Партыя БНФ » Партыя БНФ падтрымала “Марш недармаедаў” 15 сакавіка супраць дэкрэту №3
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Партыя БНФ падтрымала “Марш недармаедаў” 15 сакавіка супраць дэкрэту №3

Дададзена 02.03.2017 11:46:58 | 149 праглядаў

Партыя БНФ, рух «За свабоду» і кампанія «Гавары праўду» ня бралі ўдзелу ў арганізацыі першых «Маршаў недармаедаў». Але цяпер падкарэктавалі свае пазыцыі.

пратэстРух «За свабоду» далучыўся да арганізацыйнага камітэту кампаніі «Мы не дармаеды», які ўжо вызначыў графік новых акцыяў пратэсту супраць дэкрэту № 3. У плянах — акцыі ў 10 гарадах, могуць дадацца і іншыя гарады. Завяршальныя акцыі — 15 і 25 сакавіка ў Менску.

Cустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі сказаў Радыё Свабода, што цяпер удакладняецца час і месца яшчэ адной акцыі — у Віцебску. Фармат акцыяў будзе вырашацца з рэгіянальнымі актывістамі «па сытуацыі», але некаторыя дэталі агульныя.На акцыі ў Бабруйску, кажа ён, была выпрацаваная такая фармулёўка дзеяньняў: пратэстоўцы зьбіраюць подпісы і зьвяртаюцца да мясцовых уладаў з патрабаваньнем спыніць дзеяньне дэкрэту для ўсіх жыхароў адпаведнага населенага пункту — гарвыканкамы, кажа Рымашэўскі, могуць прыняць такое рашэньне. У ліку патрабаваньняў таксама павінны быць заклікі да дзейных дэпутатаў падтрымаць пратэст сваіх выбарцаў, а калі не — то каб такіх дэпутатаў адклікаць. Таксама ў рэгіёнах будуць прапаноўваць далучацца да менскай акцыі пратэсту 15 сакавіка.

У аргкамітэт кампаніі «Мы не дармаеды» разам з БХД увайшлі АГП, «Справядлівы сьвет», БСДП(Г), «Зялёныя» і іншыя, а таксама рух «За свабоду», які першапачаткова да маршаў ставіўся скептычна. Але ў аргкамітэт не ўвайшлі БНФ і кампанія «Гавары праўду».

Аляксей Янукевіч

«Асноўныя нашы арганізацыйныя высілкі сёньня скіраваныя на 25 сакавіка, — кажа Радыё Свабода старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. — Мы лічым гэтую акцыю надзвычай важнай, можа, ключавой цягам усёй вясны. Але я асабіста зьбіраюся быць на акцыі 15 сакавіка. Нашы людзі таксама там будуць».

«Мы бачым, што людзі вырашаюць быць сьмелымі, бачым, што трэба сёньня абʼядноўвацца супраць гэтага дэкрэту і іншых несправядлівых законаў і дзеяньняў улады, і ня толькі вулічным пратэстам, — кажа кандыдатка ў прэзыдэнты на выбарах 2015 году, адна зь лідэраў кампаніі „Гавары праўду“ Тацяна Караткевіч. — Мы ведаем, што толькі 11% заплаціла, астатнія ня плоцяць. Гэта таксама рашэньне, якое патрабуе нейкай волі. А яшчэ было б лепш, каб большасьць людзей выказала сваю пазыцыю пісьмова.

Мы падтрымаем гэта. Нашы актывісты на месцах, дзе будуць абвешчаныя вулічныя пратэсты, я думаю, далучацца. Але мы думаем, што кожны дзень дарагі. Трэба ўдзельнічаць ва ўсіх мэтадах, каб гэты дэкрэт скасавалі.

25 сакавіка мы адназначна пойдзем на акцыю, а 15-га — будзем глядзець, прымаць рашэньне. У нас цяпер вельмі вялікі графік рэгіянальных паездак — мы лічым, што і гэта вельмі важна.

Яшчэ ёсьць шмат людзей, якія нават баяцца пераступіць ганак раённых адміністрацыяў, каб выказаць сваю пазыцыю, яны баяцца пісаць нават звароты ў падатковую… Сёньня кожнае дзеяньне любога чалавека, якое пазначае яго грамадзянскую пазыцыю, робіць яго мацнейшым. І што „Гавары праўду“ падстаўляе плячо — гэта вельмі важна».

Паводле Радыё Свабода

Красавік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.