ўсёй краіны? Чытам інтэрв’ю палітыка газэце “Новы Час”.

Старшыня легендарнага Беларускага народнага фронту ў гэтым годзе збіраецца пакінуць сваю пасаду. Чым Аляксею Янукевічу запомніліся амаль восем гадоў кіравання і якія яго прагнозы наконт будучыні партыі і ўсёй краіны?

Аляксей Янукевіч прамаўляе на мітынгу
— Што было першым сур’ёзным выпрабаваннем на пасадзе старшыні?

— Калі я стаў старшынёй партыі, ужо распачыналася прэзідэнцкая кампанія 2010 года. Я ясна бачыў неабходнасць вылучэння партыйнага кандыдата, і гэта сталася нашым прыярытэтам. Упершыню з 1994 года партыя БНФ вылучыла свайго кандыдата. Я гэтым ганаруся і ўдзячны Рыгору Кастусёву і ўсім фронтаўцам — мы здолелі. Гэтае рашэнне ды гэтая праца былі вельмі важныя, бо мы вярнулі вартасць нацыянальных інтарэсаў у палітыку.

Пасля брутальнага разгону Плошчы–2010 сядзіба Партыі БНФ сталася цэнтрам салідарнасці, якая ўсіх уразіла: стаялі чэргі людзей, каб ахвяраваць грошы, рэчы, прадукты для тых, хто знаходзіўся ў турмах. Гэтая салідарнасць уразіла і афіцыйныя ўлады: у 2011-м, на хвалі зачысткі дэмакратычнага руху, мы былі пазбаўленыя свайго офіса, які быў зручны для працы і вядомы сярод людзей.

— Сапраўды, той офіс быў легендарным — гэта, мабыць, вялікая страта для партыі…

— Безумоўна. Але, калі б вярнуцца ў тую сітуацыю, ужо ведаючы наступствы, — усё адно, я не стаў бы і думаць пра тое, што можна захаваць памяшканне, адмовіўшыся ад акцыі салідарнасці. Часам трэба рабіць тое, што трэба, не зважаючы на наступствы. І мы так і рабілі.

Было цяжка, але ў выніку мы знайшлі новы штаб на Чарнышэўскага, 3 ды цалкам аднавілі ўсе ранейшыя функцыі. Фактычна, наш офіс працуе як дэмакратычны грамадскі цэнтр. Яго ўтрыманне каштуе вялікіх высілкаў, але яны таго вартыя.

Таксама я ганаруся, што пасля падзей 2010 года, ніхто з актывістаў БНФ не з’ехаў за мяжу. Хоць былі і ператрусы, і ціск на людзей… Я не асуджаю нікога за эміграцыю, тым больш, што некаторыя цяпер вяртаюцца. Але сябры БНФ засталіся тут, гэта вельмі моцна.

XII з’езд БНФ, на якім Аляксей Янукевіч быў абраны старшынёй. 5 верасня 2009 года. Фота Юрыя Дзядзінкіна

 

«Падтрымка Караткевіч у 2015-м — мой пралік»

— Далей БНФ удзельнічаў у кампаніі «Народны рэферэндум», так?

— Так, і гэтую кампанію я, асабліва на першым этапе, ацэньваю пазітыўна. Нагадаю сітуацыю 2011–2012 гадоў: грамадства дэмаралізаванае, шмат дэмакратаў раз’ехаліся па Еўропе ды ваколіцах, а папярэднія схемы, арыентаваныя на вулічны пратэст і Плошчу, наўпрост «разбіліся аб рэчаіснасць» у 2010-м.

Патрэбная была перазагрузка палітычнага супраціву, то бок ідэя, якая б прапанавала людзям не занадта самаахвярную форму палітычнай дзейнасці. Важна было давесці людзям, што, няхай мы не можам разлічваць на хуткую перамогу ў лабавой франтальнай атацы, але рукі апускаць нельга. Што нават у гэтай заціснутай сістэме ёсць пэўная прастора дзеля палітычнай працы на карысць пераменаў. У дадзеным выпадку гэта быў збор подпісаў ды ініцыятыва аб рэферэндуме.

