Партыя БНФ » Распачалася новая абарона Курапатаў ад незаконнай забудовы
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Распачалася новая абарона Курапатаў ад незаконнай забудовы

Дададзена 20.02.2017 11:11:58 | 1,059 праглядаў

Раніцай 20 лютага ў двары дома № 49 па вуліцы Мірашнічэнкі ў Менску зьявіўся намёт. Яго ўсталявалі актывісты «Маладога Фронту» на чале са Зьмітром Дашкевічам. Пад бел-чырвона-белым сьцягам і з самаробным плякатам «Абарона Курапатаў» яны пратэстуюць супраць будоўлі бізнэс-цэнтру ў раёне народнага мэмарыялу «Курапаты», дзе былі расстраляныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў.

У аўторак 21 лютага а 12:00 у сядзібе БНФ (Менск, вул. Чарнышэўскага, 3) адбудзецца паседжанне аргамітэту па абароне Курапатаў. Таксама заклікаем усіх жадаючых дапамагаць варце Курапатаў ежай і цёплымі рэчамі. Матэрыяльную дапамогу можна адвезці ў Курапаты альбо пакінуць у сядзібе БНФ на Чарнышэўскага, 3, адкуль яна будзе аператыўна перадавацца абаронцам.

А 8-й ранку, калі рабочых яшчэ не было на аб’екце, Дашкевіч з паплечнікамі ўсталявалі намёт і прымацавалі да яго нацыянальны сьцяг. Але неўзабаве прыйшлі рабочыя, завязаўся канфлікт з пратэстоўцамі.

Пасьля абеду намётавы міні-лягер пачалі абносіць агароджай, хоць адна там ужо стаяла. Маладафронтаўцы апынуліся ўнутры агароджы і адтуль гутарылі зь іншымі ўдзельнікамі абароны Курапатаў і журналістамі.

 

На пытаньне карэспандэнткі Свабоды адзін з рабочых патлумачыў, навошта будуюць дадатковую агароджу:

— Праца наша такая. Там, бачыце, нейкія БНФаўцы ў намёце. Дык нам і сказалі будаваць плот.

Зьміцер Дашкевіч здавацца не зьбіраўся: сябры прынесьлі хлопцам гарачай кавы і гарбаты. Абарона трывала. У пэўны момант паміж маладафронтаўцам і рабочым пачалася сварка, якая ўжо празь лічаныя хвіліны вылілася ў масавую штурханіну.

Агароджа захісталася і пахілілася. Пятнаццаць чалавек у будаўнічай уніформе цягнулі яе на сябе, абаронцы Курапатаў — на сябе. Агароджа з вострымі штырамі лётала ў сантымэтрах ад іхніх твараў.

За штурханінай назіралі два міліцыянты ў цывільным, але ня ўмешваліся, адзін зь іх вёў апэратыўныя здымкі. У хуткім часе пад’ехала міліцэйская машына, разьвярнулася і паехала.

Міліцыянты ў цывільным пачалі складаць на Дашкевіча пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

— Я зь імі па-расейску гаварыць ня буду! І ня буду нічога падпісваць! Я застануся тут столькі, колькі будзе трэба, і не сыду, пакуль не прыпыняць будоўлю ў Курапатах, — сказаў Дашкевіч.

Да абаронцаў далучыліся палітыкі. Старшыня БХД Павал Севярынец і старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч прыгадваюць, што ў 2001 годзе ў Курапатах брутальна разганялі абаронцаў, якія выступалі супраць будоўлі тут МКАД.

— Бізнэс-цэнтар хочуць пабудаваць зусім побач зь лесам, дзе адбываліся расстрэлы. Таму незразумела, калі кажуць «да Курапатаў адсюль далёка». Гэта няпраўда, і гэта падобна да нейкай правакацыі, — кажа Павал Севярынец. — Цяпер сытуацыя вельмі падобная да 2001 году. Тады былі і бойкі, і салідарнасьць абаронцаў. А пачыналася ўсё таксама з маленькай купкі людзей.

Тым часам некалькі самых актыўных удзельнікаў пратэсту павалілі агароджу і заскочылі на яе. Рабочыя не ўтрымалі плот, і маладафронтаўцы пачалі яго расьцягваць і адкідаць на ўзбочыну. Усё суправаджалася лаянкай з абодвух бакоў. Удзельнічаў у штурханіне і прараб, адказны за будоўлю.

— Ты пакажы мне, якія крыжы тут? Ну якія крыжы? Сам ня ведаеш, за што змагаесься! — крычыць рабочы і хапае Дашкевіча за каўнер.

— Вы на могілках у сваіх родных бізнэс-цэнтар пабудуйце! — крычаць у адказ пратэстоўцы.

Пакуль адна група рабочых сварыцца з абаронцамі Курапатаў, іншыя разбураюць намёт і выкідаюць рэчы актывістаў праз плот на дарогу.

— Працоўны дзень звычайна а 17-й сканчаецца, а цяпер да паловы на дзявятую «ўколваць» прыйдзецца, — кажа рабочы, які ня лезе ў бойку.

— Вы ведаеце, што адбывалася ў суседнім лесе?

— Па-вашаму, калі я просты рабочы, то нічога ня ведаю з гісторыі? Канечне, ведаю. Сталінскія рэпрэсіі былі тут, расстрэлы. Але сёньня гэтая будоўля — мая праца, і іншай у мяне няма. Крыўдна, што кажуць, нібыта мы на костках нешта будуем. Людзі жывуць у гэтых дамах дзесяцігодзьдзямі і не турбуюцца.

На крыкі пачынаюць зьбірацца жыхары суседніх дамоў.

— Дзеці спужаліся ляманту ў двары, і я выйшла паглядзець, — кажа жанчына сталага веку. — Спачатку падумала, нейкія агрэсіўныя маладзёны, а цяпер бачу, што будаўнікі ня маюць рацыі. І так няма дзе пагуляць зь дзецьмі, дык яшчэ ўвесь двор перагарадзілі.

Жыхары гутараць з актывістамі, спрачаюцца з рабочымі. Дашкевіч у пакамечанай куртцы і з брудам на твары ўсьміхаецца:

— Глядзіце, якая ў мяне баявая маскіроўка! А стаяць будзем да перамогі.

Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 2 чэрвеня 2002 году. Кругласутачная вахта памяці доўжылася 250 дзён. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).

Паводле Радыё Свабода

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.