Партыя БНФ » Збор подпісаў за аднаўленьне ахоўнай зоны Курапатаў (блянк заявы)
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Збор подпісаў за аднаўленьне ахоўнай зоны Курапатаў (блянк заявы)

Дададзена 10.03.2017 11:28:23 | 297 праглядаў

Пачаўся збор подпісаў пад адкрытым лістом да Міністэрства культуры з патрабаваньнем прыняць новы праект зонаў аховы Курапатаў.

курапаты kuropaty_forest_1Прадстаўнік ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» Марат Гаравы патлумачыў, чаму важна пакінуць у ахоўнай зоне прылеглыя да месцаў пахаваньняў тэрыторыі:

 

«Праект дае мажлівасьць Курапатам існаваць і захавацца як мэмарыялу. Любая будаўнічая дзейнасьць па пэрымэтры пагражае мэмарыяльнаму месцу экалягічна, у тым ліку гідралягічна. Важна каб захаваліся ляндшафт, старадаўнія дарогі і краявідныя пункты. „Навошта вам тэрыторыя дарогі сьмерці?“ — пытаюцца чыноўнікі. — Яны жывуць у іншых вымярэньнях».

Чаму зварот да Міністэрства культуры? «Бо яно адказвае, каардынуе кантралюе ўсе захады ў справе захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны», — тлумачыць Марат Гаравы.

Палітык Вінцук Вячорка падкрэсьліў, чаму важна як мага хутчэй пачаць шырокі зварот грамадзкасьці да Міністэрства культуры: «Бо дзяржаўныя структуры скідаюць адказнасьць адзін на аднаго. Трэба прадухіліць ведамасны «футбол».

Зьміцер Дашкевіч, лідэр абаронцаў Курапатаў, заявіў:

«Мажліва, Шорац (старшыня Менгарвыканкаму. — РС) будзе шукаць іншых забудоўнікаў, у кожным выпадку нам усім разам — сотням чалавек —атрымалася вывесьці тэму на агульнанацыянальны ўзровень абмеркаваньня».

Як толькі Зьміцер Дашкевіч выйшаў зь сядзібы БНФ, яго затрымалі людзі ў штацкім.

Сярод першых свае подпісы пад зваротам паставілі:

 

Барыс Пятровіч (Сачанка), старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў
Андрэй Бастунец, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў
Зьміцер Дашкевіч, лідэр «Маладога Фронту»
Марат Гаравы, «Экспэрты ў абарону Курапатаў»
Павал Севярынец, сустрашыня аргкамітэту БХД
Валянціна Вяргей, археоляг
Леанід Акаловіч, сьвятар
Аляксей Януковіч, старшыня Партыі БНФ
Вацлаў Арэшка, культуроляг
Ігар Марачкін, суполка мастакоў «Пагоня»
Вінцук Вячорка, грамадзкі дзеяч
Зінаіда Тарасевіч, нарадзілася ў ГУЛАГУ, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій.
 

Аляксей Янукевіч запрашае ў сядзібу партыі БНФ ставіць подпіс. Ад 13 сакавіка можна будзе браць копію ліста і самастойна адпраўляць на адрас Міністэрства культуры. Альбо разрукаваць па форме, што падаецца ніжэй:

Міністру культуры Рэспублікі Беларусь

Барысу Уладзіміравічу Святлову

Копія: прэм’ер-міністру Рэспублікі Беларусі

Андрэю Уладзіміравічу Кабякову

 

Шаноўны Барыс Уладзіміравіч!

 

Да Вас звяртаюцца грамадзяне краіны, заклапочаныя сітуацыяй вакол Курапатаў і, у першую чаргу, вакол ахоўнай зоны гэтага ляснога масіву, што ў 1993 годзе ўнесены ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як помнік міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 30-40-х гадоў XX стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты”.