Аляксей Янукевіч з калегамі па «Народным рэферэндуме» — Андрэем Дзмітрыевым і Юрасём Губарэвічам.  фота «Еўрарадыё»

— А што наконт выбараў 2015 года?

— Партнёрства з «Гавары Праўду» заўсёды было для нас толькі тактычным. Мы разумелі, што нашы шляхі з ГП разыдуцца, але я разлічваў, што гэта адбудзецца ўжо тады, калі «будзе што дзяліць». То бок я меркаваў, што ГП здольныя весці доўгатэрміновую гульню. Аднак я пралічыўся. Атрымалася, што гэты канфлікт адбыўся раней. Таму ў 2015-м давялося зрабіць досыць круты віраж: на пачатку мы падтрымалі Таццяну Караткевіч, сумленна збіралі за яе подпісы, але пасля выйшлі з кампаніі.

— Але ўсё ж чаму?

— Вельмі ясныя прычыны. Першая — з’явіліся моцныя падставы сумнявацца ў сумленнасці дзеянняў кіраўніцтва ГП у гэтай кампаніі. Другая — рыторыка Таццяны Караткевіч стала для нас катэгарычна непрымальнай.

Рашэнне аб выхадзе з кампаніі не было простым, але большасць у Сойме партыі мяне падтрымала, і мы яго прынялі. Пазней мы неаднаразова пераканаліся, што такое рашэнне было адзіным слушным.

XII з’езд БНФ. 5 верасня 2009 года. Фота Юрыя Дзядзінкіна

«Адсутнасць замежных вайсковых базаў — таксама і заслуга БНФ»

— «Народны рэферэндум» пасля спыніў сваё існаванне?

— Так, але мы і дагэтуль карыстаемся напрацоўкамі той кампаніі. З нашай прапановы ў праграму «Народнага рэферэндуму» быў уключаны пункт пра замежныя вайсковыя аб’екты на тэрыторыі Беларусі. Мы ўтрымлівалі гэтую тэму ў цэнтры грамадскай увагі, пакуль іншыя хапаліся за больш кан’юнктурныя тэмы. Я ўпэўнены — у значнай ступені праз пазіцыю і працу БНФ у Беларусі дагэтуль няма расійскіх вайсковых баз. Спадзяюся, і не з’явіцца. Надалей жа мы вырашылі ўстрымлівацца ад уваходжання ў палітычныя кааліцыі ды ісці сваім шляхам самастойна.

— Як вы ацэньваеце апошнюю парламенцкую кампанію?

— У 2016-м падчас парламенцкіх выбараў мы вылучылі самую вялікую колькасць кандыдатаў: як сярод дэмакратычных арганізацый, так і за ўсю гісторыю БНФ. У некаторых раёнах кандыдаты ад нашай партыі з’явіліся ўпершыню за 20 гадоў. Мы адзіныя з усіх удзельнікаў выбарчай кампаніі распрацавалі паўнавартасную выбарчую платформу, дзе выкладзеныя дэталёвыя прапановы па ўсіх найбольш важных сферах: эканоміцы, сацыяльнай палітыцы, нацыянальнай бяспецы ды абароне. У нас не атрымалася забяспечыць кампаніі нашых кандыдатаў належнымі матэрыяльна-тэхнічнымі рэсурсамі, гэта мінус. Але агулам гэта была вельмі важная кампанія і здабытак.

XII з’езд БНФ. 5 верасня 2009 года. Фота Юрыя Дзядзінкіна

«Калі чалавек прыходзіць у БНФ — гэта на ўсё жыццё»

— Ёсць стэрэатып пра БНФ як пра партыю немаладую ў плане ўзросту сваіх сяброў. Ці праўда?

