Партыя БНФ » Партыя БНФ уступіла ў Альянс кансэрватараў і рэфармістаў Эўропы
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Партыя БНФ уступіла ў Альянс кансэрватараў і рэфармістаў Эўропы

Дададзена 07.04.2017 10:22:17 | 380 праглядаў

7 красавіка Партыя БНФ была прынятая ў шэрагі Альянсу кансэрватараў і рэфармістаў Эўропы – агульнаэўрапэйскай партыі, якая аб’ядноўвае кансэрватыўныя і правацэнтрысцкія сілы.

acre1Рашэньне аб прыняцьці БНФ у шэрагі Альянсу было прынятае кіруючай радай агульнаэўрапэйскай партыі адзінагалосна падчас пасяджэньня ў Тыране, сталіцы Албаніі. Гэтымі днямі тут праходзіць арганізаваны кансэрватарамі “Саміт Свабоды“, прысьвечаны пераадоленьню негатыўнай спадчыны камуністычных рэжымаў – нагодай для абраньня гэткага тэмату сталася сотая гадавіна бальшавіцкага перавароту.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які знаходзіцца цяпер у Тыране, наступным чынам пракамэнтаваў уступленьне БНФ у шэрагі Альянсу кансэрватараў і рэфармістаў:

На фота зьлева направа: Richard Milsom выканаўчы дырэктар ACRE; Geoffrey Clifton-Brown віцэ-прэзыдэнт, брытанскія кансэрватары; Аляксей Янукевіч, БНФ; Jan Zahradil прэзыдэнт, чэская грамадзянская дэмакратычная партыя ; Daniel Hannan генеральны сакратар,  брытанскія кансэрватары.

На фота зьлева направа: Richard Milsom выканаўчы дырэктар ACRE; Geoffrey Clifton-Brown віцэ-прэзыдэнт, брытанскія кансэрватары; Аляксей Янукевіч, Партыя БНФ; Jan Zahradil прэзыдэнт, чэская грамадзянская дэмакратычная партыя ; Daniel Hannan генеральны сакратар, брытанскія кансэрватары.

-        Для Партыі БНФ далучэньне да сям’і эўрапэйскіх правацэнтрысцкіх сілаў – вельмі важны крок. Альянс валодае трэцяй па велічыні фракцыяй у Эўрапарлямэнце, прычым яна няўхільна павялічваецца як за кошт далучэньня новых партыяў і асобных палітыкаў, так і за кошт павелічэньня падтрымкі з боку выбаршчыкаў.

Хачу падкрэсліць, што БНФ прыняты ў склад Альянсу на правах паўнапраўнага чальца, з правам голаса – да гэтага нашая партыя цягам дзесяці год мела статус назіральніка ў эўрапэйскіх партыйных структурах, і вось цяпер мы ўзняліся да больш сур’ёзнага статусу.

Каштоўнасны падмурак Альянсу кансэрватараў і рэфармістаў у поўнай меры адпавядае праграмным палажэньням Беларускага народнага фронту. Сымбалічна, што рашэньне пра прыняцьцё БНФ у склад Альянсу было прынятае ў часе канфэрэнцыі, прысьвечанай пераадоленьню наступстваў камуністычнага панаваньня ва Ўсходняй Эўропе. Але нас яднае не толькі супольная ацэнка мінуўшчыны – Альянс падзяляе нашае бачаньне геапалітычнай будучыні кантыненту, вызнае будучыню Эўразьвязу як “Эўропы Айчынаў” і цьвёрда выступае за трансатлянтычнае супрацоўніцтва.

Аляксей Янукевіч дадаў, што Моладзь БНФ ужо шмат гадоў плённа працуе ў складзе маладзёвага крыла Альянсу – European Young Conservatives.

Зараз Альянс кансэрватараў і рэфармістаў з’яўляецца найбольш дынамічнай палітычнай сілай у Эўропе, якая павялічваецца вельмі хутка: заснаваны ў 2010 годзе, цяпер гэта трэці паводле велічыні эўрапейскі палітычны рух. Альянс заснаваны на грунце ідэяў свабоды асобы, нацыянальнага сувэрэнітэту, парлямэнцкай дэмакратыі, прыватнай уласнасьці, абмежаванага ўраду, свабоднага гандлю i цьвёрдай валюты, сямейных каштоўнасьцяў і дэцэнтралізацыі ўлады. Альянс стаіць на прынцыпах павагі да аўтаноміі народаў і асобных людзей.

У склад Альянсу уваходзяць, сярод іншых, Кансэрватыўная партыя Вялікабрытаніі, партыя “Права і справядлівасьць” з Польшчы, Рэспубліканская партыя ЗША, Грамадзянская дэмакратычная партыя з Чэхіі ды іншыя ўрадавыя партыі з Эўропы і суседніх краінаў.

У цяперашні час існуюць фракцыі і групы Альянсу ў Эўрапейскім парлямэнце, Камітэце рэгіёнаў, Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў ды ў Парлямэнцкай Асамблеі NATO.

Травень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кра    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.