Партыя БНФ » “Права выбару” выдала кнігу па выніках леташняй выбарчай кампаніі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


“Права выбару” выдала кнігу па выніках леташняй выбарчай кампаніі

Дададзена 05.03.2017 11:10:58 | 360 праглядаў

Кампанія назірання за выбарамі “Права выбару-2016” прэзентавала зборнік матэрыялаў па выніках леташняй парламенцкай кампаніі. Кніга змяшчае падрабязныя звесткі, дакументы і сведчанні, якія былі сабраныя назіральнікамі з усіх рэгіёнаў Беларусі.

2У зборніку адлюстраваныя зафіксаваныя назіральнікамі кампаніі масавыя факты парушэнняў падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у 2016 годзе, а таксама прадстаўленая выніковая справаздача па выніках аналіза гэтых парушэнняў і рэкамендацыі па выпраўленні заканадаўства і праваўжывальнай практыкі, што маглі б спрыяць правядзенню у Беларусі свабодных і справядлівых выбараў.

Адметнасцю выдання з’яўляецца ўключэнне ў зборнік побач з матэрыяламі незалежных назіральнікаў яшчэ і выніковай справаздачы місіі па назіранні БДІПЧ АБСЕ, а таксама маніторынгу сродкаў масавай інфармацыі: прадстаўлены як маніторынг незалежнай Беларускай асацыяцыі журналістаў, так і дадзеныя лаяльнага да ўладаў Беларускага саюза журналістаў. Уключаныя ў зборнік таксама і афіцыйныя статыстычныя звесткі пра вынікі выбараў, агучаныя Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Як адзначае старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які ўваходзіў у кіраўнічую раду кампаніі “Права выбару-2016″, гэты зборнік матэрыялаў дае надзвычай поўную і разнабаковую карціну мінулагодняй выбарчай кампаніі, што можа служыць падмуркам для выпраўлення прынцыповых недахопаў практыкі арганізацыі выбарчых кампаній у Беларусі:

-          Назіральнікамі партыяў і рухаў, якія аб’ядналіся ў супольную кампанію назірання “Права выбару-2016″ былі сабраныя пераканаўчыя сведчанні таго, што мінулагодняя выбарчая кампанія адбывалася паводле найгоршых традыцыяў кантраляванага выбарчага працэсу. Адсутнасць адкрытага падліку галасоў пры практычна поўным выдаленні з выбарчых камісій прадстаўнікоў апазыцыйных партый, створаныя для назіральнікаў перашкоды, не дазваляюць лічыць афіцыйна абвешчаныя вынікі выбараў вартымі даверу. У кнізе пра гэта прыводзіцца багата канкрэтных прыкладаў, а таксама прыводзяцца канкрэтныя выпадкі несупадзення агучаных камісіямі вынікаў з падлікамі нашых назіральнікаў – найперш гэта датычыцца маніпуляцыяў з яўкай, калі колькасць афіцыйна прагаласаваўшых выбаршчыкаў была штучна завышаная насуперак рэальнай яўцы, зафіксаванай назіральнікамі.

Вынікі назірання з’яўляюцца каштоўным аргументам для працы па выпраўленні выбарчага заканадаўства. Мы будзем настойваць, каб запланаваны цяпер працэс карэкціроўкі выбарчага кодэкса адбываўся з улікам тых рэкамендацыяў, што былі назапашаныя па выніках мінулай кампаніі назірання. Нажаль, на дадзены момант абмеркаванне рэформы выбарчага заканадаўства ладзіцца ўладамі кулуарна – вынікі працы адпаведнай рабочай групы не даведзеныя да грамадскасці, палітычныя партыі як асноўны ўдзельнік выбарчага працэсу не далучаныя да працэдуры абмеркавання, што з’яўляецца недапушчальным – сказаў Аляксей Янукевіч.

Старшыня Партыі БНФ падкрэсліў, што «Права выбару-2016» была самым шырокім аб’яднаннем дэмакратычных сіл на мінулах парламенцкіх выбарах –  кампанія аб’яднала 8 палітычных структур: Партыю БНФ, аргкамітэты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і Партыі Свабоды і Прагрэсу, Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада), праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Рух «За свабоду», Аб’яднаную грамадзянскую партыю, Беларускую партыю «Зялёныя», прафсаюз РЭП: “Паводле сваяго складу гэтая кампанія назірання з’яўлялася найбольш шырокім і прадстаўнічым аб’яднаннем дэмакратычных палітычных структур, у тым ліку не звязаных агульнымі кааліцыйнымі дамоўленасцямі ці тактычнымі падыходамі што да ўдзелу ў выбарчай кампаніі“.

Лідэр Партыі БНФ паведаміў, што цяпер удзельнікі кампаніі “Права выбару” рыхтуюцца да наступнай кампаніі назірання за мясцовымі выбарамі, якія павінны адбыцца напачатку 2018 годзе: паміж апазыцыйнымі партыямі дасягнутая дамоўленасць ладзіць супольнае назіранне у межах будучай кампаніі.

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.