Партыя БНФ » Дзень Канстытуцыі: мірны пратэст грамадзян, гвалт і затрыманьні з боку міліцыі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Дзень Канстытуцыі: мірны пратэст грамадзян, гвалт і затрыманьні з боку міліцыі

Дададзена 16.03.2017 1:06:53 | 228 праглядаў

Удзельнікі «Маршаў недармаедаў», якія адбыліся 15 сакавіка ў Менску, Гародні і Магілёве, запатрабавалі скасавання Дэкрэту №3, вызвалення затрыманых удзельнікаў мірных пратэстаў, правядзення эканамічных рэформ і свабодных сумленных выбараў. Акцыя ў Менску адбылася пад лозунгам “Не дэкрэту №3! Лукашэнка ўхадзі!”

 

Менск: прынятая рэзалюцыя «Маршу недармаедаў»

У Менску на акцыю выйшлі каля трох тысяч чалавек. Яны прайшлі маршам ад пляцоўкі каля кінатэатру «Кастрычнік» (станцыя метро Акадэмія навук) вуліцай Сурганава.

Каля «Кастрычніка» адбыўся мітынг. На ім прысутнічала і дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, сябра АГП Ганна Канапацкая, якая прыйшла на мыліцах, бо ў яе зараз зламаная і загіпсаваная нага.

Пратэстоўцы прынялі рэзалюцыю, якая 16 сакавіка будзе перададзеная ў Адміністрацыю прэзідэнта, урад і Палату прадстаўнікоў.

У прыватнасці ўдзельнікі «Маршаў недармаедаў» патрабуюць адмяніць Дэкрэт №3, вызваліць з-пад арышту ўсіх затрыманых удзельнікаў мірных пратэстаў, прыняць новы эканамічны курс, скіраваны на старэнне новых эфектыўных працоўных месцаў, адмяніць кантрактную сістэму, Дэкрэт №29, Дэкрэт №5, Указ №222, правесці свабодныя сумленныя выбары.

Пасля мітынгу калона рушыла па вуліцы Сурганава. Цягам шэсця гучалі лозунгі «Хто галоўны дармаед – беларускі прэзідэнт»; «Не Дэкрэту № 3», «Лукашэнка, сыходзь!», «Жыве Беларусь!».

Арганізатары Марша вырашылі не весці людзей да плошчы Бангалор, і акцыя закончылася ля Макдональдса каля плошчы.

Акцыя прайшла мірна, аднак па яе заканчэнні адбыліся затрыманні анархістаў. На скрыжаванні вуліц Багдановіча і Машэрава міліцыянеры спынілі тры тралейбусы і выцягвалі з іх маладых людзей. Затрыманы разам з групай анархістаў актывіст Пётра Маркелаў паведаміў, што разам з ім у пастарунку знаходзіцца 30-35 удзельнікаў акцыі.

Паводле Праваабарончага цэнтру “Вясна”, сярод затрыманых – дзяўчыны, чые імёны вядомыя: Елізавета ПракопчыкМарына Дубіна, Алена Дубовік. Меркавалі, што яны дастаўлены ў РУУС Першамайскага раёна, але там гэтую інфармацыю не пацвердзілі. Пазней высветлілася, што Елізавета Пракопчык і Марына Дубіна знаходзяцца ў РУУС Першамайскага раёна, а Алена Дубовік - у РУУС Цэнтральнага раёна. Там, па інфармацыі ад затрыманага актывіста Пятра Маркелава, усяго 30 – 35 удзельнікаў акцыі, але іншыя крыніцы гэтую лічбу не пацвярджаюць.

Назіральнікі, якія дзяжураць пад РУУСам, чулі інфармацыю пра 16 затрыманых.

Прыблізна ў 20:35 да РУУСа Цэнтральнага раёна пад’ехала машына “хуткай дапамогі”. Верагодна, камусьці з затрыманых стала дрэнна. Маці адной з іх паведаміла, што дзяўчын моцна збівалі. Ад яе стала вядома імя яшчэ адной дзяўчыны, што знаходзіцца ў РУУСе, – Юлія Філіпава.

