Партыя БНФ » У Слоніме затрыманы арганізатар акцыі пратэсту фронтавец Віктар Марчык
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У Слоніме затрыманы арганізатар акцыі пратэсту фронтавец Віктар Марчык

Дададзена 19.03.2017 4:35:13 | 256 праглядаў

Ў Слоніме пасьля мітынгу пратэсту супраць Дэкрэту №3 затрыманы Віктар Марчык, сябра БНФ і каардынаар Слонімскага аб’яднаньня дэмакратычных сілаў. На марш сабраліся сотні людзей, да людзей выходзіў старшыня райвыканкаму Алег Таргонскі.

Актывіст Партыі БНФ и каардынатар мясцовай кааліцыі дэмакратычных сілаў  Віктар Марчык, які меў мэгафон, у самым пачатку акцыі запрасіў удзельнікаў прайсьці да будынка райвыканкаму. Там да пратэстоўцаў выйшаў старшыня райвыканкаму Алег Таргонскі, які праз мэгафон адказваў на пытаньні:

«Вы кожны можаце са сваёй праблемай прыйсьці да мяне ў райвыканкам, я чалавек адкрыты, будзем вырашаць усе пытаньні. Можаце прыходзіць у любы час, нават калі гэта непрыёмны дзень…», — сказаў Таргонскі.

Алег Таргонскі, старшыня слонімскага райвыканкаму на мітынгу 19 сакавіка 2017 году

Алег Таргонскі, старшыня слонімскага райвыканкаму на мітынгу 19 сакавіка 2017 году

На пытаньне пра абяцаныя 500 даляраў Таргонскі адказаў так:

“500 даляраў я вам проста ня дам, іх трэба зарабіць. Бярыце лапаты і рабіце… А што датычыць працоўных месцаў, то ў гэтым годзе мы плянуем адкрыць 200 новых працоўных месцаў”.

Калі акцыя скончылася, невядомыя гвалтоўна схапілі Віктара Марчыка і пасадзілі ў мікрааўтобус без нумароў.

Па тэлефоне Марчык паведаміў, што знаходзіцца ў міліцыі.

Віктар Марчык на мітынгу ў Слоніме 19 сакавіка 2017 году

Віктар Марчык на мітынгу ў Слоніме 19 сакавіка 2017 году

Фотарэпартаж з акцыі пратэсту ў Слоніме 19 сакавіка глядзіце на сайце Радыё Свабода.

Падчас размовы з слонімцамі старшыня райвыканкаму сказаў, што заступіцца за кожнага, супраць каго будуць ужытыя рэпрэсіі за ўдзел у сёньняшняй акцыі.

“Як можна верыць уладам? Атрымліваецца, адной рукой паціскаюць тваю руку, а другой паказваюць кукіш. Я папярэдне дамовіўся з адміністрацыяй, што мы зьбяромся і прыйдзем да чыноўнікаў, каб тыя пагаварылі зь людзьмі. Я ўзяў на сябе адказнасьць, каб усё было мірна і спакойна. Праз мэгафон кіраваў акцыяй. Гэты ж мэгафон выкарыстоўвае старшыня райвыканкаму Алег Таргонкі, калі размаўляў зь людзьмі. Усе чулі, што ён паабяцаў заступіцца за тых, супраць каго будуць рэпрэсіі. І адразу пасьля акцыі мяне затрымалі… Як можна верыць такім уладам”, – сказаў Марчык Свабодзе.

Пакуль ён знаходзіцца ў слонімскім аддзеле міліцыі. Кажа, што там пакуль ня вырашылі, што рабіць – адпускаць ці затрымліваць да суду.

66575632-14B0-46A1-BDF3-82417AD22552_w1023_s_s

Вынікам мітынту стала галасаваньне за рэзалюцыю, у якой высунуты шэраг эканамічных і палітычных патрабаваньняў.

Так, сланімчане запатрабавалі прыняць новы эканамічны курс у Беларусі: адмяніць дэкрэт № 3, стварыць новыя працоўныя месцы, спыніць рост цэнаў і камунальных плацяжоў, вярнуць у Беларусі вяршэнства Канстытуцыі, а не антызаконных дэкрэтаў. Палітычнае патрабаваньне — правесьці свабодныя выбары.

Таксама ўдзельнікі акцыі запатрабавалі адмяніць прымусовыя кантракты, даць годныя заробкі працоўным, стварыць умовы для разьвіцьця прыватнага прадпрымальніцтва, спыніць павышэньне пэнсійнага ўзросту. Асобна ў рэзалюцыі адзначана, што ўдзельнікі мітынгу патрабуюць ад дзяржаўных СМІ праўдзівай інфармацыя пра эканамічную і сацыяльную сытуацыю ў Беларусі, а таксама вярнуць «Газэту Слонімскую» у сыстэму распаўсюду «Белсаюздрук» і «Белпошта».

За рэзалюцыю прагаласавалі адзінагалосна.

Дапаўненьне:

Паводле Газэты Слонімскай, з’явіліся падрабязнасці затрымання. Пасля сходу Віктар Марчык з паплечнікамі накіроўваўся па вуліцы 17 верасня. Нечакана да іх пад’ехаў сіні бус без нумароў, адкуль выскачылі невядомыя, схапілі Марчыка і закінулі ў аўта.

У Слонімскім РАУС адмовілі ў каментары наконт затрымання. Памочнік дзяжурнага і дзяжурны РАУС паведамілі, “што не могуць даваць такую інфармацыю па тэлефоне”.

Жыхар Слоніма, сведка затрымання, паведаміў nn.by, што ў міліцыі ім пацвердзілі знаходжанне Марчыка ў ізалятары часовага ўтрымання. Заўтра ў яго будзе суд па арт.23.34 КаАП — арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Паводле Радыё Свабода

Жнівень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.