Партыя БНФ » Шклоўскі магістрат супраць карупцыі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Шклоўскі магістрат супраць карупцыі

Дададзена 05.03.2017 7:04:39 | 284 праглядаў

У грамадскім цэнтры “МОСТ” 4 сакавіка адбылося чарговае пасяджэнне грамадзянскай ініцыятывы “Шклоўскі магістрат”, якую ўзначальвае Рыгор Кастусёў. Сярод іншых на парадку дня стаяла пытанне аб сітуацыі з карупцыяй у Шклоўскім рэгіёне і мерах па яе скарачэнню з удзелам дэмакратычнай грамадскасці.

На пасяджэнні прысутнічалі як чальцы грамадзянскай ініцыятывы, так і шараговыя грамадзяне са шклоўскага раёна і госці з іншых рэгіёнаў вобласці.

2 ш

Паведамленне на тэму “Магілёўская вобласць: асаблівасці рэгіянальнай карупцыі” зрабіў кандыдат эканамічных навук, дацэнт Пётр Мігурскі. Ён адзначыў, што ў сучасных умовах развіцця сусвету, узнікнення новых эканамічных стасункаў, адным з негатыўных фактараў развіцця краіны з’яўляецца разбуральная моц карупцыі. У тым ліку і на рэгіянальным узроўні.

3 ш

Дакладчык заўважыў, што на фоне зніжэння агульнай колькасці злачынстваў у Магілёўскай вобласці у 2016 годзе на 2,5%, карупцыйныя правапарушэнні ўзраслі на 40%. У апошнія гады карупцыйная злачыннасць ў вобласці мае устойлівую тэндэнцыю на рост, што выклікае занепакоенасць як уладных структур, так і ў грамадскасці.

Ці ёсць якія асаблівасці карупцыі на рэгіянальным узроўні і што садзейнічае яе росту? Як змагацца з гэтым злом? Пра гэта і размаўлялі ўдзельнікі пасяджэння.

Сярод асаблівасцяў карупцыі на рэгіянальным узроўні дакладчык вылучыў яе сістэмнасць, іерархічнасць, карпаратыўнасць ці кругавую паруку, лабіяванне інтэрэсаў бізнэсу “прыкарытных” прадпрымальнікаў.

Заўважана, што многія рэгіянальныя карупцыянеры карыстаюцца прыкрыццём сталічных чыноўнікаў пры адначасовай пассіўнасці мясцовых улад у барацьбе са злачыннасцю.

Бессістэмнасць барацьбы з боку праваахоўных органаў, ігнараванне досведу грамадскіх аб’яднанняў і насельніцтва ў дадатак да закрытасці інфармацыі аб карупцыйных злачынствах ад грамадства значна зніжаюць эфектыўнасць барацьбы наогул.

Падмечана, што карупцыянеры “ад улады” (а такіх у вобласці 35% ад колькасці ўсіх карупцыянераў) амаль усе закончылі Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце РБ, і большасць з іх дэпутаты мясцовых саветаў.

На жаль, найбольш карумпаваным раёнам сярод сельскагаспадарчых раёнаў у краіне з’яўляецца Шклоўскі раён. За апошнія гады мясцовыя кіраўнікі здзейснілі больш 60% ад усіх злачынстваў нашай вобласці, скраўшы болей за 80 млрд. недэмінаваных рублёў.

Не дрэмле і дзяржава – за краты ў апошні час патрапілі два былых намеснікі старшыні райвыканкама, некалькі кіраўнікоў жылкамунгаса, звольнена з працы былы кіраўнік спраў райвыканкама.

Што толькі не прысабечваюць прадстаўнікі ўлады: грошы, кватэры, гаруча-змазачныя матэрыялы, сантэхніку, будматэрыялы, запчасткі да транспарту, нават, харчаванне.

Нахабства чыноўнікаў перасягае дазволеныя нават Законам межы – у Магілёўскім і Шклоўскім райвыканкамах працуюць службовыя асобы з крымінальным былым. Заканамернае пытанне, у тым ліку і да інспектара па Магілёўскай вобласці Г.Лаўранкова, няўжо ўлада не можа абысціся без бандытаў на дзяржаўнай пасадзе?

Судакладчыкам па тэме выступіў М.Кучарэнка, які прывёў канкрэтныя прыклады каррупцыі па Шклоўскаму раёну.

Удзельнікі пасяджэння грамадзянскай ініцыятывы прыйшлі да высновы, што без прыцягнення грамадскасці, незалежных сродкаў масавай інфармаці да барацьбы з карупцыяй знізіць яе негатыўнае ўздзеянне на ўзровень жыцця простых беларусаў немагчыма.

Таму было вырашана зрабіць актыўны ўдзел Шклоўскага магістрату ў справе барацьбы з карупцыяй адным з асноўных напрамкаў дзейнасці грамадзянскай ініцыятывы. Але і пашырыць сваю працу на ўсю Магілёўскую вобласць.

На пасяджэнні прынята Адозва да актыўных грамадзян і прапанова ўсім жыхарам Магілёўскай вобласці дасылаць звесткі аб карупцыйных злачынствах, якія мясцовыя ўлады рупяць схаваць ад грамадскасці, на электронную пошту agro56@tut.by. А мы ўжо знойдзем магчымасці праверыць факты злачынстваў і данесці іх да праваахоных органаў і грамадскасці.

На пасяджэнні таксама былі разгледжаны іншыя пытанні дзейнасці грамадзянскай ініцыятывы “Шклоўскі магістрат” і перспектывы супрацы з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі.

Аляксандр Сцяклоўскі, 6TV.BY

Чэрвень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.