Партыя БНФ » Вынікі сакавіцкага Сойму Партыі БНФ: з’езд БНФ адбудзецца 30 верасьня
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вынікі сакавіцкага Сойму Партыі БНФ: з’езд БНФ адбудзецца 30 верасьня

Дададзена 20.03.2017 12:02:38 | 236 праглядаў

18 сакавіка ў цэнтральнай сядзібе БНФ адбылося чарговае пасяджэньне Сойму Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. На пасяджэньні кіруючага органа БНФ былі разгледжаныя пытаньні бягучай палітычнай сытуацыі, абмеркаваны стан падрыхтоўкі партыі да адзначэньня 25 сакавіка 99-х угодкаў абвяшчэньня трэцяй устаўной граматы БНР. Сойм пастанавіў правесьці 30 верасьня XVIII чарговы справазначна-выбарчы З’езд Партыі БНФ і ГА БНФ “Адраджэньне”.

SnWud9cMAi4З дакладам аб палітычнай сытуацыі перад Соймам выступіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Ён адзначыў, што ад часу мінулага лютаўскага пасяджэньня Сойму ўнурыпалітычная сытуацыя ў краіне імкліва разьвівалася, і асноўнай падзеяй часу сталіся масавыя пратэсты грамадзянаў супраць пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў краіне. Нагодай для пратэстаў стаўся ганебны дэкрэт №3. які абвесьціў “дармаедамі” вялікую частку насельніцтва, што выклікала справядлівае абурэньне беларусаў нахабнымі дзеяньнямі ўладаў. Пры гэтым пратэсты набываюць палітычную афарбоўку. разам з сацыяльна-эканамічнымі лёзунгамі гучаць і лёзунгі палітычныя. Актывісты і лідэры мясцовых арганізацыяў БНФ бяруць актыўны ўдзел у пратэстных акцыях, асабліва ў рэгіёнах.

Аляксей Янукевіч зазначыў незаконны і неабгрунтаваны характар дзеяньняў уладаў супраць пратэстоўцаў. На справядлівыя патрабаваньні беларусаў, выяўленыя шляхам негвалтоўных і мірных акцыяў, рэжым адказаў арыштамі, зьбіцьцём і штрафамі – гэткая рэакцыя абсалютна непрапарцыйная, не адпавядае заканадаўству і міжнародным нормам пра права людзей на ўдзел у мірных сходах.

Старшыня Партыі БНФ падкрэсліў, што абурэньне грамадзянаў выкліканае непісьменнай і хібнай эканамічнай палітыкай уладаў, якая прывяла да зьбядненьня насельніцва. Аднак рэжым не хоча прызнаваць сваіх памылак і імкнецца, з аднаго боку, улагодзіць людзей праз прапагандысцкія трукі і абяцанкі ў дзяржаўных СМІ, спрабуючы перакласьці адказнасьць з вышэйшага кіраўніцтва на мясцовых чыноўнікаў-выканаўцаў, а з іншага боку ўлады імкнуцца ізаляваць пратэстоўцаў ад арганізаванай часткі грамадзянскай супольнасьці, затрымліваюць і караюць штрафам мясцовых лідэраў, што ачольваюць пратэсты і арганізуюць шмат якія масавыя акцыі. Падобнага памеру рэпрэсіяў не было ад 2011 году, і гэта кантрастуе з апошняй практыкай, калі замест арыштаў арганізатарам несанкцыянаваных акцыяў давалі адміністратыўныя штрафы. Ёсьць рызыка, што ў краіне ізноў могуць з’явіцца палітычныя вязьні, калі рэжым скарыстаецца крымінальным перасьледам арганізатараў і актыўных удзельнікаў пратэстаў. Гэта выклікана разуменьнем улады, што апазыцыя здолела высунуць споклічы, якія падтрымліваюцца народам, здоліла скіраваць пратэст людзей у палітычны кірунак. Пры гэтым старшыня Партыі БНФ падкрэсліў, што спробы варожых для Беларусі элементаў надаць пратэстам прарасейскую афарбоўку – праваліліся, людзі пісьменна адсеклі і прыпынілі гэткія правакацыйныя споклічы.

Аляксей Янукевіч падкрэсліў безвыходнасьць становішча ўладаў, якія не даюць рады эканамічным праблемам. З года ў год улады скарачаюць сацыяльна-эканамічную падтрымку людзей, скарачаюць ільготы ды сацыяльныя гарантыі, павялічваюць, насуперак сваім жа перадвыбарчым абяцанкам, падаткі і зборы. Звыклая крыніца падтрымкі рэжыму – Расея – больш не дае ім дадатковых грошаў. Таму рэжым разглядае як асноўны сродак забесьпячэньня сваяго існаваньня – ізноўку абіраць людзей. Гэта выклікае справядлівае абурэньне беларускага народу.

