Партыя БНФ » 90-гадовага Фелікса Шкірманкова асудзілі на паўтара года зьняволеньня з адтэрміноўкай
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


90-гадовага Фелікса Шкірманкова асудзілі на паўтара года зьняволеньня з адтэрміноўкай

Дададзена 16.03.2017 12:09:53 | 308 праглядаў

Паўтара года зьняволеньня з адтэрміноўкай на год — такі вырак вынес 15 сакавіка Слаўгарадзкі суд 90-гадоваму пэнсіянэру, сябру БНФ Феліксу Шкірманкову.

81C4ACC5-1149-4251-8DE1-B5E3E61FDF14_w1023_r1_sЯго пазбавілі на пяць гадоў правоў кіроўцы і абавязалі кампэнсаваць маральныя страты пацярпелай ад дарожна-транспартнага здарэньня, якое адбылося па ягонай віне. Акрамя таго, ён аштрафаваны на 30 базавых велічыняў за тое, што парушыў правілы дарожнага руху, стварыўшы тым самым аварыйную сытуацыю. Шкірманкоў мае аплаціць судовыя выдаткі і выдаткі, зьвязаныя з правядзеньнем экспэртызаў.

Сьледзтва высьветліла, што летась 9 лістапада Фелікс Шкірманкоў, едучы на сваёй машыне, зьбіў жанчыну на ровары. Тая ўпала і зламала сабе руку. Кіроўца зь месца здарэньня зьехаў.

Фелікс Шкірманкоў абавязаны выплаціць пацярпелай 5 тысяч рублёў маральнай кампэнсацыі. Абвінавачаны настойваў у судзе, што гэтая сума завялікая і не выключае, што будзе яе абскарджваць. Ён гатовы выплаціць ёй 1 тысячу рублёў. Разам з тым у апошнім сваім слове ён выбачыўся перад жанчынай. Пацярпелая ня здолела аргумэнтаваць, чаму запатрабавала ад адказчыка 5 тысяч кампэнсацыі.

Фелікс Шкірманкоў не прызнаў сваёй віны ў тым, што ён зьехаў зь месца здарэньня, каб унікнуць пакараньня. Паводле яго, выяжджаючы на галоўную дарогу, ён ледзьве не сутыкнуўся зь іншай машынай. Ягоная ўвага была засяроджаная на гэтым эпізодзе, а наезду на раварыстку ён не заўважыў, таму і зьехаў зь месца аварыі.

Будынак Слаўгарадзкага судуБудынак Слаўгарадзкага суду

 

Разам з тым судзьдзя Аляксандар Курылін прызнаў Шкірманкова вінаватым у парушэньні правілаў дарожнага руху, у выніку якога чалавеку празь неасьцярожнасьць было нанесена цяжкае цялеснае пашкоджаньне. За гэты эпізод старога пакаралі годам пазбаўленьня волі. Шасьцю месяцамі зьняволеньня судзьдзя Курылін пакараў пэнсіянэра за тое, што той зьехаў зь месца дарожна-транспартнага здарэньня, пакінуўшы пацярпелую ў небясьпечным для яе здароўя стане.

10 сакавіка, у першы дзень судовага разбору, раённы суд задаволіў хадайніцтва Фелікса Шкірманкова аб адмене пастановы на арышт маёмасьці, вынесенай старшым сьледчым у асабліва важных справах аддзелу выкрыцьця злачынстваў супраць бясьпекі руху Сьледчага камітэту Магілёўскай вобласьці Пазьняковым.

Пад арышт трапіў банкаўскі рахунак, на які Шкірманкову пералічвалі пэнсію. У выніку 90-гадовы пэнсіянэр месяц жыў на дапамогу сяброў і разавую матэрыяльную выплату з фонду сацыяльнай дапамогі.

Разам тым на банкаўскім рахунку Фелікса Шкірманкова заблякаванымі засталіся ягоныя ашчаджэньні на суму больш як чатыры з паловай тысячы рублёў.

Паводле Радыё Свабода

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.