Апазыцыя заклікае адзначыць 12 сакавіка Дзень беларускага значака
Дададзена 20.02.2017 10:19:34 | 4,713 праглядаў
Аргкамітэт Дня Волі-2017 заклікае беларусаў адзначыць 12 сакавіка Дзень беларускага значака – павдамляе інфармацыйная агенцыя БелаПАН.
100 гадоў таму, 12 сакавіка 1917 года Мінскае аддзяленне Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны адсвяткавала ў Мінску Дзень беларускага значака: «Гэтая масавая грамадская акцыя па папулярызацыі беларускай нацыянальнай сімволікі атрымалася вельмі паспяховай. Бел-чырвона-белыя сьцягі луналі на гарадскіх вуліцах, людзі масава ўпрыгожвалі сваю вопратку бел-чырвона-белымі стужкамі, а ў кафэ, крамах, на вуліцах ўладкоўваліся нацыянальныя імправізацыі», – гаворыцца ў заяве аргкамітэта.
У сувязі з гэтым, аргкамітэт заклікаў беларускія партыі і рухі «адзначыць Дзень беларускага значака і арганізаваць святочныя мерапрыемствы 12 сакавіка, напярэдадні Дня Волі», а беларусаў – далучыцца да святочных мерапрыемстваў, «упрыгожыўшы бел-чырвона-белымі стужкамі, сцягамі і значакамі ўласныя кватэры, вуліцы, правесці флэш-мобы ў сацыяльных сетках у інтэрнэце».
У сваю чаргу ўладам аргкамітэт прапануе надаць бел-чырвона-беламу сцягу статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, бо «менавіта пад гэтым сцягам была абвешчана незалежнасць і Беларускай Народнай Рэспублікі, і Рэспублікі Беларусь».
«Сцяг беларускай нацыі – бел-чырвона-белы! Беларускі герб – Пагоня! Паважай беларускую нацыянальную сімволіку!» – падкрэсліваецца ў заяве.
У гэтым годзе ў аргкамітэт па правядзенні Дня Волі 25 сакавіка ўвайшлі прадстаўнікі Партыі БНФ, РПГА «Рух За Свабоду», руху салідарнасці «Разам», аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Прадстаўнікі аргкамітэта падалі заяўку ў Менгарвыканкам на правядзенне 25 сакавіка масавай акцыі ў наступным фармаце: збор удзельнікаў акцыі на пляцоўцы каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук і дэманстрацыя па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы.
Паводле сайту Беларускія навіны