Партыя БНФ » Абаронцы Курапатаў сустрэліся з уладамі: забудова прыпыненая
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Абаронцы Курапатаў сустрэліся з уладамі: забудова прыпыненая

Дададзена 22.02.2017 9:30:22 | 300 праглядаў

22 лютага ініцыятыўная група па абароне Курапатаў на чале з сустаршынём БХД Паўлам Севярынцам, лідэрам Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам, блогерамі Эдуардам Пальчысам і Антонам Матолька запатрабавала асабістага прыёму старшыні Менгарвыканкаму.

Актывісты сабралі подпісы пад зваротам на імя Андрэя Шорца і хацелі перадаць яго асабіста чыноўніку – паведамляе Радыё Свабода.

Высьветлілася, што Шорца не было на месцы, і замест яго абаронцам Курапатаў прапанавалі прыём у намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Віктара Лапціна.

Чатырох чалавек папрасілі прайсьці ў кабінэт «бяз камэраў і запісу», журналістам уваход туды забаранілі. Прыём доўжыўся прыкладна паўгадзіны, пасьля чаго лідэры ініцыятыўнай групы агучылі вынік.

Чыноўнік паабяцаў праверыць факты парушэнняў. Будоўля можа быць прыпыненая на некалькі дзён. Пра гэта Еўрарадыё распавёў старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Аляксей Янукевіч: “Добры вынік сустрэчы. Ён сказаў, што паколькі сітуацыя ў Курапатах гарачая, то на некалькі дзён удаўніцтва там можа быць прыпыненае”.

Севярынец і Янукевіч заклікалі ўсіх неабыякавых прыносіць у лягер абаронцаў Курапатаў па вуліцы Мірашнічэнка, 49 цёплыя рэчы і гарбату. Абарона трывае ўжо трэці дзень.

29611ED0-0283-44C5-A546-42A06385108F_w650_r0_s

Адміністрацыя Савецкага раёна Мінска запрасіла прадстаўнікоў фірмы “Белрэканструкцыя”, якая будуе бізнэс-цэнтр каля Курапатаў, на размову 23 лютага. На гэты дзень забудоўшчыка папрасілі прыпыніць усе работы на пляцоўцы, інфармуе tut.by са словаў дырэктара кампаніі Сяргея Несцерава.

Напярэдадні ў сядзібе Партыі БНФ у Менску на круглы стол сабраліся грамадзкія актывісты, палітыкі і праваабаронцы, каб вызначыць, якім чынам абараняць Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру. На пасяджэнне прыйшлі прадстаўнікі Партыі БНФ, Маладога фронту, Моладзі БНФ, ПАГА “Рух “За Свабоду”, аргкамітэта БХД, Партыі “Зялёныя”, АГП, Руху салідарнасці “Разам”, грамадскай ініцыятывы “Вяртанне памяці” ды іншых арганізацый.

У абмеркаваннях удзельнічалі палітыкі, грамадскія актывісты і гісторыкі Аляксей Янукевіч, Алесь Кіркевіч, Павал Пракаповіч, Павал Севярынец, Юры Лукашэвіч, Дзяніс Кобрусеў, Ганна Шапуцька, Ірына Сухій, Андрэй Мельнікаў, Зміцер Кавалгін, Уладзімір Раманоўскі, Зміцер Каспяровіч, Юрась Меляшкевіч, Алена Талстая.

На паседжаньні абралі некалькі напрамкаў працы па абароне Курапатаў. Што тычыцца юрыдычных інструмэнтаў, то заўтра актывісты зьбіраюцца накіраваць калектыўны зварот у Менгарвыканкам з патрабаваньнем спыніць будоўлю побач з Курапатамі.

Удзельнікі паседжаньня сьцьвярджаюць, што працэдура абмеркаваньня будоўлі з жыхарамі раёну была праведзеная неналежным чынам і занадта позна — восеньню 2016 году. Хоць зямлю пад будаўнічую пляцоўку кампанія атрымала яшчэ ў 2013 годзе.

Новае будаўніцтва каля Курапатаў

Новае будаўніцтва каля Курапатаў

Акрамя таго, аргкамітэт вырашыў актыўна ўзаемадзейнічаць з жыхарамі прылеглых дамоў — тыя таксама пратэстуюць супраць новага бізнэс-цэнтру і сабралі каля 500 подпісаў. Актывісты плянуюць друкаваць улёткі, рабіць плякаты і расьцяжкі з заклікам спыніць будоўлю ў Курапатах.

Як паведамляе Эўрарадыё, цяперашняя будоўля каля Курапатаў дакладна трапляе ў ахоўныя зоны мемарыяла ўзору 2013 году. Менавіта тады кампанія “Кіпрэканструкцыя”, якая цяпер будуе каля мемарыяла, выйграе аўкцыён на гэты кавалак зямлі. Такі факт пацвярджае мапа ахоўных зон з пастановы Міністэрства культуры 2004 года.

