Партыя БНФ » Дзень Волі ў Менску: гвалт і масавыя арышты мірных дэманстрантаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Дзень Волі ў Менску: гвалт і масавыя арышты мірных дэманстрантаў

Дададзена 25.03.2017 10:45:15 | 766 праглядаў

У цэнтры Менску адбыліся затрыманьні людзей, якія выйшлі на акцыю ў Дзень Волі — 99-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.

Дэмакратычныя сілы заклікалі адзначыць Дзень Волі мітынгам і шэсьцем. Збор быў прызначаны на 14:00 каля Акадэміі навук.

Плянавалася, што там адбудзецца мітынг, і далей удзельнікі шэсьця рушаць па праспэкце Незалежнасьці ў цэнтар гораду. Ад імя Партыі БНФ заяўку падпісаў старшыня мінскай гарадзкой арганізацыі Зьміцер Касьпяровіч, таксама заяўнікамі выступілі прадстаўнікі БХД, АГП, Руху “За Свабоду” і руху салідарнасьці “Разам”. Заяўнікі акцыі зьбіраліся завяршыць шэсьце на Кастрычніцкай плошчы, а былы кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч прапаноўваў працягваць шэсьце да плошчы Незалежнасьці.

Менгарвыканкам дазволіў заяўнікам акцыі на 25 сакавіка толькі мітынг на плошчы Бангалор, даўшы адказ на заяўку толькі за некалькі гадзін да пачатку акцыі, прытым што па законе “Аб масавых мерапремытвах” адказ на заяўку павінны быць дадзены не пазьней чым за пяць дзён да прызначанай акцыі. Улічваючы гэтае парушэньне заканадаўства, арганізатары акцыі адклікалі сваю заяўку.

Таксама сёньня Дзень Волі адзначалі у іншых вялікіх гарадах Беларусі: у Берасьці, Віцебску, Горадні і Гомлі. Там акцыі пачыналіся а 12-й гадзіне.

Відэатрансляцыя з акцыі ў Менску ад беларускай службы Радыё Свабода:

Беларуская служба Радыё Свабода вяла тэкставую трансляцыю з акцыі ў Менску, Берасьця, Гародні і Гомеля

Лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч, які выступаў з заклікамі выходзіць на шэсьце ў Менску і ісьці па праспэкце ў бок плошчы Незалежнасьці, на акцыі не зьявіўся. Дзе ён, невядома. Раніцай жонка палітыка Марына Адамовіч казала Свабодзе, што ня ведае, дзе яе муж, але што ад удзелу ў акцыі ён не адмаўляўся. Саму Марыну Адамовіч затрымалі па дарозе да Акадэміі Навук і пратрымалі ў пастарунку да вечара. Яна дагэтуль нічога ня ведае пра месцазнаходжаньня мужа і мае намер падаць заяву пра яго зьнікненьне.

 

Затрыманьні і суды над «недармаедамі» ў Беларусі ішлі ад пачатку сакавіка, не спыніліся і ўначы і зранку 25 сакавіка. У тым ліку па дарозе на акцыю былі затрыманыя лідэры Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і руху «За свабоду» Дзяніс Садоўскі і Юрась Меляшкевіч. Перад акцыяй за кратамі апынуліся ня менш як 150 чалавек.

Яшчэ ў 13.00 у офіс праваабарончай арганізацыі «Вясна» ўварваўся АМАП, затрымалі каля 60 праваабаронцаў, журналістаў і назіральнікаў. Частку зь іх празь дзьве гадзіны адпусьцілі.

 

Некалькі соцень чалавек спрабавалі прайсьці да Акадэміі навук у 13.40–14.00, але пляцоўку перад прэзыдыюмам Акадэміі перакрыла міліцыя — прапусьцілі некалькі дзясяткаў, і тых па адным затрымлівалі. Таксама затрыманьні ішлі ў іншых раёнах гораду. У тым ліку быў затрыманы па дарозе ў цэнтар гораду прадстаўнік БХД у аргкамітэце сьвяткаваньня Дня Волі Дзяніс Садоўскі.