Лідэр БНФ заклікаў верыць у беларускі народ, які цяпер здольны падтрымаць палітычныя лёзунгі апазыцыі і падтрымаць патрабаваньні дэмакратычных сілаў. Пры гэтым Аляксей Янукевіч крытычна выказаўся наконт меркаваньняў пра наяўнасьць ў рэжыме розных груповак і групаў інтарэсаў, якія, маўляў, спрабуюць па-рознаму рэагаваць на выклікі хвалі пратэстаў. рэжым па-ранейшаму захоўвае маналітны характар, чыноўнікі і службоўцы захоўваюць лаяльнасьць Лукашэнку.

Аляксей Янукевіч распавёў пра свае перамовы з прадстаўнікамі замежных дзяржаваў на прадмет таго, ці прывядзе разгорнутая ўладамі хваля палітычных рэпрэсіў да ахалоджваньня стасункаў паміж афіцыйным Менскам і Захадам. Паводле ягоных словаў, гэта магчыма, калі сёняшні ўзровень рэпрэсіяў захаваецца на працяглы час, альбо калі рэпрэсіі раптам набудуць яшчэ больш жорсткі характар – то бок пакуль пра разрыў супрацоўніцтва з рэжымам гаворка не ідзе. Але пры гэтым эўрапэйскія краіны і ЗША ні ў якім разе не заплюшчваюць вочы на тое, што адбываецца на вуліцах беларускіх гарадоў: рэакцыя на гвалтоўнае падаўленьне пратэстаў будзе. яна будзе жорсткай, і будзе дорага каштаваць рэжыму.

Лукашэнка працягвае палохаць Захад і пагражае сыйсьці глыбей пад уплыў Расеі. Гэтаксама рэжым палохае расейскай пагрозай і беларускае грамадзтва. Але гэта тактыка выманьваньня ў заходнікаў новых інвестыцыяў і крэдытаў – якіх пакуль дамагчыся не атрымалася.

Але гэта не азначае, што расейская пагроза фантомная: яна існуе, і адэпты “рускага сьвету” відавочна актывізавалі сваю працу супраць беларускіх нацыянальных інтарэсаў. Але не трэба забывацца: абаронцам беларускага сувэрэнытэту зьяўляецца не рэжым Лукашэнкі, абаронцам беларускага сувэрэнытэту зьяўляецца толькі і толькі беларускі народ.

Аляксей Янукевіч адзначыў, што не лічыць верагодным разгортваньне пратэстаў супраць дэкрэту №3 ва ўстойліваю і доўгатэрміновую кампанію: цягам бліжэйшага месяцу гэтая тэма альбо будзе вычарпаная, альбо пяройдзе ў сферу палітычна аформленых пазыцыяў нацыянальна-дэмакратычных арганізацыяў.

У абмеркаваньні дакладу старшыні партыі ўзялі ўдзел намесьнікі старшыні Аляксандр Стральцоў і Рыгор Кастусёў, сябры Сойму Кастусь Смолікаў (Віцебск), Станіслаў Суднік (Ліда), Вадзім Болбас (Сьветлагорск), Вітольд Ашурак (Бярозаўка), Барыс Вырвіч (Бялынічы), Аляксей Кавалец (Менск).

На прапанову кіраўніка партыі Сойм Партыі БНФ прыняў заяву “Патрабуем спыніць рэпрэсіі і вызваліць зняволеных пратэстоўцаў!“, у якой адзначанае абурэньне  затрыманьнем і арыштамі сотняў мірных пратэстоўцаў, у тым ліку сябраў БНФ. У заяву адзначана, што пад перасьлед патрапілі сябра Сойму Партыі БНФ, кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, сябра Сойму Партыі БНФ, кіраўнік Руху за Свабоду Юры Губарэвіч, сябра Рады Моладзі БНФ Мікіта Краснакуцкі. У рэзалюцыі Сойму партыя патрабуе спыніць рэпрэсіі супраць беларускага народу, скасаваць угрунтаваныя на ілжэсьведчаньнях пастановы судоў і неадкладна вызваліць усіх адміністрацыйна арыштаваных, расследаваць усе выпадкі незаконныхдзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным падчас затрыманьняў ды прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. Сойм Партыі БНФ запатрабаваў адстаўкі міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча ды прапанаваў укараніць заканадаўчыя і практычныя гарантыі рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзянаў Беларусі на мірныя сходы і негвалтоўны пратэст.

На пясяджэньні Сойму былі дакладзныя вынікі абмеркаваньня ў рэгіянальных арганізацыйных структурах партыі магчымай даты правядзеньня чарговага справаздачна-выбарчага З’езду. Па выніках абмеркаваньня Сойм Партыі БНФ прыняў рашэньне склікаць чарговыя справаздачна-выбарчыя XVIII З’езд Партыі БНФ і XV З’езд  Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” 30 верасьня 2017 году. Управе Партыі БНФ разам з праўна-аналітычнай камісіяй  даручана распрацаваць і вынесьці на разгляд наступнага пасяджэньня Сойму праект рашэньня пра парадак арганізацыі і падрыхтоўкі З’езду з графікам правядзеньня сходаў па вылучэньні дэлагатаў.