— Не, гэта не адпавядае рэчаіснасці. У Фронце ёсць людзі ўсіх пакаленняў, багата моладзі. Я мяркую, у нас самы малады Сойм з усіх партый, як дэмакратычных, так і праўладных. Стала адбываецца абнаўленне кіраўніцтва і ў рэгіянальных структурах. Пры гэтым, натуральна, для нас ёсць вялікім здабыткам, што ветэраны партыі, якія прыйшлі ў 1990-х, не сыходзяць і працягваюць працаваць. Але, на жаль, людзі не вечныя. 2016-ы быў таксама і годам балючых стратаў. Пайшлі з жыцця многія яскравыя асобы, якія ахвяравалі дзесяцігоддзі свайго жыцця змаганню за нацыянальныя каштоўнасці ў шэрагах БНФ. Фактычна, калі чалавек прыходзіць у БНФ — гэта на ўсё жыццё.

— Хто такі сярэднестатыстычны сябар БНФ?

— Галоўны фактар, які яднае фронтаўцаў — адданасць нацыянальным каштоўнасцям. Натуральна, такія людзі ёсць у розных сацыяльных групах. Адпаведна, у БНФ ёсць і прадпрымальнікі, і працоўныя, і навукоўцы, і дактары, і кампутаршчыкі і г.д. Сацыяльны склад вельмі разнастайны.

Аляксей Янукевіч у працоўным кабінеце

«Рана ці позна моладзь праб’е сцяну!»

— Сёння ў моладзі мноства магчымасцяў «прычасціцца» да беларушчыны: «Мовананова», фэсты, канцэрты «Brutto»… Навошта ім БНФ?

— У Моладзь БНФ у 2016 годзе стала масава прыходзіць новае пакаленне, з’явіўся новы лідар, моцнае кіраўніцтва ў Мінску ды іншых гарадах, арганізацыя развіваецца вельмі дынамічна.

Натуральна, Моладзь БНФ таксама ходзіць на канцэрты «Brutto», моўныя курсы і г.д. Але тая моладзь, якая прыходзіць да нас, разумее важнасць палітычнай дзейнасці і гатовая браць адказнасць за будучыню Беларусі на сябе. Гатовыя праводзіць палітычныя кампаніі, вылучацца кандыдатамі (толькі Моладзь БНФ, без уліку партыі, збіраецца выставіць на бліжэйшых выбарах у мясцовыя саветы 50 кандыдатаў. — НЧ). І я лічу, што гэта файна, калі людзі, якія не маюць горкага досведу паразаў, шчыра і энергічна ўкладаюцца ў працу — бо вераць, што атрымаецца. І рана ці позна менавіта яны праб’юць гэтую сцяну!

— То бок, гэта праца на перспектыву?

— Так, безумоўна. Да нас далучаецца тая моладзь, якая разумее, што, каб над Домам Ураду залунаў бел-чырвона-белы сцяг, хадзіць на канцэрты «Brutto» — недастаткова.

Аляксей Янукевіч з маладымі паплечнікамі на мітынгу 25 сакавіка

«Мабілізаваць аднадумцаў, сярод якіх часам пануюць панічныя настроі»

— Зараз актуалізавалася пагроза з боку «рускага свету», пра якую БНФ казаў апошнія 25 гадоў. Што партыя робіць, каб бараніць незалежнасць сёння?

— Час, у які мы жывём, шмат у чым вызначальны. Ён нясе і вялікія шанцы, і вялікія пагрозы. Найперш мы даводзім грамадству разуменне таго факту, што незалежнасць — найвялікшая каштоўнасць, за якую трэба змагацца. І мы бачым, што гэта думка ўсё больш і больш пачынае ўмацоўвацца ў галовах людзей. Наш прыярытэт сёння — скіраваць увагу беларусаў на канкрэтныя пагрозы ды паказаць шляхі, як нам адстаяць сваю краіну.

Важны і эканамічны бок незалежнасці: імкнёмся тлумачыць і паказваць, што толькі ўзмацненне сваёй дзяржавы можа забяспечыць больш годнае, заможнае і бяспечнае жыццё беларусаў. Расія ж кідае шалёныя рэсурсы на інфармацыйную вайну, каб пераканаць, што разам з РФ альбо ў яе складзе жыццё будзе лепшым.

