Партыя БНФ » На юнака ціснуць за ўдзел у акцыі пратэсту супраць дэкрэта №3
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


На юнака ціснуць за ўдзел у акцыі пратэсту супраць дэкрэта №3

Дададзена 08.03.2017 12:12:48 | 125 праглядаў

Сябра «Моладзі БНФ», 10-клясьнік зь вёскі Чарнаўчыцы, што ў Берасьцейскім раёне, паведаміў Свабодзе пра ціск, які на яго і яго сямʼю чыніць школа пасьля ўдзелу ў акцыі «Марш недармаедаў» 5 сакавіка ў Берасьці.

C996C7C8-5306-47A8-BD90-4950C8D8545E_w1023_r1_s«Маёй маці тэлефанавала мая клясная кіраўніца і сказала, што яе пазбавілі прэміі і зрабілі вымову. Таксама яна сказала маці, што калі я не хачу праблемаў, то лепш мне ня „совацца ў гэтую справу“. Мне асабіста сказалі, што калі я не хачу, каб мая маці стала „дармаедам“, то каб я ня ўдзельнічаў у вулічных акцыях».

Таксама хлопец, які папрасіў не называць ягонага імя, сказаў, што сёньня ў школе ў яго была размова з дырэктарам. Той сказаў, што «дармаеды — гэта згубленыя людзі, і ня трэба іх абараняць»:

«На ўваходзе ў школу мяне сустрэў дырэктар і зрабіў неабгрунтаваную заўвагу наконт зьнешняга выгляду. Сказаў, што мае нагавіцы здалёк нагадваюць джынсы, хоць гэта клясычныя нагавіцы, якія адпавядаюць школьнаму дрэс-коду. Пасьля ён перайшоў на тэму „дармаедаў“. Сказаў, каб я ня ўдзельнічаў у акцыях, бо „мяне гэтая тэма ня тычыцца“. Ён сказаў, што „дармаеды“ — гэта згубленыя людзі, якія жывуць за кошт нашых падаткаў, і ня трэба іх бараніць. Я спытаў, што рабіць „дармаедам“, калі яны папросту ня могуць знайсьці працу, бо яе няма. Ён адказаў, што гэта іх праблема».

Клясная кіраўніца, выкладчыца геаграфіі Ларыса Шунгарава пацьвердзіла Свабодзе, што размаўляла з маці 10-клясьніка. Факт ціску яна адмаўляе. У той жа час, на яе думку, навучэнцы маюць права мець палітычныя погляды, але яшчэ не дасягнулі ўзросту, калі можна браць удзел у вулічных палітычных акцыях:

«Я лічу недапушчальным, што непаўналетні вучань нашай школы браў удзел у такім маршы. Якое ён мае дачыненьне да гэтай сытуацыі? Ён знаходзіцца на ўтрыманьні ў бацькоў. Я лічу, што ў такіх маршах могуць браць удзел паўналетнія людзі, якія могуць самі сябе ўтрымліваць. А якое ён мае да гэтага дачыненьне? Калі я размаўляла з маці гэтага 10-клясьніка, я ў яе спытала, ці кантралюе яна яго, ці ведае, дзе ён знаходзіцца ў вольны час. Яна сказала, што прасіла сына ня ўдзельнічаць у маршы, але ён не паслухаўся».

Ларыса Шунгарава таксама адзначыла, што хлопец заўсёды карыстаецца беларускай мовай і запаўняе дзёньнік па-беларуску, але з гэтым праблемаў ніякіх няма.

Сам хлопец сказаў Свабодзе, што пайшоў на акцыю 5 сакавіка таму, што хацеў падтрымаць людзей, якія засталіся бяз працы, і выказаць свой пратэст супраць дэкрэту № 3.

Старшыня «Моладзі БНФ» Юрась Лукашэвіч пацьвердзіў, што на актывістаў арганізацыі, многія зь якіх удзельнічаюць у акцыях супраць дэкрэту № 3, ціснуць у навучальных установах і на месцах працы. Паводле Лукашэвіча, тым, хто 25 сакавіка пойдзе на акцыю ў Менску, пагражаюць адлічэньнем і звальненьнем:

«На нашых актывістаў пачалі чыніць ціск у розных навучальных установах краіны за ўдзел у мітынгах супраць эканамічнай палітыкі дзейнай улады, пагражаюць адлічэньнем і міліцыяй. Яшчэ адзін выпадак адбыўся ў МГПК (філіял БНТУ), дзе нашым актывістам пагражаюць адлічэньнем за ўдзел у акцыі пратэсту 17 лютага ў Менску. Актывісты з Гомеля паведамляюць, што па інтэрнатах унівэрсытэтаў пачалі хадзіць міліцыянты з праверкамі і шукаць тых, хто распаўсюджвае налепкі і ўлёткі. У Віцебску пачалі пужаць працоўную моладзь на заводах і пагражаць звальненьнем тым, хто выйдзе 25-га на мітынг. У менскіх унівэрсытэтах і каледжах пачалі аказваць псыхалягічны ціск і пагражаць адлічэньнем тым, хто выйдзе 25 сакавіка».

Паводле Радыё Свабода

Красавік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.