 

Каля 14.15 калёна зь некалькіх соцень чалавек рушыла з раёну Акадэміі навук у бок цэнтру гораду. У 14.20 АМАП перакрыў калёне дарогу па ходніку. Калёна перабегла на іншы бок вуліцы, а АМАП тады перакрыў увесь праспэкт. Байцы былі ўзброеныя ня толькі дубінкамі і шчытамі, але і стрэльбамі. Каля 14.30 выставілі два кардоны — перад ЦУМам і каля вуліцы Дарашэвіча. Пайшлі масавыя затрыманьні, пачала перарывацца сувязь, пад’ехалі вадамёты.

 

Прыблізна ў 14.50 тыя, каго не затрымалі, сабраліся ў калёну і рушылі ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Перамогі. Каля 15.10 АМАП перакрыў дарогу каля плошчы Перамогі. Затрыманьні працягнуліся, некаторыя праходзілі даволі жорстка. Дэманстрантаў засталося 100–200 чалавек.

 

Акцыя фактычна завяршылася ў 15.30, але затрыманьні працягваліся. Каля 15.40 спыніліся перабоі з сувязьзю ў цэнтры гораду. Прыблізна да 16.00 людзей з плошчы Перамогі не пускалі ў бок Кастрычніцкай.

 

Прэс-сакратар менскай міліцыі ня змог назваць Свабодзе поўную колькасьць затрыманых. Паводле праваабаронцаў, у Менску было затрымана больш як 300 чалавек, аднак большую частку пазьней адпусьцілі.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, адных толькі карэспандэнтаў было затрымана каля 20. Паводле БАЖ, па стане на 20:30 былі вызваленыя ўсе журналісты, акрамя двух у Менску, аднаго ў Віцебску і адной карэспандэнткі ў Гомелі.

Паводле праваабаронцы «Вясны» Насты Лойкі, раніцай і ўдзень 25 сакавіка ў Менску было затрымана больш за 500 чалавек.

«Цяпер складаем сьпіс прозьвішчаў затрыманых, іх ужо за сто чалавек. Але гэта ня ўсе. Частка зь іх — журналісты і праваабаронцы, якіх адпусьцілі. Шмат затрыманых адвозілі па розных райаддзелах міліцыі. Ведаю, прыкладам, што ў Ленінскім чалавек 100, у Савецкім чалавек 170, у Маскоўскім — каля 200, у Фрунзенскім — 50. Гэта досыць вялікія лічбы. Мяркую, усяго затрымалі больш за 500 чалавек», — сказала Наста Лойка.

Паводле зьвестак журналістаў «Нашай Нівы», у Заводзкім РУУС аказалася 200 чалавек, у Першамайскім — каля 120, у Фрунзенскім — да 100. Паводле зьвестак «Нашай Нівы», усяго затрымана каля 900 чалавек.

Як паведамілі сьведкі, зь некаторых РУУС пасьля праверкі частку затрыманых адпусьцілі без складаньня пратаколаў.

На сайце «Вясны» можна знайсьці зьвесткі пра затрыманых 25 сакавіка ў рэгіёнах Беларусі. Гаворка пакуль пра 15 чалавек, якіх у асноўным затрымалі па дарозе на мітынг у Менск.

Паводле сьпісу «Вясны», з 3 сакавіка ў Беларусі было затрымана 352 чалавекі без уліку затрыманых на недазволеным мітынгу ў Менску.

Прэсавая служба менскай міліцыі зьвестак пра колькасьць затрыманых на Дзень Волі ў Менску не дала.

Відэа з прашпэкту Незалежнасьці ў Менску ад Паўла Белавуса:

… і працяг трансляцыі з той самай кропкі ад Мікіты Броўкі:

 Запіс жывой трансляцыі з акцыі ад тэлееканала Белсат

 Беларускі партал TUT.BY здымаў відэа разгону акцыі з квадракоптэра:

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.