Партыя БНФ » “Народная Воля” – пра працяг перасьледу Натальлі Ільініч: трэці суд па старой справе
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


“Народная Воля” – пра працяг перасьледу Натальлі Ільініч: трэці суд па старой справе

Дададзена 05.03.2017 6:56:23 | 287 праглядаў

Здавалася б, ну колькі можна пісаць пра аднаго і таго ж чалавека! За апошнія гады на старонках “Народнай Волі” прозвішча былой настаўніцы гісторыі з вёскі Талька Пухавіцкага раёна Наталлі Ільініч фігуравала мноства разоў. То яе беспадстаўна звольнілі з працы, то яна трапіла ў складаную жыццёвую сітуацыю, то на яе лёс махнулі рукой мясцовыя чыноўнікі-бюракраты… Адным словам, выпрабаванне за выпрабаваннем.

Натальля ільініч свабода 2016Ведаючы пра змаганне Наталлі з сістэмай і паглыбіўшыся ў акалічнасці чарговай справы, хочацца ўсклікнуць: адчапіцеся ад жанчыны! Колькі можна здзекавацца з яе?! Але эмоцыі, як кажуць, да справы не прышыеш. Таму – факты.

Летам мінулага года ў Тальцы адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Машына забіла Наталліна цяля. Бывае ж такое: на ціхай вясковай вуліцы, дзе гадзінамі не сустрэнеш ніводнага чалавека і не праедзе ніводны аўтамабіль, раптам усё сышлося: дзве машыны з’ехаліся насупраць хаты Ільініч у той самы момант, калі Наталля з памагатымі – суседкай і яе дачкой – заганяла ў свой двор карову з цялём. Усе ўдзельнікі дарожнага руху добра бачылі адзін аднаго. Наталля нават паказвала шафёру адной з машын жэстамі, каб ён спыніўся, пакуль карова і цяля не зойдуць у двор. І ён спыніўся, але, калі жывёлы параўняліся з аўто, незразумела чаму рэзка засігналіў. Спалохаўшыся, цяля кінулася пад другую машыну, якая, як сцвярджае Наталля, рухалася па вясковай вуліцы з немаленькай хуткасцю і не збаўляла яе, хоць вадзіцель бачыў на дарозе жывёлу. Вынік: пашкоджанае аўто і забітае цяля.

У любой аўташколе слухачоў вучаць: гукавы сігнал у населеным пункце кіроўца можа і павінен даць толькі ў адной сітуацыі – каб папярэдзіць ДТЗ. У дадзеным выпадку падобна на тое, што сігнал якраз-такі справакаваў дарожнае здарэнне. Але начальнік ДАІ Пухавіцкага раёна Аляксандр Сугак, разбіраючы ДТЗ, прызнаў вінаватай у ім… Наталлю і наклаў штраф 5 базавых велічынь. Такое рашэнне на ўзроўні сенсацыі. Спакон веку ў вёсцы існуе правіла: шафёр, які не знізіў хуткасць і забіў жывёліну (курыца не лічыцца), павінен выплаціць шкоду. А тут атрымліваецца: Наталліна цяля забілі, дык яна яшчэ і вінаватая. Разбірацца, ці правамерна сігналіў адзін з кіроўцаў і на якой хуткасці рухаўся другі аўтамабіль, ці мог яго вадзіцель пазбегнуць наезду на жывёліну, ён, выходзіць, не палічыў патрэбным. Аўтатэхнічная экспертыза прызначана не была. Высновы, як вынікала з пастановы, рабіліся паводле дадзеных рэгістратара, усталяванага ў пашкоджанай у ДТЗ машыне.

Зразумела, што пагадзіцца з такім рашэннем Ільініч не магла і падала скаргу у суд. 5 верасня 2016 года суд Пухавіцкага раёна адмяніў пастанову начальніка ДАІ і накіраваў справу назад у ДАІ на вывучэнне.

31 кастрычніка ўжо новы кіраўнік раённай аўтаінспекцыі – выконваючы абавязкі начальніка Павел Чыжоў прыняў такое ж рашэнне, што і ягоны папярэднік. Але Наталля зноў абскардзіла яго ў судзе. Суд адмяніў чарговую пастанову начальніка раённай аўтаінспекцыі і зноў вярнуў справу ў ДАІ.

