Партыя БНФ » Ці загучыць на хвалях “Тваяго Радыё” у Лідзе беларуская музыка?
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Ці загучыць на хвалях “Тваяго Радыё” у Лідзе беларуская музыка?

Дададзена 14.02.2017 10:11:40 | 395 праглядаў

Актывіст з Ліды Валер Мінец патрабуе, каб на мясцовай радыёстанцыі “Тваё радыё” гучала беларуская музыка. Аднак міністэрства інфармацыі сцвярджае, што дзеючае заканадаўства не ўтрымлівае нормаў пра абавязковую квоту беларускай музыкі ў радыэфіры.

Гаворыць старшыня першаснай суполкі Таварыства беларускай мовы Лідскага раёна, сябра Партыі БНФ Валер Мінец:

Валер МінецЛідскае Тваё радыё” распачало трансляцыю ад 9 сакавіка мінулага году. Але ад таго часу і да сёй пары на хвалях радыёстанцыі амаль немагчыма пачуць беларускую музыку – ледзь не на 100% змест складаецца з расейскага шансону і поп-шлягераў. Лічу, што такім чынам радыёстанцыя не спрыяе развіццю беларускай музычнай культуры. Па-сутнасці кіраўніцтва “Тваяго радыё” не выконвае функцыю мясцовага радыё, застаючыся ў расейскай культурнай прасторы і прывучаючы да таго сваіх слухачоў. Да таго ж, гэтая радыёстанцыя не ёсць прыватнай установай, яна належыць дзяржаве – але не праводзіць дзяржаўную палітыку ў галіне культуры . Вельмі дзіўна, што дзяржаўныя органы, з аднаго боку, выступаюць за імпартазамяшчэнне і прапагандуюць лозунг “Купляй беларускае!”, а з іншага боку не падтрымліваюць айчынных вытворцаў культурнага прадукту. Я памятаю, што раней дзейнічала квота наконт абавязковага ўключэння ў музычныя трансляцыі твораў беларускіх выканаўцаў – таму і звярнуўся па тлумачэнні на гэты конт да Міністэрства інфармацыі. А то з такім плэйлістом як у нашай мясцовай радыёстанцыі мы ніколі не выіграем Эўрабачаньне!

Аднак міністэрства інфармацыі ў адказ на запыт актывіста паведаміла, што ў заканадаўстве адсутнічае норма пра максімальна дазволены аб’ём замежнай музыкі ў эфіры.

Цікава, што сьпявачка Ірына Дарафеева, якая нядаўна стала дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў, у часе сваёй перадвыбарчай кампаніі таксама звяртала ўвагу на гэтую праблему і прапаноўвала заканадаўча замацаваць абавязковую квоту для беларускай музыкі ў радыэфіры: “Цяпер я ўключаю любую радыёстанцыю, і буду вельмі моцна здзіўленая, калі пачую беларускую песню. Таму я б вярнула квоту, паколькі нам вельмі цяжка канкураваць у медыяпрасторы” – казала Дарафеева ў часе мінлагодняга усебеларускага народнага сходу. Валер Мінец, які сам на мінулых парламенцкіх выбарах вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад БНФ, будзе прапаноўваць дэпутатам парламенту аднавіць увагу да гэтай праблемы і скарыстацца дэпутацкімі паўнамоцтвамі для яе вырашэння.

Валер Мінец не збіраецца спыняць барацьбу за беларускую музыку ў эфіры мясцовага радыё: грамадскі актывіст плянуе накіраваць у міністэрства інфармацыі прапановы аб аднаўленні нормы пра пашырэнне квоты беларускіх выканаўцаў у радыёэфіры. Што да лідскай радыёстанцыі “Тваё радыё”, то на яе адрас Валер Мінец рыхтуе адмысловы падарунак у выглядзе некалькіх дыскаў сучасных беларускіх выканаўцаў, якія адпавядаюць фармату радыёстанцыі, з прапановай уключыць беларускую музыку ў плэй-ліст.

Верасень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.