Партыя БНФ » Дэмакраты Гародні напярэдадні судоў: “Народ знойдзе лідараў”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Дэмакраты Гародні напярэдадні судоў: “Народ знойдзе лідараў”

Дададзена 14.03.2017 9:06:23 | 171 праглядаў

Гродзенскія актывісты, якіх 14 сакавіка будуць судзіць за ўдзел у акцыі супраць Дэкрэту №3, якая прайшла ў Гродне 19 лютага, запрасілі польскага і літоўскага консулаў на суд. Актывісты лічаць, што штрафамі справа не абыйдзецца і ім дадуць некалькі сутак адміністрацыйнага арышту. На правядзенне Маршу недармаедаў 15 сакавіка гэта ніяк не паўплывае, кажуць яны — народ самаарганізуецца і знойдзе лідараў.

гродзенскія актывісты марш нетунеядцаў (4)

Консулаў заклікаюць наведаць суд 14 сакавіка і Марш нетунеядцаў 15 сакавіка ў парку Жылібера з мэтай “маніторынгу сітуацыі, якая склалася ў Беларусі”, каб яны данеслі сваё меркаванне і бачанне да структур Еўрасаюза.

Кіраўнік Гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў  лічыць, што механізм рэпрэсій запусцілі пасля круглага стала ў гарвыканкаме. А суды падкрэсліваюць неэфектыўнасць перамоваў і адсутнасць дыялогу паміж уладай і грамадскімі актывістамі. Ён лічыць, што прысуд будзе накіраваны на тое, каб максімальна ізаляваць людзей, якія могуць кіраваць пратэстам 15 сакавіка. Але, нягледзячы на гэта, мітынг адбудзецца, а суды толькі выклічуць абурэнне людзей. Вадзім заклікае кожнага праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю і быць гатовым заняць месца лідара.

гродзенскія актывісты марш нетунеядцаў (6)

— На дадзены момент больш за 50 актывістаў і лідараў партый арыштаваныя ці знаходзяцца пад вартай, — кажа Сяргей Верамеенка з БХД. – Мы хочам выкарыстаць усе магчымыя шляхі, каб прыцягнуць увагу да гэтай сітуацыі. Прадстаўнікі консульстваў, калі прыйдуць, вельмі нас падтрымаюць. Няма спадзеву, што мы абыдземся штрафамі. Самых актыўных будуць саджаць.

гродзенскія актывісты марш нетунеядцаў (8)

Сяргей лічыць, што пры консулах ім хаця б не дадуць надта вялікія тэрміны. Бо ім могуць даць і 15 сутак, каб перашкодзіць правядзенню чарговай акцыі 25 сакавіка ў Мінску і 26 сакавіка ў рэгіёнах.

Агульная пазіцыя прадстаўнікоў дэмакратычных сіл на судзе будзе наступнай: Дэкрэт № 3 антыканстуцыйны і павінен быць адменены, а права на пратэсты – неад’емнае права кожнага.

Прадстаўнікі дэмакратычных структур лічаць, што ў Гродне на Марш недармаедаў выйдзе не адна тысяча чалавек. Гэтаму паспрыяюць і мітынгі ў іншых гарадах.

— Грошы – першасная патрэба, — кажа Вадзім Саранчукоў. – Безумоўна, калі чалавеку няма чаго есці, ён выходзіць пратэставаць. Але практыка паказвае, што пратэсты не выключна фінансавыя, і нават з большага не фінансавыя. Людзей дастала сістэма кіравання ў краіне, беспрацоўе, палітычны тупік. Усё гэта цалкам перапоўніла чашу цярпення.

Сяргей Верамеенка лічыць, што роля рэгіёнаў можа быць вырашальнай у змаганні супраць Дэкрэта №3. Сённяшняя сітуацыя вельмі падобная да снежаньскага пратэсту 2010 супраць вынікаў выбараў. Але калі тады ўсё было сканцэнтравана ў Мінску, сёння людзі выходзяць там, дзе яны знаходзяцца. Прадстаўнік БХД лічыць, што ўладзе не хопіць міліцыянтаў і камер, каб спыніць пратэст.

— Дэкрэт стаў апошняй кропкай і перапоўніў чаша трывання, — кажа Сяргей Верамеенка. – Нават калі нас ізалююць, мітынг адбудзецца, бо няма такой моцы, якая ізалявала б увесь народ. Добра, што галодны страўнік беларусаў стаў падставай не для некантраляваных бунтаў, а для абуджэння грамадзянскай і нацыянальнай свядомасці.

Актывісты кажуць, што перад акцыяй 19 лютага не было вялікай падрыхтоўкі і масавых запрашэнняў людзей, але людзі прыйшлі. Гэта паказвае пратэстны настрой, які сёння ёсць з-за тупіковай сітуацыі, якую кожны беларус адчуў на сабе. Тады акцыя была стыхійнай, не хапала візуальнай прадукцыі, гукаўзмацняльнікаў. Марш 15 сакавіка таксама будзе стыхійным, але актывісты лічаць, што народ сам прынясе неабходня сродкі тыпу ўзмацняльнікаў.

Гродзенскія актывісты не бяруцца казаць, ці будуць арышты удзельнікаў маршу, бо нельга сказаць, які сцэнар рухтуе ўлада. Сяргей Верамеенка кажа, што яму хацелася б верыць, што мітынгі – гэта пераломны гістарычны момант. Але шмат людзей яшчэ напалоханыя. Мітынгі – першы крок, пасля якога людзі выходзяць і становяцца лідарамі.

Павестка ў суд, атрыманая лідэрам Гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ Вадзімам Саранчуковым:

17239789_10202675475003733_9078511068748539631_o

Паводле рэгіянальнага парталу hrodna.life

Красавік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.