Гэтым разам ёю займаўся ўжо трэці кіраўнік ведамства – новы начальнік ДАІ Пухавіцкага раёна Яраслаў Жук. 30 студзеня 2017 года Жук вынес сваё рашэнне: вінавата адна Наталля, “оставила животное на дороге”.

Днямі Наталля Ільініч зноў падала скаргу ў суд. Трэцюю! Ізноў звяртае ўвагу на тое, што не ўсе абставіны ДТЗ даследаваны ўсебакова, поўна і аб’ектыўна. Напрыклад, нічога не зроблена для таго, каб устанавіць асобу вадзіцеля, які сігналіў. У прыватнай размове Наталля кажа, што прызнала ў ім інспектара ДАІ Паўла Чыжова – таго самага, які потым быў прызначаны выконваць абавязкі начальніка ДАІ Пухавіцкага раёна і прымаў рашэнне па гэтай справе. Дык, можа, вось дзе сабака закапаны?!

На нядаўняй “Вялікай размове з Прэзідэнтам” Аляксандр Лукашэнка кінуў у бок журналістаў папрок: маўляў, пішаце страшылкі, а калі падначаленыя прэзідэнта выязджаюць з праверкамі, то не заўсёды могуць знайсці герояў публікацый. Маўляў, няма такіх людзей, няма такіх сітуацый. Пра тое, што аўтары маюць права на псеўданім, – ні слова.

Наталлю Ільініч доўга шукаць не трэба, у Тальцы яе ўсе ведаюць. І справа яе, што называецца, у адкрытым доступе. Даручыце, Аляксандр Рыгоравіч, з усім разабрацца па законе! Бо гісторыя, якая на першы погляд быццам выедзенага яйка не вартая, пры дэталёвым разглядзе параджае шмат пытанняў. Нават суд пагаджаецца, што не ўсе акалічнасці справы вывучылі даішнікі, але тыя ўпарта гнуць сваю лінію: вінавата адна Наталля. Чаму не знойдуць кіроўцу аўтамабіля, які падаў гукавы сігнал? Чаму яго дадзеныя не пазначаны ў пратаколе, які складаўся на месцы ДТЗ? Чаму не ўлічваюць паказанні сведкі – суседкі Наталлі? Ільініч ўсё ж такі не памыляецца – за рулём сядзеў інспектар ДАІ?

У 2010 годзе Наталля Ільініч ўжо пацярпела ад свавольства нашай сістэмы. Удзел у выбарчых кампаніях, збор подпісаў за апазіцыйных кандыдатаў, прысутнасць на Плошчы 19 снежня 2010-га, сяброўства ў Партыі БНФ, ад якога не адраклася па запатрабаванні чыноўнікаў ад адукацыі, каштавалі ёй любімай працы ў школе. Пад якія б правільныя з пункту гледжання закона фармулёўкі ўлада тады не завуаліравала яе звальненне, усім было зразумела: Наталлю выціснулі са школы з-за грамадзянскай актыўнасці. Зачынілі дзверы школы назаўсёды перад настаўніцай, якая сваім прафесіяналізмам і шматгадовай працай заслужыла словы падзякі ад вучняў і іх бацькоў, павагу калег, шматлікія ганаровыя граматы. Як выжывала Наталля 6 гадоў, пакуль не выйшла на пенсію, толькі ёй вядома. Працы ў вёсцы не было, пляча, на якое можна было б абаперціся, таксама. І сёння для яе выплаціць штраф памерам больш за 100 рублёў праблема – лішняй капейкі пры пенсіі у 280 рублёў не мае. Тым больш калі яе канчаткова абвінавацяць, то ёй прыйдзецца заплаціць за рамонт пашкоджанага аўто. Кіроўца, што зрабіў наезд і забіў цяля, ужо даслаў прэтэнзію аплаціць рамонт ягонай машыны – 1719 рублёў 66 капеек. Для таго каб выплаціць 100 рублёў штрафу і 1719,6 за аўто, нават каровы не хопіць. Як кажуць, у старца кій адбіраюць.

Падчас “Вялікай размовы з Прэзідэнтам” А.Р.Лукашэнка многа гаварыў пра справядлівасць. Дык вось як быць са справядлівасцю ў дадзеным выпадку? Як рэагаваць на тое, што даішнікі, па сутнасці, не толькі не спачуваюць чалавеку, які ні ў чым не вінаваты, а больш за тое – ігнаруюць судовую пастанову?

Паводле газэты “Народная Воля

Жнівень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.