Партыя БНФ » У Слаўгарадзе на судзе дзяржабвінаваўца папрасіла пакараць ветэрана Вялікай Айчыннай вайны трыма гадамі пазбаўлення волі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У Слаўгарадзе на судзе дзяржабвінаваўца папрасіла пакараць ветэрана Вялікай Айчыннай вайны трыма гадамі пазбаўлення волі

Дададзена 14.03.2017 12:20:30 | 357 праглядаў

Намеснік пракурора Слаўгарадскага раёна Ірына Слаўнікава прапанавала суду пакараць ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, пісьменніка, сябру БНФ Фелікса Шкірманкова трыма гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады.

4 сл

Пасяджэнне суда Слаўгарадскага раёна, на якім пачаўся разгляд крымінальнай справы, распачатай супраць Фелікса Шкірманкова, адбылося ў Слаўгарадзе 10 сакавіка. Вёў пасяджэнне старшыня суда Слаўгарадскага раёна Аляксандр Курылін.

90 гадовы ветэран абвінавачваецца ў тым, што ён парушыў ч.2 арт. 317 і ч.3 арт. 159 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, здзейсніўшы па неасцярожнасці дарожна-транспартнае здарэнне і пасля гэтага з’ехаўшы з месца ДТЗ, у выніку чаго пакінуў пацярпелую жанчыну ў цяжкім стане.

1 сл

Дарожна-транспартнае здарэнне адбылося ў Слаўгарадзе 9 лістапада 2016 года. Фелікс Уладзіміравіч на ўласным аўтамабілі ехаў у бальніцу, каб наведаць там знаходзячуюся ў цяжкім стане жонку, і збіў жанчыну-веласіпедыстку, а пасля з’ехаў з месца здарэння.

Падчас пасяджэння Фелікс Шкірманкоў часткова прызнаў сваю віну. Ён пагадзіўся з тым, што яго аўтамабіль сутыкнуўся з веласіпедысткай, аднак катэгарычна адхіліў абвінавачванне ў тым, што ён адмыслова пакінуў месца здарэння, не аказаўшы дапамогі пацярпелай жанчыне.

Па словах Фелікса Уладзіміравіча, у сувязі з цяжкай анкалагічнай хваробай жонкі, з якой яны пражылі разам амаль 70 гадоў, ён знаходзіўся ў вельмі дрэнным псіхалагічным стане. Пры выездзе на галоўную дарогу ён ледзь здолеў пазбегнуць сутыкнення з іншым аўтамабілем, таму нават і не заўважыў, што пры выкананні гэтага манеўра зачапіў веласіпед праязджаючай жанчыны.

Пацярпелая Валянціна Жукава атрымала цяжкае цялеснае пашкоджанне – закрыты пералом левай плечавай косткі. Яна патрабуе з Фелікса Шкірманкова кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 5000 рублёў. Пры апытанні ў судзе Валянціна Жукава не здолела патлумачыць, чаму яна вызначала атрыманую ёй маральную шкоду менавіта ў такім памеры.

У суддзе былі таксама апытаныя сведкі здарэння Аляксандр Каршуноў, Дзмітрый Лазавікоў і Аляксандр Жартун. З дапамогай іх сведчанняў была адноўлена рэальная карціна здарэння і падзей, якія адбываліся пасля яго.

Абвінаваўца Ірына Слаўнікава азнаёміла ўдзельнікаў судовага пасяджэння з матэрыяламі судовай справы. Было агалошана, што, па выніках лабараторнага даследвання крыві, падчас ДТЗ Фелікс Шкірманкоў быў цвярозы, у крыві пацярпелай жанчыны было выяўлена 0,53 праміле алкаголю.

У сваім выступе Ірына Слаўнікава палічыла, што віна Фелікса Шкірманкова цалкам даказаная падчас расследавання крымінальнай справы. Яна папрасіла суд Слаўгарадскага раёна прызнаць яго вінаватым паводле ч.2 арт 317 і ч.3 арт. 159, і вынесці прысуд, шляхам складання пакарання, аб пазбаўленні Фелікса Шкірманкова волі на тры гады з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. Таксама Ірына Слаўнікава прапанавала суду пазбавіць Шкірманкова правоў кіроўцы на пяць гадоў і пакараць яго штрафам у памеры 30 базавых велічынь.

Абаронца Ф. Шкірманкова, адвакат Ульяна Рэдзькова звярнулася да суда з просьбай улічыць чыстасардэчнае раскаянне Шкірманкова, яго добрыя маральныя якасці і станоўчыя характарыстыкі, і ўжыць у адносінах да яго арт. 78 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Асуджэнне з умоўным нескарыстаннем пакарання).

Пацярпелая Валянціна Жукава папрасіла суд не прыцягваць Фелікса Шкірманкова да крымінальнай адказнасці, але разам з тым прыняць рашэнне аб выплаце ім маральнай кампенсацыі на яе карысць у памеры 5000 рублёў.

Неабходна адзначыць, напачатку судовага пасяджэння суд Слаўгарадскага раёна прыняў рашэнне аб задавальненні хадайніцтва Фелікса Шкірманкова. Суд адмяніў пастанову старэйшага следчага падпалкоўніка Пазнякова аб арышце на маёмасць ветэрана. У выніку арышта разліковага рахунка Шкірманкова ў банку ветэран застаўся без сродкаў для існавання, бо на гэты рахунак пералічвалася яго пенсія. Зараз Ф. Шкірманкоў зможа карыстацца грашовымі сродкамі з гэтага рахунка, за выключэннем сумы у памеры 4649 рублёў, якая была на рахунку па стане на 14 лютага 2017 г. і засталася пад арыштам згодна рашэння суда Слаўгарадскага раёна.

Напрыканцы судовага пасяджэння суддзя Аляксандр Курылін абвясціў прысутным, што наступнае судовае пасяджэнне, на якім будзе разглядацца крымінальная справа ў адносінах да Фелікса Шкірманкова, пачнецца ў судзе Слаўгарадскага раёна 15 красавіка 2017 г. у 10-00. Падчас гэтага пасяджэння, верагодна, будзе вынесены прысуд у адносінах Фелікса Шкірманкова.

На судзе 10 сакавіка ў Слаўгарадзе прысутнічалі сябры і паплечнікі Фелікса Уладзіміравіча з іншых рэгіёнаў Магілеўшчыны. Яны прыехалі у гэты горад, каб патрымаць ветэрана ў цяжкой жыццёвай сітуацыі.

2 сл

Іван Барысаў, рэгіянальны партал 6tv.by

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.