Партыя БНФ » Заява старшыні БНФ: “Неадкладна вызваліць усіх затрыманых!”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Заява старшыні БНФ: “Неадкладна вызваліць усіх затрыманых!”

Дададзена 27.03.2017 1:09:54 | 850 праглядаў

Заява

старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіча

 

Неадкладна вызваліць усіх затрыманых! Спыніць рэпрэсіі супраць мірных грамадзянаў!

Ад імя Партыі БНФ выказваю абурэньне ды рашучы пратэст з нагоды беспрэцэдэнтна масавых затрыманьняў ды зьбіцьця ўдзельнікаў выключна мірнай дэманстрацыі 25 сакавіка 2017 году. Грубае парушэньне нават цяперашняга несправядлівага ды недэмакратычнага закону “Аб масавых акцыях” Менгарвыканкамам, якое выявілася ў ігнараваньні пададзенай заяўкі ды забароне мірнай дэманстрацыі, а таксама абсалютна нематываваныя арышты ды гвалт у дачыненьні да мірных грамадзянаў  Беларусі, як удзельнікаў акцыяў 25 і 26 сакавіка, так і журналістаў, назіральнікаў ды выпадковых мінакоў, зьяўляюцца непрымальным ды неадэкватным і дэманструюць аднаўленьне дзеяньня ўсіх ранейшых рэпрэсыўных мэханізмаў у Беларусі.

Мы бачым, што ўлада ў чарговы раз імкнецца падмануць ня толькі беларускі народ, але й міжнародную супольнасьць, фабрыкуючы крымінальную справу супраць беларускіх патрыётаў з колішняга “Белага легіёну” ды “Маладога Фронту”, каб апраўдаць новую хвалю рэпрэсіяў супраць нязгодных з палітычным ды сацыяльна-эканамічным курсам кіраўніцтва краіны.

Мы перакананыя, што тыя, хто прымаў палітычныя рашэньні, рыхтаваў ды выконваў загады аб раскрутцы палітычна матываванай крымінальнай справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”, аб забароне мірнай дэманстрацыі 25 сакавіка ды масавых арыштах удзельнікаў акцыяў 25 і 26 сакавіка, а таксама тыя, хто ажыцьцяўляе прапагандыскую падтрымку гэтых дзеяньняў, працуюць дзеля аслабленьня нашай краіны ды міжнароднай ізаляцыі беларускай дзяржавы, наносячы наўпроставую шкоду інтарэсам беларускага народу ды нацыянальным інтарэсам Беларусі.

Партыя БНФ патрабуе:

Спыніць дзяржаўныя рэпрэсіі супраць уласнага народу ў сувязі з рэалізацыяй грамадзянамі свайго права на мірны пратэст, неадкладна вызваліць усіх адміністрацыйна арыштаваных за ўдзел у вулічных акцыях у Менску ды іншых гарадах Беларусі;

Спыніць крымінальную справу аб “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” ды неадкладна вызваліць усіх затрыманых у зьвязку з гэтай справай;

Адправіць у адстаўку міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча;

Забясьпечыць заканадаўчыя і практычныя гарантыі рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзянаў Беларусі на мірныя сходы і негвалтоўны пратэст.

Партыя БНФ заклікае:

-     Савет ААН па правах чалавека — працягнуць мандат спецыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі як галоўнага інструмента кантролю і міжнароднага маніторынгу сытуацыі ў краіне ва ўмовах драматычнага пагаршэньня становішча са свабодай сходаў і ўзмацненьня рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці, журналістаў, правабаронцаў;

-     Парламенцкую асамблею АБСЭ – паставіць пытаньне аб немагчымасьці правядзеньня чэрвеньскай сэсіі парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску, калі не будуць вызваленыя ўсе палітвязьні і не будуць спыненыя рэпрэсіі, а грамадзянам не будзе забясьпечаная рэальная магчымасьць праводзіць мірныя акцыі пратэсту;

-     Раду Эўропы – разгледзіць пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з улікам перадусім меркаваньня беларускіх і міжнародных правабарончых арганізацыяў,

-     ЗША ды Эўразьвяз – ужыць усе захады палітычнага ўплыву на афіцыйны Менск з мэтай спыненьня рэпрэсіяў

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Чэрвень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.