Партыя БНФ » Аляксей Янукевіч – пра перамовы па Курапатах з Мінгарвыканкамам
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Аляксей Янукевіч – пра перамовы па Курапатах з Мінгарвыканкамам

Дададзена 01.03.2017 11:09:33 | 109 праглядаў

1 сакавіка на прыём да старшыні Менскага гарвыканкаму Андрэя Шорца прыйшлі чатыры актывісты абароны Курапатаў: сустаршыня БХД Павал Севярынец, кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, гісторык і публіцыст Марат Гаравы і жыхар аднаго з суседніх да Курапатаў дамоў Юры Сьцепанішчаў.

Па выніках чарговай сустрэчы ў Мінгарвыканкаме будоўлю бізнес-цэнтра каля Курапат прыпынілі да канца тыдня. Гэтым разам Павел Севярынец, Аляксей Янукевіч, Марат Гаравы і прадстаўнік жыхароў раёна, дзе ідзе будаўніцтва, Юрый Сцепанішчаў сустракаліся з кіраўніком Мінгарвыканкама Андрэем Шорцам.

Што кажуць чыноўнікі і чаму не хочуць прыпыняць будаўніцтва поруч з месцам масавых расстрэлаў, разважаем у эфіры Еўрарадыё з Аляксеем Янукевічам.

Слухаць размову цалкам можна тут:

Еўрарадыё: Сустрэча доўжылася дзве гадзіны, што абмяркоўвалі ўвесь гэты час?

Аляксей Янукевіч: Мінгарвыканкам робіць акцэнт на тым, што там ніякіх костак няма. Яны прапаноўвалі правесці археалагічныя даследаванні за кошт забудоўшчыка, каб гэта пацвердзіць і супакоіць грамадства. Аднак наша пазіцыя, што трэба спыняць будоўлю незалежна ад таго, ёсць там косткі ці не. Трэба, каб гэтая зямля вярнулася ў склад ахоўнай зоны мемарыяла “Курапаты”.

Еўрарадыё: Якія аргументы ў чыноўнікаў, Андрэй Шорац не тлумачыў, чаму нельга спыніць будаўніцтва?

Аляксей Янукевіч: На сустрэчы быў кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёна, намеснік Андрэя Шораца, Лапцеў, таксама археолаг з Акадэміі навук. Яны кажуць, што гораду трэба разбудоўвацца і асвойваць новыя кавалкі зямлі. Што большай шкоды бізнес-цэнтр не прынясе. Не дапамаглі нават подпісы тысячы людзей, жыхароў раёна. На сёння іх прымушае лічыцца з абаронцамі Курапатў толькі рэзананс. Бо праблема выйшла на нацыянальны ўзровень.

Еўрарадыё: Іх напружвае невялікі лагер пратэстоўцаў каля будоўлі?

Аляксей Янукевіч: Прысутнічаў момант пагрозы. Нібыта, будаўнікі кажуць, што ім пагражаюць, што на іх спрабуюць фізічна ўздзейнічаць. Сказалі, што пакуль міліцыя не ўмешваецца, але калі такія факты будуць далей, то можа ўмяшацца. Я на гэта адказаў, што якраз будаўнікі паводзілі сябе агрэсіўна, чапляліся да актывістаў. Больш нічога датычна лагера не гучала. Андрэй Шорац сказаў, што дровы ў лагер возяць з Вілейкі. Я адказаў, што іх возяць з заправак, набываюць там.

Еўрарадыё: Які вынік сустрэчы?

Аляксей Янукевіч: Незразумелы статус будоўлі. Яе прыпыняюць да канца тыдня. Каб папрацавалі археолагі, спецыялісты, каб адбыўся круглы стол. Мінгарвыканкам будзе кансультавацца з Міністэрствам культуры. Нейкага намёку на спыненне будаўніцтва не прагучала. Чыноўнікі казалі, што там усё будзе адбывацца, а бізнес-цэнтр створыць дадатковыя працоўныя месцы. Яны кажуць пра гэты праект так, што ён будзе рэалізаваны. У гэтай сітуацыі мае сэнс нарошчваць пратэст. Важна пашыраць працу з шырокім колам экспертаў, у тым ліку дзяржаўных. Трэба, каб інфармацыя пра тое, што трэба адмовіцца ад праекту, дайшла да вярхоў улады.

Еўрарадыё: Што яны кажуць пра аўкцыён, які прайшоў, калі там яшчэ былі ахоўныя межы помніка?

Аляксей Янукевіч: Чыноўнікі гуляюць у дэмагогію. Яны кажуць, што аўкцыён ― гэта не будаўніцтва. Калі там былі ахоўныя межы, то будоўлі не было. Абсалютна відавочна, што гэта такі хітрык, што аўкцыён праводзіўся з мэтай забудовы. Я прапанаваў Мінгарвыканкаму яшчэ раз правесці грамадскія слуханні наконт гэтай будоўлі. Але чыноўнікі ў гэтым не бачаць сэнсу. Важна і тое, што Курапаты ― каштоўнасць нацыянальнага значэння. А каля гэтай каштоўнасці ўвесь час нешта адбываецца.

r1H5jhCFoSA

Археолаг Мікола Крывальцэвіч не бачыць сэнсу ў раскопках, якія прапаноўвае Мінгарвыканкам, бо “на месцы будоўлі не было расстрэлаў”.

“Пахаванняў там не будзе, бо зона размяшчэння магіл знаходзіцца ў лясной зоне. Гэта тэрыторыя, дзе цяпер будоўля, была некалі ўзвышанай бязлеснай часткай, была ўскраінай вёскі. Ніякіх расстрэлаў там не магло быць. Гэта зона будоўлі некалі ўваходзіла ў ахоўную зону і яе, безумоўна, трэба захаваць. А сэнсу капаць там няма, тым больш, там даўно ідзе інтэнсіўная забудова, плюс камунікацыі”, ― апісвае спецыяліст.

Паводле Эўрарадыё

Сакавік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Лют    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.