Партыя БНФ » Ва ўрад накіраваныя лісты за пашырэньне ахоўнай зоны Курапатаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Ва ўрад накіраваныя лісты за пашырэньне ахоўнай зоны Курапатаў

Дададзена 17.03.2017 3:33:18 | 329 праглядаў

16 сакавіка ўладам накіраваныя першыя лісты грамадскасці з патрабаваннем пашырыць ахоўную зоны Курапатаў. Пра гэта паведаміў газэце “Новы Час” старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Гаворка ідзе пра звароты да міністра культуры Барыса Святлова і прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова з патрабаваннем прыняцця новага праекту ахоўных зонай Курапатаў, што прадугледжвае іх значнае пашырэнне. Як вядома, у ахоўнай зоне гэтай нерухомай матэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння забаронена ўсялякае новае будаўніцтва апроч патрэбаў самога народнага мемарыялу.

Нагадаем, 10 сакавіка ў цэнтральнай сядзібе Партыі БНФ у Мінску ліст падпісалі вядомыя беларускія грамадска-палітычныя і культурніцкія дзеячы. Сярод іх кіраўнік БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч, сустаршыня аргкамітэту Партыі БХД Павал Севярынец, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, старшыня суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў Ігар Марачкін, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, якая амаль 80 гадоў таму нарадзілася ў ГУЛАГу, праваслаўны святар Леанід Акаловіч, мовазнаўца Вінцук Вячорка, культуролаг Вацлаў Арэшка, кандыдат гістарычных навук, археолаг Валянціна Вяргей і бард Аляксей Галіч. Пазней да лісту далучыліся іншыя падпісанты, у тым ліку доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў і каардынатар грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты” Ганна Шапуцька.

Новы праект зонаў аховы Курапатаў, распрацаваны айчыннымі спецыялістамі ў галіне аховы гістарычна-культурнай спадчыны, забяспечвае існаванне і захаванне як народнага мемарыялу, так і яго гістарычнага атачэння. Прычым няўхільнае выкананне гэтага праекту выключае новыя супрацьстаянні паміж абаронцамі Курапатаў, чыноўнікамі і нядобрасумленнымі бізнесоўцамі. На думку аўтараў новага праекту, толькі пасля яго зацвярджэння можна разглядаць мажлівасць сумеснай з дзяржавай працы па завяршэнню мемарыялізацыі Курапатаў як месца масавых палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў.

Аляксей Янукевіч паведаміў, што збор подпісаў пад лістом грамадскасці працягваецца.

Так, зварот да ўладаў можна падпісаць у сядзібе Партыі БНФ (Мінск, 220012, вуліца Чарнышэўскага, 3-39), а таксама спампаваць з сайту Партыі БНФ, раздрукаваць, запоўніць і накіраваць заказной карэспандэнцыяй міністру культуры Барысу Святлову (Мінск, 220004, праспект Пераможцаў, 11), а копію — прэм’ер-міністру Андрэю Кабякову (Мінск, 220010, вуліца Савецкая, 11, Дом Ураду).

Прычым копіі запоўненых бланкаў і квіткоў аб адпраўцы лістоў заказной карэспандэнцыяй неабходна перадаваць у сядзібу Партыі БНФ.

Паводле газэты “Новы Час

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.