Партыя БНФ » «У памяці застанецца, як мяне сустракалі сябры, а ня тое, як сядзеў» — Вітольд Ашурак пасьля 12 сутак арышту
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


«У памяці застанецца, як мяне сустракалі сябры, а ня тое, як сядзеў» — Вітольд Ашурак пасьля 12 сутак арышту

Дададзена 03.04.2017 11:38:21 | 399 праглядаў

Сябра Сойму Партыі БНФ зь Бярозаўкі Лідзкага раёну Вітольд Ашурак быў асуджаны на 12 сутак арышту за ўдзел у «Маршы недармаедаў» 17 лютага ў Менску. Ён адбываў пакараньне ў Лідзе і сёньня, 3 красавіка, выйшаў на волю.

Паводле Вітольда Ашурка, нічога страшнага не адбылося, што ён адбыў гэтыя 12 сутак. Ашурак пашкадаваў толькі аб адным: што не ўдалося 25 Сакавіка адзначыць на волі разам з усімі ў Менску, куды ён зьбіраўся паехаць.

17760241_1405916932808419_3656419125565003850_n— Калі атрымаў позву ў суд, то перайшоў, так бы мовіць, на нелегальнае становішча, бо хацелася, каб мяне забралі не раней 26-га. Але раніцай 22-га давялося ісьці на працу, і тут мяне па дарозе падабраў начальнік міліцыі Бярозаўкі, які ехаў на ўласным аўта.

Ашурак распавядае, што суд быў фіктыўны і так маглі забраць і асудзіць любога чалавека, бо, маўляў, быў такі загад.

— Безумоўна, справа гэта была шытая белымі ніткамі і я ня меў шанцаў. Гэта мне было добра зразумела; адзінае, хацелася адзначыць належна Дзень Волі, але так ужо выйшла. На ўмовы ўтрыманьня я ня скарджуся, ды і ахоўнікі абыходзіліся, як належыць нармальным людзям. Зразумела, у камэры ня меў ніякай інфармацыі, але затое яшчэ раз перачытаў свайго ўлюбёнага Караткевіча — «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», іншыя кнігі.

Ашурак прыгадвае, што ўвесь час адчуваў падтрымку звонку, бо сябры прыносілі перадачы, і кожная з гэтых перадачаў нагадвала, што ён не адзін. Паводле яго, быў час пра ўсё падумаць спакойна, нешта і некага ўспомніць:

— Па-першае, мне было прыемна, што я далучыўся да шэрагу такіх людзей, як Таўлай, Тарашкевіч, Аляхновіч… Я часта думаў пра іх, пра тое, як яны ахвяравалі сваім жыцьцём і здароўем дзеля будучыні Беларусі. І гэта моцна мяне падтрымлівала маральна. А па-другое, я заўсёды разумеў, што з намі Бог, а значыць, нічога са мною ня здарыцца…

Паводле Ашурка, яму найбольш запомніцца ня тое, як ён сядзеў у камэры, а тое, як яго спаткалі сябры, калі ён выйшаў зь вязьніцы.

17796339_1405916942808418_4389293225783895283_n— Я цяпер разумею, што ўсё тое цяжкае і дрэннае сатрэцца ў памяці, а вось гэтая сустрэча з маімі сябрамі, якія прыйшлі, якія радаваліся майму вызваленьню — гэта назаўсёды застанецца. Яшчэ павінен сказаць, што шмат чаго перадумаў пра нашу барацьбу за Беларусь. Усё ж мала толькі шаблямі махаць, трэба абдумваць нашы крокі на шмат гадоў наперад, бо зразумела, што нам, нашаму пакаленьню, давядзецца рабіць Беларусь эўрапейскай.

Паводле рэгіянальнага парталу Гарадзенская Вясна

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.