Партыя БНФ » У выканкаме Берасьця абмеркавалі рэзалюцыю мітынгу на Дзень Волі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У выканкаме Берасьця абмеркавалі рэзалюцыю мітынгу на Дзень Волі

Дададзена 31.03.2017 12:42:21 | 372 праглядаў

У горадзе па-над Бугам актывісты дэмакратычных сіл абмеркавалі з мясцовай уладай перспектывы стварэння грамадскага савета пры гарвыканкаме.

Як паведаміў БелаПАН старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Шыманскі, прапанова аб стварэнні такога савета змяшчаецца ў адной з рэзалюцый, прынятых 25 сакавіка ў Брэсце ўдзельнікамі акцыі з нагоды Дня Волі.

Паводле яго словаў, рэзалюцыі мітынгу, які адбыўся у межах гэтай акцыі, сталі тэмай сустрэчы 30 сакавіка ў Брэсцкім гарвыканкаме, у якой прынялі ўдзел кіраўніцтва горада і прадстаўнікі аргкамітэта мерапрыемстваў у Дзень Волі:

Шыманскі«У Брэсце адсутнічае механізм абароны правоў і адстойвання інтарэсаў жыхароў рэгіёну. Гэта датычыцца шырокага спектру пытанняў, у тым ліку размеркавання гарадскога бюджэту, распрацоўкі генеральнага плана, гарадской забудовы, развіцця транспартнай інфраструктуры, – дадаў Шыманскі. – На нашую думку, гэта можна зрабіць з дапамогай грамадскага савета пры гарвыканкаме. На сённяшняй сустрэчы з мясцовай уладай дасягнута дамоўленасць аб сумеснай распрацоўцы палажэння  аб такім савеце».

Па словах старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Маслоўскага, на сустрэчы яны аргументавалі рэзалюцыю мітынгу, якая тычыцца правоў берасцейцаў на правядзенне мірных сходаў, мітынгаў, пікетаў, дэманстрацый і шэсцяў:

«Мы прапанавалі ўладзе прыняць рашэнне аб вызначэнні пастаяннага месца для правядзення мітынгаў – плошча Свабоды, для пікетавання – вуліцу Савецкую, дэманстрацый і шэсцяў – частка праспекта Машэрава, – сказаў Маслоўскі. – Гэта цэнтр горада. А не стадыён «Лакаматыў» і пляцоўка ў парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, выдзеленыя для масавых мерапрыемстваў. Там мала людзей, і праводзіць акцыі на гэтых пляцоўках бессэнсоўна».

Нагадаем, 25 сакавіка ў Брэсце адбыліся санкцыянаваныя ўладамі шэсце і мітынг, прысвечаныя гадавіне абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. На мітынгу было прынята пяць рэзалюцыяў. У іх удзельнікі акцыі запатрабавалі, у прыватнасці, адмены дэкрэта № 3 «аб дармаедах» і вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці ўсіх удзельнікаў папярэдніх акцый і журналістаў. Таксама яны запатрабавалі вяртання ў сацыяльны працоўны стаж перыядаў водпуску па даглядзе за дзіцем, навучання ў ВНУ, службы ва ўзброеных сілах. Яшчэ адно патрабаванне – прызначыць і правесці свабодныя і справядлівыя выбары ў парламент. У гэтай  акцыі, якая прайшла ў цэнтры горада, прыняло ўдзел больш за 500 чалавек.

Тэкст рэзалюцыі, што стала прадметам абмеркаваньня ў выканкаме, падаецца ніжэй:

 

У Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт

Рэзалюцыя мітынгу

Мы, удзельнікі мітынгу 25 сакавіка 2017г. у г. Брэсце лічым, што рашэнні і дзеянні гарадскіх улад не заўсёды ўлічваюць інтарэсы жыхароў Брэста. У горадзе адсутнічае механізм абароны правоў і адстойвання інтарэсаў грамадства падчас абмеркавання і прыняцця рашэнняў на ўзроўні гарвыканкама. Гэта тычыцца шырокага спектра пытанняў, у тым ліку: размеркавання гарадскога бюджэту, распрацоўкі генеральнага плана, гарадской забудовы, развіцця транспартнай інфраструктуры.

Прапануем Брэсцкаму гарвыканкаму стварыць эфектыўны механізм для абароны правоў і адстойвання інтарэсаў жыхароў горада праз фармаванне Грамадскай кансультатыўнай рады пры старшыні гарвыканкама з удзелам аўтарытэтных асоб, экспертаў, прадстаўнікоў грамадскасці, палітычных партый і СМІ.

Даручаем арганізацыйнаму камітэту мітынгу правесці кансультацыі са старшынём Брэсцкага гарвыканкаму і супольна распрацаваць палажэнне пра фармат, паўнамоцтвы, рэгламент працы Грамадскай кансультатыўнай рады і яе персанальны склад.

Рашэнне гарвыканкама па дадзенай рэзалюцыі просім да 25 красавіка 2017г. данесці да жыхароў Брэста праз сродкі масавай інфармацыі.

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.