Партыя БНФ » Судовы канвеер у Пінску за «Маршы недармаедаў»: штрафам і арыштам пакараны сябра БНФ Алесь Рамановіч
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Судовы канвеер у Пінску за «Маршы недармаедаў»: штрафам і арыштам пакараны сябра БНФ Алесь Рамановіч

Дададзена 07.04.2017 12:06:26 | 384 праглядаў

У Пінску працягваюцца суды над удзельнікамі «Маршаў недармаедаў», што праходзілі ў горадзе ў сакавіку.

6 красавіка судзілі праваабаронцу і сябра Партыі БНФ Алеся Рамановіча. На актывіста было складзена адразу ж два пратаколы: за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, а таксама непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

Алесь Рамановіч з рэчамі, што могуць спатрэбіцца на сутках арыштуАлесь Рамановіч заявіў хадайніцтва аб адводзе судзьдзі, але гэты зварот судзьдзя адхіліў. На суд Алесь прыбыў адразу ж з рэчамі, паколькі чакае, што ў дачыненьні да яго будзе вынесена пакараньне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту.

Супраць сьведчылі два супрацоўнікі АМАПу, якія 26 сакавіка яго і затрымлівалі.

Міліцыянты казалі, што падчас затрыманьня Рамановіч аказваў супраціў, не падпарадкоўваўся, пры гэтым не зьвяртаўся да іх з патрабаваньнем паказаць службовыя пасьведчаньні.

Рамановіч жа заявіў, што, наадварот, патрабаваў ад людзей у цывільным, якія схапілі яго за рукі, каб тыя назваліся. Пры гэтым праваабаронца прадставіў відэазапіс, на якім ёсьць кадры яго затрыманьня. На відэа бачна, што Рамановіч не аказваў супраціву і на ўсім шляху да аўтазаку не выкрыкваў ніякіх абразаў. А таму ён зьвярнуўся да судзьдзі з просьбай спыніць разгляд справы за «непадпарадкаваньне», бо гэтае абвінавачваньне не адпавядае рэальнасьці.

Нягледзячы на прадстаўленыя доказы, суд пакараў Рамановіча штрафам у памеры 40 базавых велічынь за непадпарадкаваньне міліцыі, а за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі — 15 суткамі адміністрацыйнага арышту.

Сам Алесь Рамановіч кажа, што судовы працэс, які адбыўся ўжо над 4 фігурантамі справы “пінскай плошчы”, нагадвае нейкі фарс:

— Уражанне менавіта такое, што быццам у суддзяў ужо ёсць рашэнне па гэтых судах. Асабліва паказальным быў апошні суд, калі чалавек пачаў задаваць сведкам пытанні, а сведкі не маглі адказаць дзе менавіта знаходзіўся чалавек і ў які прамежак часу. Пачалі блытацца. А суддзя нават не звярнуў увагі на гэта і ўсё адно прысудзіў чалавеку 8 базавых.

Агалошанне рашэнне па справе грамадскага актывіста Ігара Салаўя перанесянае на раніцу пятніцы, 7-га красавіка, а палове на 10-ю гадзіну. Працяг разгляду справы ў дачыненні да яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі 26-га сакавіка, пінчука Андрэя Вабішчэвіча, перанесены на 11-га красавіка.

Вабішчэвіч увогуле не прысутнічаў на пінскай плошчы, што спрабуе давесці праз аналіз відэакамер вулічнага назірання. Ігар Салавей прадставіў суду відэа, дзе бачна, што ён не аказваў непарадкавання АМАПу, а таксама бачна, што праз некалькі хвілін яго вызваляюць з аўтазака. Актывіст прад’явіў даведку, што з’яўляецца адным з заснавальнікаў інфармацыйна-асветніцкай арганізацыі па статуце якой мае праве весці відэаздымкі масавых мерапрыемстваў ды рабіць маніторынг думак грамадства. Суд гэтыя факты прыняў да разгляду.

Нагадаем, што з 4 красавіка ў Пінску праходзяць судовыя працэсы над 12-цю грамадзянамі за акцыю 26-га сакавіка, якая адбылася на гарадской плошчы ў знак салідарнасці з затрыманымі ў Менску і супраць Дэкрэта №3. Ужо пакарана 7 чалавек штрафамі ад 8 да 40 базавых велічыняў.

Паводле Радыё Свабода

Кастрычнік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.