— А ці ёсць доля праўды ў тым, што кажа расійская прапаганда? Тыя ж сілавікі там атрымліваюць сапраўды больш…

— Любая хлуслівая прапаганда дадае 10% праўды ў 90% хлусні, выліваючы ўсё гэта на галовы людзей. І гэтыя 10% не робіць хлусню хаця б часткова праўдзівай, яны толькі дапамагаюць хлусні выглядаць праўдзіва. Калі казаць пра сілавікоў — натуральна, ёсць нейкая частка ў іх шэрагах, якія лічаць сябе (і насамрэч з’яўляюцца) нашчадкамі камісараў ды НКУСаўцаў, для якіх служба — гэта пытанне грошай і прывілеяў ды надзея на аднаўленне таталітарнай імперыі. Гэтыя вераць усяму, што гаворыць Масква. Некаторыя з іх маюць уплыў і займаюць важныя пасады, але агулам яны складаюць мізэрную частку беларускіх грамадзян ды знаходзяцца ў яўнай меншасці сярод беларускіх сілавікоў.

Шмат хто з прыхільнікаў нацыянальнага руху зараз выглядае засмучаным. Маўляў, капец усім, грамадства замбаванае, войска несвядомае, Пуцін у любы момант з’есць Беларусь. А мы кажам: не! Трэба працаваць і мабілізоўваць не толькі грамадства, але і тых аднадумцаў, сярод якіх зараз пануюць панічныя настроі. Так, ёсць пагроза, і яна сур’ёзная. Але ёсць рэсурс, ёсць чалавечы капітал, ёсць сіла ў грамадстве супрацьстаяць пагрозе нават пры самых горшых сцэнарах. Абуджаць волю да барацьбы і да перамогі — гэта таксама наша місія.

Аляксей Янукевіч узнагароджвае Змітра Дашкевіча памятным знакам за ўдзел у «вулічнай барацьбе»

«Масква выкарыстае гвалт супраць Лукашэнкі? Сумняваюся»

— 2017 год абяцае быць вельмі трывожным. Кажуць і пра «ўварванне з усходу», і пра «крымскі сцэнар» для Беларусі… Які ваш прагноз, і што БНФ можа супрацьпаставіць падобным выклікам?

— Я не падзяляю самых змрочных прагнозаў на 2017-ы. Безумоўна, барацьба вакол эканамічных ды вайсковых пытанняў паміж Крамлём і Лукашэнкам будзе працягвацца, ды нават абвострацца. Невядома, якую ролю ў свеце будуць граць ЗША з прыходам Трампа. Тым не менш, лейтматывам усяго, што будзе адбывацца ў Беларусі, стане барацьба паміж прыхільнікамі «рускага свету» і патрыётамі тут, у нас. І адбывацца гэта будзе па-за межамі дыскурсу «Пуцін/Лукашэнка».

Рэальная барацьба вядзецца за тое, якой будзе Беларусь пасля Лукашэнкі. Бо тое, што будзе адбывацца, пакуль ён пры ўладзе, усім збольшага і так зразумела. Усе зацікаўленыя бакі разумеюць, што на гэта кардынальна паўплываць даволі складана.

— У Масквы ёсць рэсурс, каб паспрабаваць замяніць Лукашэнку?

— Так, але для іх гэта рызыкоўны сцэнар, бо невядома, чым ён можа абярнуцца. Так, у 2018-м у Расіі прэзідэнцкія выбары, і некаторыя кажуць, што перад імі Пуціну патрэбныя новыя здабыткі, перамогі — гэта праўда. Але Пуціну не патрэбныя і новыя сур’ёзныя праблемы, таму я не лічу, што ён пойдзе на рызыку.

