Партыя БНФ » Заяўнікі масавай акцыі 25 сакавіка ў Менску: “Улады прадэманстравалі страх”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Заяўнікі масавай акцыі 25 сакавіка ў Менску: “Улады прадэманстравалі страх”

Дададзена 16.03.2017 9:56:35 | 284 праглядаў

Ці дазволяць улады акцыю 25 сакавіка ў Менску – пакуль невядома.

Заяўнікі прапанавалі сабрацца каля Акадэміі навук і прайсьці калёнай да сквэру Янкі Купалы. Мітынгу не плянуецца, каб ня даць падставаў скіраваць акцыю на плошчу Бангалор, дзе, на думку гарадзкіх уладаў, «зручнае месца да публічных выступаў».

Подпісы пад заяўкай на акцыю 25 сакавіка паставілі прадстаўнікі руху «За свабоду» (Аляксандар Русевіч), аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (Дзяніс Садоўскі), Абʼяднанай грамадзянскай партыі (Ягор Віняцкі), Партыі БНФ (Зьміцер Касьпяровіч) і руху салідарнасьці «Разам» (Аляксандар Макаў).

Касьпяровіч: улады прадэманстравалі страх

Прадстаўнік Партыі БНФ Зьміцер Касьпяровіч сказаў, што ўлады пакуль не далі адказу на заяўку (паводле закону, павінны адказаць ня меней, як за 5 дзён). Ён лічыць, што ўлады яшчэ ня вырашылі, дазваляць шэсьце ў цэнтар гораду ці скіраваць яго традыцыйным маршрутам.

zmitser-kaspyarovich-tsi-raskole-concentrate-300x225«Улады прадэманстравалі страх. Брутальна хапалі абсалютна мірных людзей, якіх цяпер судзяць і даюць адміністрацыйныя арышты. Гэта запалохваньне перад 25 сакавіка. Такая лёгіка ўладаў. Але па рэакцыях у сацыяльных сетках я бачу, што людзей такія паводзіны толькі больш раззлавалі. Таму можна чакаць, што 25 сакавіка выйдуць тыя, хто вагаўся».

Садоўскі: асноўная акцыя будзе 25 сакавіка

Дзяніс Садоўскі, які фактычна ўзначаліў шэсьце недармаедаў у Менску 15 сакавіка, лічыць, што акцыі супраць дэкрэту № 3 пакуль не дасягнулі сваёй мэты, бо галоўнае патрабаваньне — пра ягонае скасаваньне — ня выкананае.

Дзяніс Садоўскі

«Учора мне давялося ўзначаліць акцыю, бо лідэры палітычных партыяў, што ўваходзяць у аргкамітэт кампаніі „Мы не дармаеды“, знаходзяцца за кратамі, а іншыя людзі, якія ўмеюць праводзіць вулічныя акцыі, чамусьці вырашылі не ісьці. Як на маю думку, акцыя прайшла добра, мірна, мы пазьбеглі затрыманьняў падчас самой акцыі, было шмат непалітызаваных удзельнікаў. Што да колькасьці, таксама ацэнка здавальняючая; думаю, гэта добры крок да нашай агульнай мэты. Паводле зьместу і колькасьці асноўная акцыя будзе 25 сакавіка. Як будуць далей разгортвацца падзеі ў краіне, залежыць ад колькасьці ўдзельнікаў акцыі 25 сакавіка».

Садоўскі адзначыў, што, нягледзячы на тое, што акцыя 15 сакавіка была дазволеная, улады чынілі шматлікія перашкоды для яе ўдзельнікаў: на станцыі «Акадэмія навук» не спыняліся цягнікі мэтро, не працаваў наземны транспарт, людзей запалохвалі аўтазакамі і вадамётамі; зрэшты, пасьля і перад акцыяй адбываліся затрыманьні. Самыя жорсткія затрыманьні былі ўжытыя да самых актыўных групаў людзей — лідэраў апазыцыі і анархістаў, адметных выдатнай самаарганізацыяй і самаабаронай.

Ён таксама дадаў, што акцыі недармаедаў, якія прайшлі 15 сакавіка ў Горадні і Магілёве, рэкордныя па колькасьці для гэтых гарадоў.

Віняцкі: Менск расчараваў

Іншы заяўнік акцыі 25 сакавіка, актывіст АГП Ягор Віняцкі, незадаволены колькасьцю ўдзельнікаў акцыі «Марш недармаедаў» у Менску і спадзяецца, што Дзень Волі выратуе Мікола Статкевіч.

«Перад першым „Маршам недармаедаў“ у Менску былі меркаваньні, што выйдзе вельмі мала людзей. Колькасьць пратэстоўцаў стала вялікай неспадзяванкай. Таму цяжка нешта ўгадаць і наконт 25 сакавіка. Учора, 15 сакавіка, Менск мяне расчараваў. Я чакаў, што будзе больш людзей. Разам з тым прыемна ўразілі рэгіёны — там людзі сапраўдныя малайцы. Думаю, прычына ў адрозьненьні матэрыяльнага стану паміж сталіцай і рэгіёнамі».

Віняцкі канстатуе, што малая колькасьць удзельнікаў у Менску выклікана, магчыма, тым, што апазыцыйныя лідэры знаходзяцца «на сутках», і спадзяецца, што кіраваньне акцыяй 25 сакавіка возьме на сябе Мікола Статкевіч, які ўжо даў на гэта згоду.

Паводле Радыё Свабода

Ліпень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.