Партыя БНФ » Народная перамога: будаўніцтва каля Курапатаў спыняецца
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Народная перамога: будаўніцтва каля Курапатаў спыняецца

Дададзена 02.03.2017 8:24:41 | 369 праглядаў

Цяперашні забудоўшчык не будзе ўзводзіць бізнес-цэнтр на вуліцы Мірашнічэнкі — праз дарогу ад Курапатаў. Пра гэта распавёў лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч пасля сустрэчы 2 сакавіка з кіраўніцтвам кампаніі-заказчыка ТАА «Белрэканструкцыя» у асобе Ігара Анішчанкі і Сяргея Несперава.

— Яны нас пераканалі, што не збіраюцца там нічога будаваць і сыходзяць, — распавёў падрабязнасці сустрэчы Дашкевіч.

Паводле яго слоў, сёння і заўтра рабочыя будуць вывозіць з пляцоўкі ўсе матэрыялы і тэхніку, а ў панядзелак прыбяруць плот.

— Нам распавялі, што ў панядзелак яны будуць зараўніваць ландшафт. Яны афармляюць дамову з «Зяленбудам», каб тыя прыйшлі і аднавілі пляцоўку,— распавёў падрабязнасці сустрэчы Дашкевіч.

Дырэктар Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Белрэканструкцыя» Сяргей Несьцераў заявіў, што пляцоўка пад узьвядзеньне адміністрацыйнага будынка ля Курапацкага ўрочышча набытая на аўкцыёне на законных падставах.

«У нас ёсьць абавязаньні перад горадам па асваеньні выдзеленага ўчастку, плацім падатак на зямлю. Кампанія вырашыла прыпыніць працы да ўрэгуляваньня сытуацыі», — сказаў у інтэрвію БЕЛТА Сяргей Несьцераў.

Бізнэсовец лічыць, што гарадзкія ўлады і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці павінны разам шукаць шляхі вырашэньня праблемы. Інвэстар выказаў гатоўнасьць узяць удзел у фінансаваньні праекту па ўвекавечаньні памяці ахвяр рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты.

Сёньня ж Сяргей Несьцераў адмовіўся камэнтаваць сытуацыю па просьбе карэспандэнта Радыё Свабода. Раней у інтэрвію карэспандэнту Свабоды Несьцераў заявіў, што ў яго ўзьнікла апатыя, бо ён «убачыў твар апазыцыі і твар разьдзімальнікаў».

Паводле БЕЛТА, зямельны ўчастак, дзе плянуецца пабудаваць бізнэс-цэнтар, знаходзіцца ў раёне скрыжаваньня МКАД з вуліцай Мірашнічэнкі «за межамі зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці». Паводле афіцыйнага агенцтва, праект будаўніцтва ўзгоднены, ёсьць неабходныя дазвольныя дакумэнты, у тым ліку заключэньне дзяржаўнай экспэртызы, рашэньне Менгарвыканкаму ад 20 студзеня 2017 году № 162 «Аб дазволе ўзьвядзеньня абʼекта», дазвол інспэкцыі Дэпартамэнту кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Менску на правядзеньне будаўніча-мантажных работ. Плянуецца на 1 паверсе адміністрацыйнага будынка разьмясьціць памяшканьне грамадзкага прызначэньня, на 2–5 паверхах — офісы.

Пра прыпыненьне працаў на будоўлі стала вядома 1 сакавіка падчас сустрэчы абаронцаў Курапатаў са старшынём Менгарвыканкаму Андрэем Шорцам. Паводле ўдзельніка сустрэчы, старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, тэрыторыя, дзе вядзецца будоўля, была ў межах ахоўнай зоны і павінна заставацца ў межах ахоўнай зоны.

«Прыпынены працы — як мінімум цягам тыдня нічога ня будзе будавацца. Гэта нельга лічыць канчатковай перамогай», — сказаў палітык.

3 сакавіка а 18-й гадзіне абаронцы Курапатаў у Менску ладзяць агульнагарадзкі мітынг «Абаронім Курапаты». Ён пройдзе ў намётавым лягеры абаронцаў Курапатаў, які трывае ўжо 11 дзень. Абаронцы не зьбіраюцца згортваць лягер, пакуль ня будзе канчатковага рашэньня пра адмену будаўніцтва.

Паводле Радыё Свабода

Чэрвень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.