Партыя БНФ » Віцебскіх заяўнікаў забароненых акцыяў да Дня Волі афіцыйна папярэдзілі пра судовую адказнасьць
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Віцебскіх заяўнікаў забароненых акцыяў да Дня Волі афіцыйна папярэдзілі пра судовую адказнасьць

Дададзена 23.03.2017 12:19:44 | 737 праглядаў

Кіраўнік гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Канстанцін Смолікаў і актывіст КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў былі выкліканыя ў гарвыканкам да намесьніка старшыні Пятра Падгурскага.

Кастусь СмолікаўСустрэчы былі прызначаны на розны час, аднак актывісты пайшлі разам, каб пазьбегнуць верагодных правакацыяў. Падчас размовы з намесьнікам старшыні гарвыканкаму ў кабінэце прысутнічалі таксама прадстаўнікі міліцыі і пракуратуры, расказаў спадар Смолікаў:

«Апроч нас, былі запрошаны намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Віцебскага аблвыканкаму палкоўнік Ігар Скарыновіч і прадстаўніца гарадзкой пракуратуры Тацяна Опалева. Спадар Падгурскі запытаўся, ці атрымалі мы лісты пра тое, што акцыі, на якія мы прасілі дазволы, забароненыя. Каб, маўляў, потым на судзе не казалі, што пра гэта ня ведалі. Мы пацьвердзілі, што лісты атрымалі. Тады нам нагадалі аб адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкулу 23.34 і аб прадугледжаных пакараньнях за арганізацыю несанкцыянаваных акцыяў».

Паводле спадароў Смолікава і Дзяржаўцава, аніякіх папер яны не падпісвалі, размова была вуснай.

Актывіст КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў падаваў заяўку на мітынг, які плянаваўся 25 сакавіка ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў і быў забаронены адміністрацыяй Чыгуначнага раёну. Прадстаўнік Партыі БНФ Кастусь Смолікаў разам з актывістам руху «За Свабоду» Леанідам Гаравым меркавалі правесьці мітынг і шэсьце па цэнтральнай вуліцы Віцебску. Але спадар Гаравы праз колькі дзён пасьля падачы заяўкі адклікаў свой подпіс і адмовіўся быць арганізатарам акцыяў. Забарону ад Віцебскага гарвыканкаму атрымаў толькі Канстанцін Смолікаў.

Практыка выклікаць заяўнікаў напярэдадні забароненых акцыяў у міліцыю ці пракуратуру існавала ў Віцебску і даўней. Аднак у гарвыканкам з мэтаю папярэдзіць пра адміністрацыйную адказнасьць дагэтуль не выклікалі. Хоць менавіта рашэньне гарвыканкаму № 881, прынятае ў 2009 годзе, стала галоўнай перашкодай для актывістаў у арганізацыі масавых акцыяў. У гэтым дакумэнце сфармуляваны невыканальныя для заяўнікаў умовы: каб да заяўкі на акцыю прыкладался папярэдне заключаныя дамовы на абслугоўваньне імпрэзы з гарадзкой паліклінікай, прадпрыемствам ЖКГ і абласным міліцэйскім упраўленьнем. Аднак гэтыя службы ад заключэньня папярэдніх дамоваў ухіляюцца, і на гэтай падставе з 2009-га году ў Віцебску не было дазволена ніводнай акцыі з ініцыятывы дэмакратычных актывістаў.

Паводле Радыё Свабода

Кастрычнік 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.