Партыя БНФ » 15 сакавіка адбудуцца акцыі пратэсту супраць эканамічнага курсу ўладаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


15 сакавіка адбудуцца акцыі пратэсту супраць эканамічнага курсу ўладаў

Дададзена 15.03.2017 1:14:36 | 117 праглядаў

15 сакавіка ў Менску пройдзе другі «Марш недармаедаў», які некаторыя актывісты называюць «рэпэтыцыяй перад 25 сакавіка».

1489556660_minsk15-1Заяўнікі менскай акцыі на прэс-канфэрэнцыі абвясьцілі, што акцыя пройдзе паводле зацьверджанага ўладамі сцэнару: збор а 17.30 каля Акадэміі навук, затым шэсьце ў бок плошчы Бангалор, але пры гэтым на самую агароджаную пляцоўку на плошчы Бангалор арганізатары выводзіць людзей не плянуюць – спыняцца каля рэстарацыі Макдоналдс.

У гэты ж дзень — другі гарадзенскі пратэст супраць дэкрэту № 3 і акцыя ў Магілёве

Гродна. Парк Жылібера, 18.00

Віцебск. Плошчуа Перамогі, 16.00

Магілёў. Вул. Ленінская 29, 18.00

Партыя БНФ таксама будзе ўдзельнічаць у «Маршы недармаедаў» 15 сакавіка, паведаміў Радыё Свабода старшыня партыі Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч

«Абавязкова БНФ выйдзе на акцыю, будзем ісьці ў агульнай калёне разам з арганізатарамі. Мы звычайна рэкамэндуем выходзіць на супольныя акцыі з нацыянальнымі бела-чырвона-белымі сьцягамі, а не з партыйнымі. Але будзе і партыйная сымболіка, лёзунгі, расьцяжкі».

У рэгіёнах улады намагаюцца перашкодзіць грамадзянам рэалізаваць права на мірны пратэст – паведамляе Праваабарончы цэнтар “Вясна”:

ГАРОДНЯ:

Гарадзенскія ўлады не далі афіцыйнага дазволу на правядзенне ў горадзе мітынга 15 сакавіка. Яго планавалася правесці ў парку Жылібера ў 18 гадзін. Мясцовыя актывісты заявілі аб тым, што акцыя пратэсту супраць Дэкрэта №3 аб сацыяльным утрыманстве ўсё адно адбудзецца.

Напярэдадні гарадзенскія ўлады вырашылі збіць пратэстны настрой гарадзенцаў масавымі судовымі працэсамі. 14 сакавіка ў горадзе суды вынеслі 12 пастаноў, караючы ўдзельнікаў папярэдняй акцыі штрафамі ды арыштамі.

hrodna.life паведамляе, што ў “парку Жылібера ў аўторак 14 сакавіка пачалася пазапланавая ўстаноўка камер відэаназірання. Іх усталёўваюць каля летняй пляцоўкі і вялiкага фантана. Верагодней за ўсё такім чынам службы рыхтуюцца да недазволенага ўладамі мітынгу недармаедаў супраць дэкрэту №3, якi мае адбыцца ў парку 15 сакавiка”.

Камеры відэаназірання ў парку Жылібера. Фота: hrodna.life

Цягам дня за здымачнай групай „Белсата” у Гародні сачылі невядомыя, паведамляе Радыё Рацыя:

– Увесь дзень за групай тэлеканала „Белсат” сачылі невядомыя, адзін з журналістаў тэлеканала заблакаваны ў сваім пад’ездзе, яму не даюць выйсці з хаты. Грамадскі актывіст БСДП Анатоль Мышкевіч таксама заблакаваны дома невядомымі. Гарадзенскіх студэнтаў, што планавалі выйсці на акцыю, сёння прымусілі выходзіць на заняткі.

Пра сітуацыю ў Купалаўскім універсітэце распавядае адзін са студэнтаў, якога прымусілі выйсці на заняткі ў другую змену:

– Мне патэлефанавалі з універсітэта, тэлефанавалі вельмі доўга, пакуль быў у душы, пакуль быў на кухні. Падняў дамашні тэлефон, сказалі, што заўтра я не павінен прысутнічаць на мітынгу, а павінен знаходзіцца на занятках з 16:25 да 21:10. У адваротным выпадку буду адлічаны за пропускі заняткаў.


ВІЦЕБСК:

“Марш недармаедаў” у Віцебску запланаваны на 16 гадзін. Удзельнікаў мітынгу запрашаюць збірацца на Плошчы Перамогі. На папярэдняй акцыі, якая адбылася ў Віцебску 26 лютага, міліцыя затрымала пяць чалавек.

Кіраўніку Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Канстанціну Смолікаву прыйшла позва з выклікам на 15.00 у Сьледчы камітэт у якасьці сьведкі. Па якой справе спатрэбіліся сьведчаньні, у позьве да сьледчага, падпалкоўніка юстыцыі Івана Дземідовіча нічога не сказана.

Вядома таксама, што суд Кастрычніцкага раёна Віцебска 21 сакавіка разгледзіць адміністрацыйную справу ў дачыненні да рэгіянальнага каардынатара БХК Тацьцяны Севярынец. Яе абвінавачваюць у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 КаАП).

Заяўка праваабаронцы Леаніда Свеціка на правядзеньне мітынгу 15 сакавіка не задаволеная. Спасылаючыся на палажэньні рашэньня гарвыканкаму №881 2009-га году, намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна акцыю забараніла, хоць яна мусіла прайсьці на пляцоўцы, якую гарадзкія ўлады адмыслова адвялі пад масавыя мерапрыемствы.

Актывісту Партыі БНФ Канстанціну Смолікаву прыйшла позва з выклікам на 15.00 у Сьледчы камітэт у якасьці сьведкі. Па якой справе спатрэбіліся сьведчаньні, у позьве да сьледчага, падпалкоўніка юстыцыі Івана Дземідовіча нічога не сказана. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода.

Каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец таксама паведаміла, што да яе ў кватэру спрабуюць трапіць міліцыянты зь Першамайскага РАУС — нібыта з тым, каб перадаць нейкую позву. Пра гэта расказалі відавочцы, сама спадарыня Тацяна цяпер ня дома.


МАГІЛЁЎ:

Магілёўскі гарвыканкам таксама адмовіў заяўнікам у «Маршы недармаедаў» 15 сакавіка. Заяўнікамі маршу выступілі Алег Аксёнаў, Уладзімер Шанцаў, Алесь Сілкоў і Ігар Барысаў.

Аднак  14 сакавіка ўлады вырашылі нейтралізаваць партыйных актывістаў: Алег Аксёнаў судом быў арыштаваны на 15 сутак, Уладзімера Шанцава ўчора змясцілі да суда ў ІЧУ, а сёння прысудзілі 15 сутак арышту, Ігара Барысава затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце “Мінск-2”.

Прыкладна ў 15 гадзін  актывіста руху «За свабоду» з Магілёва Алеся Сілкова затрымалі супрацоўнікі міліцыі і адвезлі ў РУУС.

У Магілёўскім офісе БНФ невядомыя асобы залілі замкі уваходнай дзвяры клеем.

Марш недармаедаў ў Магілёве плануецца правесці ў 18 гадзін. Збор удзельнікаў ад дому па вуліцы Ленінскай, 29.

Сакавік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Лют    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.