На Сойме прагучала прапанова ўлічыць у будучым палажэньні пра правядзеньне З’езду патрэбу забясьпечыць роўныя ўмовы для агітацыі розным прэтэндэнтам на пасаду старшыні партыі. З’езд будзе справаздачна-выбарчы, і ў Партыі і ГА БНФ “Адраджэнне” абавязкова з’явіцца новы старшыня. Цяперашні старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч не мае права вылучацца на гэту пасаду, бо ён ужо адбыў два тэрміны на пасадзе старшыні арганізацыі. На Сойме кіраўніцтвам партыі былі агучаны прозвішчы рэкамендаваных палітычнай камісіяй кандыдатаў на пасаду старшыні Партыі БНФ. У прыватнасці, сярод кандыдатаў ёсць дзве  жанчыны – наменіца старшыні Партыі БНФ Вольга Лагвіновіч і сябра Сойма Вольга Дамаскіна. Таксама прэтэндаваць на старшынства ў Партыі БНФ будуць намеснікі старшыні Рыгор Кастусёў, Ігар Лялькоў і Аляксандр Стральцоў. У якасці верагодных кандыдатаў да таго ж названыя і шэраг лідэраў абласных арганізацый БНФ: Брэсцкай – Дзмітрый Шыманскі, Гродзенскай – Вадзім Саранчукоў, прагучала таксама і прозвішча лідэра БНФ на Магілёўшчыне, хоць Віталь Макаранка пакуль не пацьвердзіў намеру аб вылучэньні на пасаду кіраўніка партыі і руху. Рада раённай арганізаці аднаго з раёнаў г. Мінска і арганізацыі Партыі БНФ Мінскага раёна вылучылі ў якасці кандыдата на пасаду старшыні БНФ журналіста Іллю Дабратвора. Як мяркуюць многія сябры Партыі БНФ, спіс верагодных прэтэндэнтаў на старшынства будзе пашырацца.

Сойм разгледзеў стан падрыхтоўкі да адзначэньня 99-х угодкаў абвяшчэньня трэцяй устаўной граматы Беларускай народнай рэспублікі. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч паведаміў, што з ініцыятывы Беларускага народнага фронту быў створаны шырокі грамадзкі камітэт дзеля падрыхтоўкі сьвяточнай дэманстрацыі ў Менску 25 сакавіка. Адпаведная заяўка была пададзеная у Менгарвыканкам за подпісам старшыні Мінскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Зьміцера Касьпяровіча і прадстаўнікоў аргкамітэту БХД, АГП, рухаў “За Свабоду” і “Разам”. Заяўнікі просяць дазволіць правесці акцыю ў наступным фармаце: збор удзельнікаў акцыі на пляцоўцы каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук у 14.00-14.30 і дэманстрацыя па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы. Адказ на заяўку павінны быць дадзены ўладамі ў панядзелак 20 сакавіка – заяўнікі запрошаныя ў гэты дзень на 17.00 у Менгарвыканкам.

Аляксей Янукевіч распавёў пра перамовы аргкамітэта акцыі 25 сакавіка з Міколам Статкевічам, які ад імя гэтак званага “Беларускага нацыянальнага кангрэсу” рыхтуе на гэты дзень акцыю ў працяг кампаніі пратэстаў супраць дэкрэту №3 і таксама заклікае людзей да Акадэміі навук на 25 сакавіка. Па шэрагу пытаньняў паміж суб’ектамі дасягнутая дамоўленасьць, хоць канчатковай згоды адносна фармату акцыі пакуль няма: бакі разыходзяцца ў пытаньні агучваньня поўнага пляну масавага мерапрыемства. Аргкамітэт настойвае на тым, каб поўны плян быў зараньнё агучаны, каб удзельнікі дэманстрацыі былі праінфармаваныя пра яе зьмест, графік і маршрут, што дазволіць адрозніваць заплянаваныя аргкамізатарамі акцыі дзеяньні ад правакацыяў. Аргкамітэт плянуе працягнуць перамовы паміж бакамі пасьля таго, як будзе вядомы фармат дазволу ўладаў на правядзеньне акцыі.

Фарумецца дружына для захоўваньня парадку падчас акцыі – у тым ліку запіс ў яе ладзіць “Малады фронт”: праз спартова-патрыятычны клюб “Ваяр” запрашаюць ахвочых далучацца да дружыны аховы сьвяточнага шэсьця 25 сакавіка.

На прапанову сябры Сойму Сяргея Трафімчыка вырашана рэкамендаваць аргкамітэтту 25 сакавікапапярэдне агучыць заявы і праекты рэзалюцыі акцыі дзеля наданьня ёй выразнага нацыянальна-патрыятычнага, незалежніцкага характару.

Заяўкі на правядзеньне акцыі пададзеныя актывістамі Партыі БНФ у Берасьці і Віцебску, таксама пададзеная заяўка ў Гародні.

 

Красавік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.