Апроч таго, высветлены імёны наступных затрыманых: Алег Аўдзеенка, Анастасія Ранько, Аляксандр Скурыдзін, Юрый Пішчулін, Ілля Міраненка, Станіслаў Русакоў, Ян Мурашка (непаўнагадовы, якога адпусцілі з Цэнтральнага РУУСу пасля складання пратаколаў па артыкулах 23.34 і 23.4 КаАП), Яўген Жураўскі.

Па інфармацыі ад Яна Мурашкі, у Цэнтральным РУУСе сярод затрыманых - двое непаўнагадовыя, чатыры дзяўчыны, усіх білі пры затрыманні і пасля яшчэ “дадалі” ў пастарунку.

chakannie_zatrymanyh-15.03.17-minsk.jpg
Людзі чакаюць інфармацыі пра затрыманых пад Цэнтральным РУУСам

Таксама да назіральнікаў паступаюць паведамленні пра людзей, якія не вярнуліся дадому з акцыі: Сінкавец Аляксандр Віктаравіч 1987 г.н., Каржоў Георгій Паўлавіч 1989 г.н., Немік Алена Уладзіміраўна 1985 г.н., Яновіч Святаслаў Валер’евіч 1992 г.н.

Фотарэпартаж Генадзя Верацінскага з менскай акцыі

 

Магілёў: пратэстоўцы не захацелі размаўляць з дэпутатам Марзалюком

 


Фота TUT.BY

«Марш недармаедаў» у Магілёве сабраў каля паўтысячы чалавек – яго асноўныя арганізатары арыштаваныя. Людзі сабраліся каля будынку № 29 на вуліцы Ленінскай і прайшлі да кінатэатра «Радзіма», які знаходзіцца на гэтай жа вуліцы.

Да пратэстоўцаў выйшаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, які сказаў, што «ўлады ўлічылі памылкі што да Дэкрэту № 3 і спрабуюць іх выправіць». На гэта пратэстоўцы адказалі споклічамі: «Ганьба!» і «Сыходзь!».

Удзельнікі акцыі адзначаюць, што прычына іх незадаволенасці не толькі дэкрэт «пра дармаедаў», але цэлы шэраг іншых праблем, выкліканых эканамічным станам у краіне.

У Магілёве вядома пра затрыманьне васьмі чалавек.


Гародня: дыялогу з уладамі не атрымалася

 


Фота Радыё Свабода

У Гародні «Марш недармаедаў» не быў дазволены, тым не менш на акцыю сабралася каля тысячы чалавек. Удзельнікі акцыі калонай рушылі ад парку Жылібера на плошчу Леніна да будынку гарвыканкаму, дзе адбыўся мітынг.

Людзі выказвалі незадаволенасць сацыяльна-эканамічнай палітыкай уладаў, малымі заробкамі, скандавалі: «Не Дэкрэту № 3», «Лукашэнка, сыходзь!», паведамляе Радыё Свабода.

Да пратэстоўцаў выйшла намесніца старшыні гарвыканкаму Зоя Кулеша, якая адзначылася выказваннем наконт помніка Леніну: «Выхаванне не дазваляе крычаць побач з нацыянальным сімвалам».

Чыноўніца запрасіла людзей у актавую залю ў выканкаме, дзе іх чакаў гарадскі галава Мечыслаў Гой. Аднак людзі адмовіліся ісці, бо прысутных на плошчы было відавочна болей, чым названыя дзвесце пяцьдзясят месцаў у залі, і патрабавалі, каб старшыня выйшаў да народа. Але гэтага не адбылося.

У выніку спадарыня Кулеша была вымушаная замяніць свайго непасрэднага начальніка і адказваць на пытанні людзей. Дакладней, слоўна адбівацца, бо людзі імкнуліся эмацыйна выказаць сваю крыўду на той эканамічны стан, у якім апынуліся.

У Гародні адразу пасля акцыі людзі ў цывільным схапілі трох маладых хлопцаў у масках, пасадзілі ў машыну і звезлі. Актывістаў, якія неслі расцяжку з фатаздымкамі затрыманых лідэраў апазіцыі, людзі ў цывільным пачалі гвалтоўна запіхваць у «Газэль». Мінакам удалося адбіць адну жанчыну, якой нападнікі парвалі куртку. «Вясна» паведамляе пра затрыманне актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Лаўрэнцьева, якога павезлі ў Ленінскі РАУС.

Паводле сайту Аб’яднанай грамадзянскай партыі

 

Чэрвень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.