Калі яе накласці на сённяшнюю мапу гэтай мясцовасці, бачна, дзе сённяшняя будоўля.

Там, дзе пазначана чырвоным ідзе будоўля

А гэта ахоўныя зоны 2014 года, якія прынялі ў снежні. І на іх бачна, што кавалак зямлі пад будучую будоўлю вынесены з ахоўных межаў помніка.

Там, дзе пазначана чырвоным ідзе будоўля

Такім чынам, аўкцыён, які праводзіўся ў 2013 годзе не мусіў адбыцца, бо зямля ўваходзіла ў ахоўныя зоны помніка.

22 лютага актывіст БНФ  Павал Старавойтаў быў затрыманы на поўначы Менску, дзе грамадзкасьць спрабуе супрацьстаяць забудове часткі тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу Курапаты. Паводле карэспандэнта Свабоды, актывісты на чале зь лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам не прапускалі машыну з будаўнічымі матэрыяламі, праз гэта пачалася новая сутычка з будаўнікамі. Падчас штурханіны Павал Старавойтаў нібыта ўдарыў па відэакамэры міліцыянта ў цывільным, які вёў відэаздымку.

Хто і навошта пратэстуе

Актывісты хочуць спыніць будоўлю, бо яна вядзецца каля мемарыяла, дзе ў сталінскія часы былі расстраляныя дзясяткі тысяч чалавек. Да снежня 2014 года там была ахоўная зона помніка, дзе будаваць нельга. Мясцовыя жыхары пратэстуюць, бо будучы офісны будынак будзе замінаць пад’язджаць да дамоў на машыне.

“Дом, а побач кальцавая дарога, гэта ж нікуды не годнае. Тут “хуткая” нават не праедзе з-за гэтага будынка. Мы тут усе супраць, пішам скаргі. Ён жа і дзіцячую пляцоўку закрые. І навошта нам тут гэтыя офісы”, ― скардзіцца Ніна Канстанцінаўна, мясцовая жыхарка.

Да яе далучаецца суседка Валяцніна Міхайлаўна:

“Людзі да адчаю дайшлі, ніякая ўлада на гэта не рэагуе. Дзе той дэпутат, якога мы абіралі? У 2013 годзе яны набылі гэты ўчастак, а ў 2016 годзе толькі правялі грамадскае абмеркаванне”.

Каля мяне збіраюцца шасцёра мясцовых жыхароў, усе абураныя будаўніцтвам і хочуць сабраць подпісы супраць.

Нестыкоўкі ў праекце офіснага будынка

Як даведалася Еўрарадыё, участак зямлі, на якім цяпер будуюць, быў прададзены на аўкцыёне ў 2013 годзе. Тады на гэтым месцы яшчэ праходзілі ахоўныя зоны мемарыяла “Курапаты”. Праект ухваліла і дзяржаўная экспертыза, у верасні 2014-га. А пляцоўка для будаўніцтва перастае быць ахоўнай зонай толькі ў снежні 2014-га, праз два месяцы пасля таго, як кампанія-забудоўшчык прайшла экспертызу праекта.

“Гэты аб’ект знаходзіцца за кальцавой, аб’ект не ўваходзіць у ахоўныя зоны. Уся шуміха высмактаная з пальца. Усе дазваляючыя дакументы ў нас ёсць, усе ўзгадненні і дазволы”, ― расказвае прадстаўнік кампаніі “Кіпрэканструкцыя”

Еўрарадыё: Але гэты кавалак зямлі ваша кампанія ўзяла, калі там яшчэ знаходзіліся ахоўныя зоны?

Прадстаўнік кампаніі “Кіпрэканструкцыя”: Тады быў іншы кіраўнік кампаніі. А да чаго гэтае пытанне?

Еўрарадыё: Кампанія атрымлівае зямлю, але будаваць там нічога нельга на той момант, чаму так?

Прадстаўнік кампаніі “Кіпрэканструкцыя”: Ёсць шэраг падзей, якія я ў поўнай меры не ведаю. Але ж не заўжды хапае фінансавання, каб пачынаць будаўніцтва.

У Адміністрацыі Савецкага раёна Мінска кажуць, што ўсё на законе, аўкцыён быў, ахоўнай зоны не было:

“У 2012-м годзе быў распрацаваны горадабудаўнічы пашпарт гэтага зямельнага ўчастка. І выстаўляўся на аўкцыён, у чэрвені 2013 года гэта кампанія выйграла аўкцыён. У ахоўную зону гэта не ўваходзіла”.

Але, як даведалася Еўрарадыё у распрацоўшчыкаў праекта ахоўных зон, і ў Мінкульце, на момант правядзення аўкцыёна там была “часовая ахоўная зона”. Распрацоўваць пашпарт аб’екта, тым больш выстаўляць гэта на аўкцыён, было нельга.

Чэрвень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.