Партыя БНФ » Акцыя пратэсту супраць дэкрэту №3 адбылася ў Гародні
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Акцыя пратэсту супраць дэкрэту №3 адбылася ў Гародні

Дададзена 16.03.2017 12:48:22 | 228 праглядаў

У Гародні прайшла чарговая акцыя НеДармаедаў. На ёй пераважалі палітычныя лозунгі. Людзі патрабавалі выпусціць з турмы затрыманых, зачыталі прысягу суддзі і вызначылі, што ў Гародні суддзі пра сваю прысягу забыліся. Прысутныя скандавалі ім “Ганьба!”, тое сама скандавалі і ў адрас улады, заявілі, што яны звальняюць прэзідэнта, што пара мяняць усю сістэму, выступалі за парламенцкую рэспубліку, за тое, каб у Гародні з’явілася вуліца імя Васіля Быкава, скандавалі “Жыве Беларусь!!!”.

 

Хвілінай маўчання ўшанавалі загінулых жанчын пад час аварыі на Скідзельскім заводзе.

Мітынгоўшчыкі прымусілі выйсці з сваіх кабінетаў прадстаўнікоў гарвыканкаму. Але размова з імі не атрымалася. Ісці ў выканкам прысутныя адмовіліся, сказаўшы, што хай выпусцяць з турмы актывістаў і тады можна разам з імі ісці ў выканкам на перамовы.

Выступалі розныя людзі, але сэнс прамоў быў прыкладна аднолькавы – пара мяняць уладу, якая давяла краіну да такой галечы. Гаварылі крыху і пра Дэкрэт №3.

Гарадзенскія ўлады не далі афіцыйнага дазволу на правядзенне ў горадзе мітынгу 15 сакавіка. Яго планавалася правесці ў парку Жылібера ў 18 гадзін. Мясцовыя актывісты на славутай перамове ў выканкаме, якая адбылася па ініцыятыве гарадзенскага гарвыканкаму, заявілі пра тое, што акцыя пратэсту супраць Дэкрэта №3 аб сацыяльным утрыманстве ўсё адно адбудзецца. Частка з тых перамоўшчыкаў з боку апазіцыі ўжо сядзяць на сутках пад арыштам або падвергнутыя пераследу ў выглядзе штрафа.

На мітыгу гэтае пытанне пра вызваленне тых, каго несправядліва пасадзілі, асабліва востра падняў актывіст Партыі БНФ Эдвард Дмухоўскі.

Так, напярэдадні гарадзенскія ўлады вырашылі збіць пратэстны настрой гарадзенцаў масавымі судовымі працэсамі. 14 сакавіка ў горадзе суды абвесцілі 12 пастаноў, караючы ўдзельнікаў папярэдняй акцыі штрафамі ды арыштамі.

У парку Жылібера ў аўторак 14 сакавіка пачалася пазапланавая ўстаноўка камер відэаназірання. Іх усталёўвалі каля летняй пляцоўкі і вялiкага фантана. Верагодней за ўсё такім чынам службы рыхтаваліся да недазволенага ўладамі мітынгу недармаедаў супраць дэкрэту №3, а можа такім чынам хацелі запалохаць людзей.

Увесь дзень за групай тэлеканала „Белсат” сачылі невядомыя, адзін з журналістаў тэлеканала быў заблакаваны ў сваім пад’ездзе, яму не давалі выйсці з хаты. Грамадскі актывіст БСДП Анатоль Мышкевіч таксама быў заблакаваны дома невядомымі. Гарадзенскіх студэнтаў, што планавалі выйсці на акцыю, сёння прымусілі выходзіць на заняткі.

На вуліцу Будзёнага 48а, дзе офісы партыйцаў Гарадзеншчыны, прыехалі машыны з міліцыяй і адсочвалі сітуацыю.

Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч быў заблакаваны пад Лідай па шляху ў Гародню.

На пачатак акцыі ў 18-00 назіральнікі налічылі каля 130 чалавек. Пасля людзі сталі прыбываць больш хутка. Праз некалькі хвілін у парку Жылібера сабралася ужо каля 300 чалавек, але прамаўляць не было каму. Людзі пачалі самаарганізоўвацца. З’явіліся і першыя, хто стаў прамаўляць.

Знікла сувязь з актывісткай Ірынай Давідовіч. Ніхто не ведаў дзе яна, але пазней стала вядома, што яе і Паўла Станеўскага і яшчэ іншых затрымала міліцыя. 

Колькасць мітынгоўцаў увесь час ўзрастала.

Нарэшце з’явіўся мегафон і людзей заклікалі пайсці маршам да гарвыканкаму, каб перадаць свае патрабаванні. Прадстаўнік АГП зачытаў рэзалюцыю, якая заклікае адмяніць дэкрэт №3, змяніць выбрачы кодэкс. Людзі пляскалі ў ладкі.

ДАІ затрымала аўтамабіль журналіста Белсату Алеся Залеўскага.

Колькасць удзельнікаў акцыі на плошчы Леніна павялічылася да 1000 чалавек. Мітынгоўцаў запрасілі прайсці ў гарвыканкам на размову, аднак чыноўнікаў абсвісталі. Выйшла намесніца старшыні гарвыканкаму і клікала ўсіх на прыём да начальніка, казала, што зала ўмяшчальнасцю 200 чалавек. Людзі не захацелі.

Мітынг на плошчы Леніна ўзначаліў прадстаўнік АГП Аляксандр Лаўрэнцьеў. Прамоўцы сталі гаварыць, што наступны раз збяруцца на плошчы з віламі калі ўлада іх не пачуе. Прысутныя сталі патрабаваць адстаўкі прэзідэнта і вызвалення арыштаваных актывістаў.

Акцыя завяршылася.

Пасля акцыі стала вядома пра затрыманне яшчэ траіх чалавек, якія былі на мітынгу ў медыцынскіх масках.

Пасля акцыі ў Гародні знайшлася актывістка Ірына Давідовіч. Яе ў раёне абеду затрымалі на выхадзе з гатэля і трымалі ў пастарунку, пакуль не скончылася акцыя. Таксама знайшоўся Павел Станеўскі. Яго затрымалі ля хаты, як ішоў на мітынг, пратрымалі да канца мітынгу і адпусцілі, паведаміўшы што ён падобны да нейкага бандыта. Адпусцілі і раней затрыманага Аляксандра Абуховіча, якога выклікалі у міліцыю нібыта для размовы і пратрымалі да заканчэння акцыі.

Затое затрымалі  Аляксандра Лаўрэнцьева, актывіста АГП, які найбольш выступаў на мітынгу. Яго павезлі ў Ленінскі РАУС.

Што будуць рабіць сілавікі далей, ці будуць затрымліваць выступоўцаў даведаемся пазней. “Гарадзенская Вясна” будзе паведамляць пра такія факты.

Паволе рэгіянальнага сайту Гарадзенская Вясна

Чэрвень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.