А вось барацьба за розумы і душы беларусаў, канечне, абвострыцца. Расія праз свае рычагі будзе надалей імкнуцца дамагчыся ад Лукашэнкі саступак, перадусім у вайсковай сферы. Зразумела, што ён будзе супраціўляцца, бо гэта пытанне яго ўлады, за якую ён трымаецца і будзе трымацца. Але асноўнае змаганне адбудзецца за настроі і думкі беларускага грамадства. Мы мусім быць хуткімі, эфектыўнымі, пераканаўчымі. Трэба не толькі паказаць народу наш шлях і пераканаць у яго слушнасці, але і быць здольнымі абараніць вольны выбар новай Беларусі ў выпадку нашай перамогі.

Я сумняваюся, што Масква выкарыстае гвалтоўны сцэнар супраць Лукашэнкі, а вось супраць наступнай персоны ці новага дэмакратычнага ўраду — цалкам магчыма. Таму нам трэба ўжо зараз рыхтавацца і мець дэталёвы план, як абараніць свядомы выбар беларусаў. Больш за тое, вельмі вялікая небяспека для нашай краіны ўжо сёння палягае ў тым, што Крэмль імкнецца выкарыстаць «мяккі» захоп уплываў, маніпулюючы грамадскім меркаваннем праз тэлеканалы, і агентурай у чыноўніцтве.

XII з’езд БНФ. 5 верасня 2009 года. Фота Юрыя Дзядзінкіна

— Падчас міжнародных сустрэч вы агучваеце падобныя сцэнары перад замежнымі палітыкамі?

— Калі на такіх сустрэчах на высокім узроўні мяне запытваюць: «Што мы можам зрабіць для Беларусі?», я кажу наступнае. Па-першае, аказваць максімальны ціск на Крэмль, каб ён не дазваляў сабе лезці ў нашы ўнутраныя справы. Па-другое, падтрымліваць усе структуры (незалежныя СМІ, арганізацыі ды ініцыятывы), якія працуюць дзеля ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Па-трэцяе, распрацаваць план па абароне дэмакратычных змен, якія будуць адбывацца ў Беларусі.

На прыкладзе Украіны мы бачым, што ніхто (у тым ліку лідары Еўропы ды ЗША) не ведаў, што рабіць у крытычны момант, што і дазволіла Расіі забраць Крым, ажыццявіць свой сцэнар на Данбасе. Таму мы заклікаем, каб розныя варыянты развіцця сітуацыі і рэакцыя на іх пралічваліся ўжо цяпер на міжнародным узроўні.

 

Праграма, з якой Янукевіч ішоў на выбары старшыні Партыі БНФ

«Кіраўнікі змяняюцца, каштоўнасці застаюцца»

— Давайце вернемся «з нябёсаў на зямлю»… Сёлета ў верасні пасля з’езду партыя будзе мець ужо новага кіраўніка. Хто гэта можа быць?

— БНФ — дэмакратычная арганізацыя, таму асобу новага кіраўніка не можа прызначыць ні старшыня, ні нават Сойм. Гэтае рашэнне прыме толькі з’езд. Я перакананы, што новым кіраўніком будзе сур’ёзная, самастойная, камандная асоба. Кола прэтэндэнтаў на пасаду старшыні, якіх разглядае цяперашняе кіраўніцтва, уключае 5–6 асобаў, імёны якіх я не хацеў бы агучваць, пакуль не прынятае канчатковае рашэнне. Сярод іх як мужчыны, так і жанчыны. Але мы прадбачым шмат прэтэндэнтаў, у тым ліку самавылучэнцаў, і, паўтаруся, канчатковы выбар зробіць толькі з’езд.

— Не страшна «здаваць пост»?

— Не-не… Нават у часы Пазьняка БНФ не быў партыяй вакол ці дзеля адной асобы. Народны фронт — партыя нацыянальнай ідэі. Менавіта моц нацыянальнай ідэі аб’ядноўвае нас і вядзе наперад. Старшыні змяняюцца, каштоўнасці застаюцца нязменнымі. Вось формула поспеху.

Паводле газэты “Новы Час”

Сакавік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Лют    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.