Партыя БНФ » Вечар памяці герояў Нябеснай Сотні на сядзібе БНФ прайшоў без святла, пры свячах
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вечар памяці герояў Нябеснай Сотні на сядзібе БНФ прайшоў без святла, пры свячах

Дададзена 23.02.2017 12:05:36 | 321 праглядаў
Узгадвалі трагічныя і разам з тым лёсавызначальныя для будучыні Украіны падзеі трохгадовай даўніны на сядзібе Партыі БНФ, дзе сёння адключылі святло.

Ушанаваць памяць загінуўшых за незалежнасць і свабоду Украіны ў крывавых сутыкненнях з януковічскімі сілавікамі падчас рэвалюцыі Годнасці ў 2014 годзе прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Імпрэзу арганізаваў Беларускі камітэт салідарнасці з Украінай.

 

Асаблівую, сакральную атмасферу стварала асвятленне памяшкання з дапамогай знічак і смартфонавых ліхтарыкаў. Прысутныя спявалі гімн Украіны, а таксама сумную і ўрачыстую песню на словы Наталлі Арсеньевай  “Магутны Божа”, ушаноўвалі загінулых герояў Украіны падчас рэвалюцыі і ў змаганні з расійскімі акупантамі на Ўсходзе краіны хвілінай маўчання і пранікнёнымі прамовамі.

З выступамі да прысутных звярталіся сустаршыня БХД Павел Севярынец, сябра прэзідыума Украінскай сусветнай каардынацыйнай рады, кіраўніца аб’яднання “Січ” Валянціна Логвін, актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Максім Вінярскі, рэжысёрка Вольга Нікалайчык, бацька беларускага добраахвотніка Віктар Мельнікаў, мастачка Наталля Бордак, а таксама Юры Волчак, Ігар Рынкевіч, Ганна Шапуцька.

 

 

 

 

 

 

Шмат цёплых слоў было сказана пра беларуса Міхаіла Жызнеўскага, які адным з першых загінуў на Майдане і якому пасмяротна ўкраінскія ўлады ўрэшце далі грамадзянства і званне Героя Украіны.

 

Удзельнікі імпрэзы праглядзелі відэаматэрыялы пра расстрэлы дэманстрантаў на Майдане, дакументальную кінастужку пра беларуса Алеся Чаркашына, які загінуў, баронячы Украіну на усходзе.

 

Беларускі камітэт салідарнасці з Украінай падрыхтаваў зварот да ўкраінскага і беларускага народа, які можа падпісаць кожны, хто згодны з яго зместам.

Важна разумець, што ўкраінскі народ абараняе цяпер не толькі сваю дэмакратычную дзяржаўнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, але і суверэнітэт Беларусі ды іншых дзяржаў рэгіёну. Відавочна, што еўрапейская сістэма бяспекі пад пагрозай, ні адна дзяржава не можа быць цалкам ізаляванай ад магчымага эканамічнага ціску, інфармацыйнай вайны, агрэсіі гібрыднага тыпу або прамога ваеннага ўварвання з боку рэакцыйных, праімперскіх сіл. Таму толькі ў адзінстве і салідарнасці наша сіла, баронячы сёння Ўкраіну, мы баронім і Беларусь. Толькі разам мы зможам супрацьстаяць імперскаму рэваншызму, што вераломна топча ўсе нормы міжнароднага права”, — адзначаецца ў звароце.

 

Нагадаем, 18-20 лютага 2014 года ў Кіеве падчас масавых вулічных акцый у падтрымку еўрапейскага шляху развіцця Ўкраіны і супраць карумпаванай улады Віктара Януковіча ў выніку злачынных дзеянняў сілавікоў, якія пачалі страляць па пратэстоўцах, загінула каля ста чалавек. Гэта быў пераломны момант у пратэстах. Украіна паўстала. Новая ўлада абвясціла 20 лютага Днём Жалобы, Днём Памяці Герояў Нябеснай Сотні.

Паводле газэты “Новы час

Жнівень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.