Праз тое, што цягам 21 году гэты помнік не меў сталага зацверджанага дзяржавай праекту зонаў аховы, неаднаразова адбываліся спробы забудаваць тэрыторыю каля каштоўнасці будынкамі, што не маюць аніякага дачынення да патрэбаў помніка. Адпаведнай рэакцыяй грамадства на такія дзеянні былі супрацьстаянні паміж забудоўнікамі і тымі, для каго Курапаты з’яўляюцца нацыянальнай святыняй, дзе не па сваёй волі ляжаць дзясяткі, а можа і сотні тысяч невінаватых суайчыннікаў.

Вялікі розгалас у краіне і ў свеце мелі падзеі 2001-2002 гадоў, калі ў адказ на пашырэнне МКАД праз Курапаты, якое пачалося без грамадскага абмеркавання і належна аформленай праектнай дакументацыі, беларуская моладзь бараніла народны мемарыял ад чыноўнікаў і будаўнікоў, а таксама сумнавядомыя падзеі з узвядзеннем у ахоўнай зоне каштоўнасці рэстаранна-забаўляльнага комплексу з абражальнай для беларусаў назвай “Бульбаш-хол”. Апошняй падзеяй, што выклікала супрацьстаянне ля Курапатаў, стаў пачатак будаўніцтва пяціпавярховага будынку бізнэс-цэнтру на тэрыторыі, якая была прададзена на аўкцыёне ў той час, калі знаходзілася ў складзе ахоўнай зоны помніка. У абодвух апошніх выпадках Міністэрства культуры замест таго, каб належным чынам бараніць недатыкальны статус ахоўнай зоны Курапатаў, патурала забудоўнікам і рабіла адпаведныя юрыдычныя захады, каб змяніць межы ахоўнай зоны народнага мемарыялу на карысць нядобрасумленных бізнэсоўцаў. У выніку ахоўная зона каштоўнасці, дзе забаронена ўсякае новае будаўніцтва, нашмат скарацілася і нават страціла сваю перашапачатковую цэласнасць. Разам з тым, заўважна павялічыўся антрапалагічны ўціск на помнік, што і так аточаны дзвюма магістралямі з інтэнсіўным рухам і вялікай колькасцю шкодных выкідаў – МКАД і шашой Заслаўе – Калодзішчы.

Як паказалі падзеі апошняга часу, наяўная ахоўная зона не бароніць каштоўнасць, якую чакаюць новыя выклікі і пагрозы. Аналіз гісторыі распрацоўкі і ўсталявання зонаў аховы Курапатаў дазваляе выявіць памылкі, якіх неабходна пазбегнуць у будучым. А менавіта:

1) Паводле заканадаўства зоны аховы гістарычна-культурных каштоўнасцяў, таксама як і зоны аховы вода-, газа-, нафтаправодаў, ваенных, водных і падобных аб’ектаў, усталёўваюцца профільнымі міністэрствамі і ведамствамі і ўлічваюцца як зыходныя дадзеныя пры планаванні тэрыторыяў. Усталяванне межаў і рэжымаў утрымання зонаў аховы помнікаў – гэта прэрэгатыва і права Міністэрства культуры. Міністэрства не павінна было ў 2004 г. ўзгадняць з органамі мясцовай улады праект зонаў аховы, распрацаваны супрацоўнікамі інстытуту “Праектрэстаўрацыя” Вольгай Косьціч і Таццянай Кукуняй і 20 мая 2003 г. аднагалосна ўхвалены Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Непрадугледжанае законам папярэдняе ўзгадненне з Мінгарвыканкамам і Мінаблвыканкамам гэтага праекта зонаў аховы прывяло да іх неабгрунтаванага змяншэння, што мела наступствам з’яўленне “Бульбаш-холу” і выклікала справядлівае грамадскае абурэнне.

2) Заканадаўства не ведае тэрміну “часовыя” зоны аховы. Зоны аховы або ёсць, або іх няма. У 2004 г. Міністэрства культуры павінна было зацвердзіць сталыя зоны аховы, якія не змяняюцца ў залежнасці ад знешняй кан’юнктуры. Тады не было б планаў па забудове поля паміж Курапатамі і гандлёвым цэнтрам BIGZZ. Не было б і скандальнай сітуацыі з будаўніцтвам бізнес-цэнтра.

