Партыя БНФ » Зварот старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча з нагоды Дня Волі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Зварот старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча з нагоды Дня Волі

Дададзена 24.03.2017 3:26:28 | 1,189 праглядаў

Шаноўныя беларусы!

Заўтра мы будзем сьвяткаваць Дзень Волі — дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка 1918 году нашая нацыя абвясьціла ўсяму сьвету сваю волю жыць годна і свабодна ва ўласнай краіне, быць гаспадарамі на сваёй зямлі.

Важнасьць гэтай падзеі немагчыма перабольшыць, без БНР не было б незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Нажаль, сёньня Беларусь далёкая ад ідэалаў БНР. У мінулыя два тыдні, які і неаднаразова раней, мы бачым нематываваны гвалт, арышты, цкаваньне з боку ўладных мэдыяў у дачыненьні да беларускіх патрыётаў, да шырокага кола дэмакратычных актывістаў.

Такія дзеяньні ўладаў выклікаюць толькі пратэст ды абурэньне. Але кожны павінны разумець — акцыя 25 сакавіка — не рэвалюцыя і не помста за бязьвінна арыштаваных. 25 сакавіка павінна стаць нашай годнай і мірнай дэманстрацыяй беларускім уладам, нашым суайчыннікам і вольнаму сьвету нашай адданасьці ідэалам свабоды ды нацыянальнага адраджэньня, нашага непрыманьня гвалту ды арыштаў. Дэманстрацыяй таго, што нацыянальна-дэмакратычны рух арганізаваны ды імкнецца да міру і парадку

Уладзе надзвычай выгодна атрымаць апраўданьне ўсім сваім рэпрэсіям ды ціску, таму яна правакуе грамадзтва. Правакуе, калі зьбівае ды кідае людзей за краты. Правакуе, калі Менскі гарвыканкам груба парушыў закон і ня даў адказу на заяўку аб правядзеньні акцыі 25 сакавіка.

Сёняшнія навіны — напад на будынак у Гомелі з ужываньнем запальваючай сумясі, раскладзеная побач з будынкамі МУС і КДБ у Менску плітка — пацьвярджаюць, што правакацыі працягваюцца і рыхтуюцца на 25 сакавіка.

Таму нам надзвычай важна не дапусьціць гвалту, не дапусьціць рэалізацыі правакацыйнага сцэнару.

Я заклікаю вас заўтра быць спакойнымі, стрыманымі ды пільнымі. Не чыніць ніякага гвалту і не дапускаць гвалт. Ня ўдзельнічаць у паходах да Дому Ураду і КДБ, не набліжацца да любых урадавых ды адміністрацыйных будынкаў, а таксама да міліцэйскіх кардонаў ды ланцугоў, бо такія дзеяньні могуць быць выкарыстаныя для правакацыяў, вынікам якіх станецца пагром дэмакратычнай супольнасьці, ды пагроза страты нашай дзяржаўнай незалежнасьці.

Трэба памятаць, што кожны, хто заклікае да гвалту або будзе чыніць гвалт — злачынца ды правакатар, які працуе, па заданьні або па ўласнай дурасьці, на зьнішчэньне нацыянальнага дэмакратычнага руху.

Заклікаю не хаваць твары, мы не злачынцы і не мусім хавацца.

Таксама заклікаю прыносіць толькі бел-чырвона-белыя сьцягі, як мага болей бел-чырвона-белых сьцягоў, бо 25 сакавіка — гэта Дзень Волі, а ніякая не “баста”, не яшчэ якая трасца, і не месца прапаганды розных груповак.

Зычу нам годна адсьвяткаваць нашае нацыянальнае сьвята.

З Днём Волі!

Жыве Беларусь!

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Чэрвень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.