Партыя БНФ » Мікалай Чарнавус выйшаў зь міліцыі, а яго сын трапіў у лякарню
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Мікалай Чарнавус выйшаў зь міліцыі, а яго сын трапіў у лякарню

Дададзена 16.03.2017 12:23:01 | 28 праглядаў

Баранавіцкага актывіста Партыі БНФ Міколу Чарнавуса — старэйшага сёньня забралі проста з будынку суду людзі ў цывільным, якія аказаліся міліцыянтамі.

C3227CFC-B8F8-4FC2-A51C-7F6515829185_w1023_r1_sЧарнавуса даставілі ў пастарунак, дзе, паводле яго словаў, зь ім каля дзьвюх гадзін праводзілі «прафіляктычную гутарку».

Спадар Чарнавус мяркуе, што гэтае затрыманьне было зьвязанае з тым, каб не дапусьціць яго на сёньняшні «Марш недармаедаў» у Менск:

«Апытвалі мяне наконт акцыі, якую заплянаваў 19 сакавіка. У выніку далі позву на 15 гадзін у дзень акцыі, якая заплянаваная а 16 гадзіне. Завалаклі ў міліцыю, каб не паехаў сёньня ў Менск на марш».

Сёньня сын Чарнавуса, таксама Мікалай, сябра АГП, трапіў у лякарню проста з судовай залі. Яму прысудзілі 12 сутак арышту за ўдзел у адной акцыі, а калі разам з бацькам пачалі судзіць за ўдзел у другой, Чарнавусу-малодшаму стала блага. Мэдыкі, якія прыехалі ў суд, канстатавалі ў Мікалая паніжаны ціск ды забралі яго ў лякарню.

Мікалай Чарнавус — старэйшы сказаў Свабодзе, што сына паклалі ў кардыялягічнае аддзяленьне і прыставілі міліцыянтаў ахоўваць яго.

Цэлы дзень у міліцыі правёў сёньня і актывіст прафсаюзу РЭП з Баранавічаў Рыгор Грык:

«А 9 гадзіне раніцы мяне забралі каля дому, калі я выходзіў. Маёр Міцура Ігар Дзьмітрыевіч і кіроўца, які не прадставіўся. Прывезьлі ў РАУС у 9:30, сказалі, што ёсьць матэрыялы па факце майго ўдзелу ў акцыі ў Бабруйску. Склалі пратакол апытаньня, паказалі фота і відэа з Бабруйску. У 14:20 скончылася апытаньне, а потым пыталі мяне наконт пікету Мікалая Чарнавуса — старэйшага, пра які я нічога ня ведаю. І толькі ў 17:50 мяне выпусьцілі», — сказаў Рыгор Грык.

Актывіст перакананы, што яго затрымалі ў міліцыі, «каб ня змог трапіць на санкцыянаваную акцыю ў Менску»:

«Выпусьцілі, калі ўжо акцыя пачалася, магчымасьці даехаць ужо ніякай няма», — кажа Грык.

Спадар Грык кажа, што ў міліцыі яму не далі скарыстацца тэлефонам, таму ён нікому ня мог паведаміць, што затрыманы. Аднак, кажа актывіст, «таварыш маёр пачаставаў кавай».

Паводле Радыё Свабода

Сакавік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Лют    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.