Партыя БНФ » Старшыня БНФ камэнтуе далучэньне партыі да альянсу кансэрватараў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Старшыня БНФ камэнтуе далучэньне партыі да альянсу кансэрватараў

Дададзена 10.04.2017 12:54:19 | 275 праглядаў

/

На арганізаваным эўрапейскімі кансэрватарамі ў Тыране (Альбанія) «Саміце Свабоды», прысьвечаным пераадоленьню нэгатыўнай спадчыны камуністычных рэжымаў, Партыя БНФ была прынятая ў Альянс эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў.
 

Старшыня БНФ Аляксей Янукевіч на "Саміце Свабоды"

Старшыня БНФ Аляксей Янукевіч на “Саміце Свабоды”

Рашэньне было прынята кіраўнічай радай альянсу. Партыя БНФ прынятая ў склад альянсу на правах паўнапраўнага члена, з правам голасу. Да гэтага яна на працягу дзесяці гадоў мела статус назіральніка ў іншай усеэўрапейскай партыі — Эўрапейскай народнай партыі (European People’s Party, EPP).

Гэтую перамену карэспандэнты беларускай службы Радыё Свабода папрасілі патлумачыць кіраўніка Партыі БНФ Аляксея Янукевіча.

РС: Аляксей, які лёс удзелу Партыі БНФ у Эўрапейскай народнай партыі, дзе ваша партыя доўгія гады мела статус назіральніка?

АЯ: Мы не зацікаўленыя шукаць ворагаў і пачынаць нейкія разборкі з Эўрапейскай народнай партыяй (EPP). У складзе яе цяпер ёсьць некаторыя партыі, зь якімі мы застаемся ў вельмі блізкіх ідэйных і чалавечых стасунках. Гэта нашыя партнэры, і я думаю, што адносіны з гэтымі партыямі ў нас захаваюцца. Мы пачнем перамовы з Эўрапейскай народнай партыяй адносна таго, як у гэтай сытуацыі нармальна, годна мы можам вырашыць гэтае пытаньне.

РС: А ў чым само пытаньне? Ваш статус назіральніка пры EPP спыняецца?

АЯ: Насамрэч, ці наша супрацоўніцтва з EPP спыніцца цалкам або не — гэта будзе прадметам нашых бліжэйшых размоваў. Але, безумоўна, для нас асноўны прыярытэт на сёньняшні момант — максымальнае супрацоўніцтва і супольная праца ў складзе Альянсу кансэрватараў і рэфармістаў, у які мы былі прынятыя. Менавіта на гэта будуць скіраваныя нашыя асноўныя высілкі на эўрапейскім і трансатлянтычным кірунку.

РС: Альянс кансэрватараў і рэфармістаў, у адрозьненьне ад EPP, характарызуецца як эўраскептычны. Ці гэта азначае, што ваш пераход пад яго «крыло» азначае нейкі паварот і ў вашых палітычных прыярытэтах?

АЯ: Насамрэч EPP — партыя занадта шырокая, каб можна было казаць пра яе нейкую «аднароднасьць». Там ёсьць і вельмі эўраскептычная вугорская партыя FIDESZ, і шэраг партыяў, якія прапагандуюць ледзьве не эўрапейскі фэдэралізм. Для нас ключавы ідэйны пасыл, які нас найбольш прыцягвае ў Альянсе кансэрватараў і рэфармістаў — тое, што на першым каштоўнасным месцы тут стаяць індывідуальная свабода, нацыянальная свабода, свабода прадпрымальніцтва, ідэі вольнага рынку. Гэтыя ідэі ў першую чаргу ляжалі і ляжаць у аснове ідэалёгіі Партыі БНФ, таму менавіта на гэтым у нас асноўны акцэнт.

Што да геапалітычных раскладаў, то Альянс значна менш замкнуты на Эўропе, ён прапагандуе ідэі значна больш шырокага супрацоўніцтва, у першую чаргу — эўраатлянтычнага.

РС: А як вы будзеце працягваць кантакты з партыямі суседніх краінаў? З вашым пераходам з EPP у Альянс вашым партнэрам у Літве цяпер будзе ня Зьвяз Айчыны — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты, а Польская акцыя выборча?

АЯ: Насамрэч няма такога абавязку — аўтаматычна вельмі добра кантактаваць з усімі партыямі, якія ўваходзяць у Альянс. Гэта ня тычыцца толькі Альянсу — у Эўрапейскай народнай партыі тое самае. Нават партыі, якія належаць да самой EPP, часам маюць паміж сабой вельмі кепскія стасункі, а партыі, якія належаць да розных «надпартыяў», маюць вельмі добрыя стасункі паміж сабой.

Калі казаць пра Літву, то натуральна нашым важным партнэрам мы бачым Зьвяз Айчыны — Літоўскіх хрысьціянскіх дэмакратаў. Толькі зь імі мы зацікаўленыя і будзем разьвіваць кантакты ў Літве.

РС: Тое самае пытаньне датычна Польшчы — у EPP вашым партнэрам была Грамадзянская плятформа, а цяпер у Альянсе — «Права і справядлівасьць»… Ці падзяляе Партыя БНФ пазыцыі «ПіСу» ў справах Падляшша, «Белсату»?

АЯ: Па Польшчы сытуацыя прасьцейшая, бо з «Правам і справядлівасьцю» у нас падпісаная дамова аб супрацоўніцтве — я падпісаў яе з спадаром Качыньскім яшчэ ў 2010 годзе. Яна застаецца актуальнай, усе гэтыя гады супрацоўніцтва зь «ПіСам» — і калі яны былі ў апазыцыі, і калі цяпер яны пры ўладзе — было, ёсьць і будзе дастаткова інтэнсіўным. Таму тут пытаньня з партнэрамі не стаіць.

Што да нібыта «нацыяналістычных» пазыцыяў «ПіСу», я лічу, што гэта дастаткова вялікае перабольшаньне і дадумкі палітычных апанэнтаў «ПіСу», як і палітычных апанэнтаў Партыі БНФ тут у Беларусі. Натуральна, тыя праблемныя моманты, зь якімі сутыкаецца або можа сутыкнуцца беларуская меншасьць у Польшчы, — яны важныя для нас, і яны абмяркоўваюцца ў нашых кантактах з прадстаўнікамі і кіраўніцтва «ПіСу», і польскага ўраду, і яны знаходзяць разуменьне ў нашых партнэраў. Хачу нагадаць, што «Права і справядлівасьць» у свой час заснавала «Белсат», «Права і справядлівасьць» у свой час заснавала «Праграму Каліноўскага», і я перакананы, што падтрымка для Беларусі, спрыяньне і дэмакратычным пераменам, і ўмацаваньню нацыянальнай ідэнтычнасьці ў Беларусі з боку «Права і справядлівасьці» была, ёсьць і будзе.

Ліпень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.