Улічваючы гэтыя памылкі, неабходна распрацаваць новы – навукова, гістарычна і метадычна абгрунтаваны праект зонаў аховы Курапатаў, што адпавядае іхнаму статусу і які трэба абмеркаваць з удзелам грамадскасці. Гэты праект павінен абапірацца, у першую чаргу, на праект Таццяны Косьціч і Вольгі Кукуні.

Зыходзячы з канстытуцыйнага абавязку бараніць спадчыну, патрабуем зацвердзіць годныя зоны аховы, якія забяспечваюць існаванне і захаванне Курапатаў:

1. Вярнуць у склад ахоўнай зоны помніка тэрыторыю на паўднёвы ўсход ад каштоўнасці. Тэрыторыя ўключае частку МКАД і пляц зямлі, дзе меркавалася ўзвесці пяціпавярховік бінэс-цэнтру. Гэтая тэрыторыя знаходзілася ў ахоўнай зоне з 2004 г., заставалася  ў праекце зон аховы 2013 г., аднак была выдалена з ахоўнай зоны для арганізацыі з’езду з МКАД і для транспартнага абслугоўвання БелЭКСПО, якое меркавалася ўзвесці на полі паміж Курапатамі і гандлёвым цэнтрам BIGZZ. Паколькі ў гэтым месцы ад будаўніцтва БелЭКСПО адмовіліся, лагічна вярнуць названую тэрыторыю ў ахоўную зону.

2. З усходняга боку каштоўнасці неабходна пашырыць ахоўную зону да вуліцы Мірашнічэнкі. Аналіз сітуацыі сведчыць, што любое будаўніцтва паміж палявой “Дарогай смерці” (апошнім шляхам ахвяраў на расстрэл на ўсход ад Курапатаў) і гандлёвым цэнтрам BIGZZ створыць пагрозу захаванасці самаго помніка і ягонага гістарычнага атачэння – ландшафту, старадаўніх дарог і краявідных пунктаў. Забараніць змяняць статус “зямлі сельскагаспадарчага прызначэння” для поля паміж Курапатамі і гандлёвым цэнтрам BIGZZ.

3. З захаду пашырыць ахоўную зону помніка на тэрыторыю “Бульбаш-холу” (да аўтазапраўкі). Рэжым утрымання ахоўнай зоны з гэтага боку не азначае разбурэння наяўных будынкаў, але дазволіць рэгламентаваць характар іхнага выкарыстання з тым, каб не дапусціць у будучыні прыстасавання гэтых будынкаў пад недарэчныя функцыі, што не адпавядаюць патрэбам Курапатаў.

4. Надаць статус зоны рэгулявання забудовы для катэджнага пасёлку “Сонечны” і тэрыторыі ад паўночна-заходняй мяжы ахоўнай зоны помніка да ракі Цна.

На нашую думку, зацвярджэнне новага праекту зонаў аховы Курапатаў засведчыць дзяржаўнае стаўленне Міністэрства культуры да Курапатаў, як да святыні, а таксама знакавасць гэтага народнага мемарыялу ў найноўшай гісторыі краіны. А забеспячэнне няўхільнага выканання новага праекту зонаў аховы Курапатаў гарантуе непарушнасць помніка і ягонага гістарычнага атачэння, адновіць давер людзей да дзяржавы ў справе захавання гістарычна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

З павагай

Імя Прозвішча Пасада Адрас Дата Подпіс
 

 

 

 

     
 

 

 

 

     
 

 

 

 

     
 

 

 

 

     
   

 

     
   

 

     
   

 

     
   

 

     
 

 

 

 

     
 

 

 

 

     
 

 

 

 

     
 

 

 

 

     
   

 

     
   

 

     
   

 

     

Жнівень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.